Крыўдлівая Сойка
На вялікай паляне ў хваёвым лесе рос магутны стары Дуб. Вакол яго, куды ні зірні, стаялі векавыя хвоі. Усе яны, бабулькі, рыпалі ды на хваробы скардзіліся, а ён адзін волатам прыкідваўся. Маўляў, я ж як-ніяк ваш камандзір, гаспадар хваёвага лесу, і хварэць мне нельга! Галіны мае дужыя, лісце бліскучае, кара цвёрдая, ствол таўшчэзны і высокі! А па восені з маіх галінак "шакаладныя" жалуды абсыпаюцца.
Пасябраваў з Дубам Дзяцел:– Смачныя твае жалуды! – кажа.
А Дуб смяецца:
– Як жа? Яны горкія!
– Ды, не, – Дзяцел паўтарае. – Такая маленькая гаркаватасць мне зусім не замінае, а нават падабаецца.
– І я люблю твае жалуды, Дуб! – прызналася Вавёрка. Яна тут, побач, па галінках дрэў скакала і чула ўсю гутарку. – Вось толькі дупло старой хвоі, у якім я жыву з ваверчанятамі, прадзімаецца з усіх бакоў. Узімку ў ім холадна. Калі б Дзяцел мне новае цёплае дупло змайстраваў, я б яму ўсё жыццё дзякавала!
– За чым жа справа стала? Хай майструе, я дазваляю, – зашастаў лісцем Дуб. – Выбірай, Вавёрачка, месца на маім ствале. Будзем побач адной сям'ёй жыць!
Неўзабаве добрае дупло з'явілася на тоўстым ствале Дуба-волата. І яно зусім не сапсавала дрэва. Наадварот, Дзяцел палячыў ствол і выкінуў з яго падгніўшую драўніну.
– Дзякуй табе, Дзяцел! Ты ўмелы будаўнік! – падзякавала яму Вавёрачка. – Пабягу я сваіх дзетак збіраць, каб у новае цёплае дупло перасяліцца.
І яна знікла. Прайшоў адзін дзень, затым – другі, а Вавёрка з ваверчанятамі так і не з'явіліся. Занепакоіўся Дуб. Ці не здарылася чаго з сям'ёй Вавёркі? Але ў наступную раніцу ён прымеціў, як з дупла вызірнуў рыжы кончык хваста. "Вось і перасялілася, нарэшце", – сцяміў Дуб і палегчана ўздыхнуў. Аднак, як толькі сонца асвятліла паляну, з дупла выпырхнула Сойка! Гэта яе рыжае апярэнне Дуб прыняў за вавёрчын хвост!
– І што ты, Сойка, у чужым дупле робіш? – незадаволена зашумеў уладар лесу. – Я не дазваляў табе ў мяне сяліцца!
– Дуб, ты мяне праганяеш? – усхліпнула Сойка.
Ад крыўды яна распушыла яркі чубок на галоўцы, шырока разявіла дзюбу і горка загаласіла:
– Прр-р-рэ, прр-р-рэ! Палячу ад цябе, такога негасціннага!
– Прр-р-рэ, прр-р-рэ! І жалуды твае горкія! Прр-р-рэ, прр-р-рэ!
"Ды, што гэта з ёй? Так знервавалася!" – засмуціўся Дуб.
Яму стала непрыемна за свае грубыя словы. Каб уладзіць сварку, ён тэрмінова паклікаў да сябе Дзятла.
– Калі ласка, дарагі Дзятлік, змайструй Сойцы дупло. Яна пасялілася ў маім, а я ж яго абяцаў аддаць Вавёрцы!
– Будзе зроблена! Я зараз жа бяруся за работу, – крыкнуў Дзяцел і паляцеў шукаць падыходзячае для дупла дрэва.
Але Сойка не слухала іх гутарку. Яна выпырхнула з дупла і паляцела, куды вочы глядзяць, па дарозе губляючы з крылцаў чароўныя блакітныя пярынкі.
– Соечка! – паклікала яе Хвоя. – Што з табой здарылася?
– Мне дрэнна, дрэнна! Гэты шкодны Дуб мяне пакрыўдзіў! – шчабятала Сойка, і яе звонкі галасок стаў зусім невыразным і ціхім.
Яна прысела на галінку Хвоі, рыжы чубок на яе галоўцы апусціўся, і крылцы зусім абмяклі.
– Вось гора так гора! – пашкадавала Хвоя бедную птушачку.
Але гэтае "лясное непаразуменне" неўзабаве вырашылася, таму што Дзяцел ужо паляцеў на пошукі рыжай птушкі з блакітнымі пярынкамі на крылах. Так, так! Вожык знайшоў гэтыя пярынкі ў траве і паказаў Дзятлу. Па іх, як па слядах, яны і адшукалі Сойку.
– Я табе зрабіў новае дупло. Яно яшчэ лепшае, чым тое, з якога ты паляцела. Хочаш, пакажу? – узрадаваў Дзяцел засмучаную птушку.
– Яно і сапраўды лепшае! – весялілася Сойка, скачучы па новым дупле. – Дзякуй табе, мілы Дзяцел. Ты такі добры майстар!
А Вавёрка з ваверчанятамі ў той жа дзень пераехала ў дупло старога Дуба. Яна растлумачыла, што затрымалася з пераездам з-за хваробы малодшага ваверчаняці. У яго паднялася тэмпература, і ён увесь час ляжаў у пасцелі.
– Мне так непрыемна! – шаптаў Дуб хвоям, якія абкружылі яго з усіх бакоў. – Я зусім не хацеў нікога крыўдзіць!
– Усё добра! Не хвалюйся, стары! І Вавёрка, і Сойка цяпер жывуць у новых кватэрах. З такім майстрам, як Дзяцел, у нашым лесе ніхто без жылля не застанецца, – супакойвалі яго сяброўкі-хвоі.
Неўзабаве Сойка зразумела, што дарма крыўдзілася, бо сама таксама вінаватая. Не папрасіла дазволу ў Дуба. У той жа дзень яна пасябравала з Вавёркай і ваверчанятамі. А дубовыя жалуды, якія трохі паляжалі ў траве, ёй здаліся нават смачнымі. Вавёрка сказала, што яны на зямлі адсырэлі, трэснулі, і з іх выйшла гаркота.
– Дзякуй табе, Дуб, за жалуды! Яны смачныя! – весела шчабятала Сойка, седзячы на галінцы Дуба.
– А ты прабач мяне, Соечка, за тое, што я на цябе накрычаў! – папрасіў прабачэння Дуб. – Як ты ўладкавалася на новым месцы?
– Добра! Дзякуй Дзятлу! Цяпер у мяне новае выдатнае дупло, – махнула птушачка чорным хвосцікам, узмахнула блакітнымі крылцамі і паляцела дадому.
Высокія хвоі ледзь-ледзь паскрыпвалі, прыводзячы ў парадак свае пухнатыя зялёныя шапкі. Яны былі радыя, што ўсё ўладзілася. А стары Дуб яшчэ дакараў сябе за тое, што нават ён, уладар лесу, часам вытварае дурныя ўчынкі. Нарэшце, Дуб-волат павесялеў. Ён расправіў магутныя плечы і вырашыў, што надалей паспрабуе нікога не крыўдзіць.
Гэтая казка на рускай мове
16.01.16