Новы год у хваёвым лесе
Зімовай ноччу на цёмным небе зіхацелі зоркі. Месяц, нібы жывы ліхтар, ззяў над заснежаным лесам. На зялёных лапках велізарных хвой навіслі пухнатыя белыя шапкі. Усе лясныя сцяжынкі схаваліся пад тоўстым дываном з хрусткага снегу.
На чыстым белым снезе нават у цемры быў прыкметны хтосьці невысокага росту. Ён сядзеў пад хвояй. На чалавечку было доўгае паліто да пят і вялікая цёплая шапка з пампонам.Цікаўны Месяц адразу ж заўважыў паўночніка і асвятліў яго твар і доўгую сівую бараду. “Ды гэта ж той самы Гном!” – месяцовы прамень усхвалявана бліснуў і застыў на снезе. Нябесны спадар пазнаў чалавечка. З гэтым старым ён не раз размаўляў летась. Тады Гном жыў ва ўтульным будане з лістоты і галінак. "Што ж ён блукае па начах, чаму не спіць у свёй хатцы?" – падумаў Месяц.
– Прывітанне, Гном! – звярнуўся нябесны спадар да чалавечка. – Ці памятаеш, мы ж з табой калісьці размаўлялі. Дзе ж ты страціў свой будан?
– Гэта ты, Месяц? Прыемна пачуць цябе! – устрапянуўся Гном. – Будан мой цэлы. Толькі мне не спіцца. Вось і сяджу тут. У гэтым невялікім лесе жывём толькі я ды Вавёрка з дзецьмі. Зімой усім нам сумна, таму хачу малым ваверчанятам зрабіць навагодні падарунак, бо ўжо хутка надыйдзе новагодняе свята. Было б добра для малых прыгожа прыбраць навагоднюю Ёлку. Вось толькі елак у нашым хваёвым лесе няма, яны растуць далёка. Да таго ж, я ведаю, што Вавёрка не адпусціць ваверчанят у марозную зімку далей дзесяці скачкоў ад дупла. Паблізу я прыкмеціў маленькую Сасонку. Можа яе ўпрыгожыць да свята? Як ты, Месяц, згодны?
– Можна ўпрыгожыць, – пагадзіўся нябесны спадар. – А дзе яна?
– Вунь там! – Гном паказаў на палянку, пасярод якой расло невялікае пухнатае дрэўца. – Дупло Вавёркі – на гэтай старой хвоі. Цяпер Вавёрка з дзецьмі спіць, – чалавечак паказаў уверх, на хвою, пад якой сядзеў.
– Калі ж надыдзе Новы год? – спытаў Месяц.
– Заўтра ўначы.
– Ух, ты! А я забыўся пра гэта! – палаяў сябе Месяц. – Тады тэрмінова трэба ўпрыгожыць Сасонку. Я папрашу для яе чароўныя іскрынкі ў добрых суседак, нябесных зорачак. А сам падару Сасонцы перламутравы дожджык з маіх найярчэйшых прамянёў. Яна стане прыгожай і спадабаецца маленькім ваверчанятам.
Месяц тут жа накіраваў свой позірк на нябесныя Зорачкі, спадзяючыся пагаварыць з імі пра чароўныя іскрынкі. Не прайшло і чвэрці гадзіны, як з неба на Сасонку пасыпаліся навагоднія ўпрыгажэнні: чароўныя іскрынкі і месяцовы дожджык. Маленькае дрэўца спачатку спалохалася такім нечаканым падарункам. Аднак, як толькі яна пра ўсё даведалася ад Гноміка, тут жа выпрасталася, ганарліва расправіла галінкі і стала падобнай на казачную Прынцэсу!
– Дзякуй! – ціха прашаптала Сасонка і ўдзячна паглядзела ўгару на неба.
Світала. Неўзабаве Зорачкі і Месяц саступілі месца Сонцу. І яно асвятліла хвоі ў лесе. Потым Сонца ўбачыла навагоднюю Прынцэсу і ласкава пахваліла яе:
– Вось і добра! Хай ты – не Ёлка, а Сасонка, але малышам усё роўна будзе цікава паскакаць вакол цябе на Новы год.
Як жа ўзрадаваліся ваверчаняты! Гэта быў іх першы Новы год. Ніколі раней яны яго не сустракалі, таму што яшчэ не пражылі на белым свеце цэлага года.
– Ура! У нас ёсць навагодняя Ёлачка! – крычалі яны.
– Не Ёлачка, а Сасонка, – паправіў іх Гном. – А зрэшты, якая розніца? – вырашыў ён. – Бегайце, скачыце! Сёння свята – Новы год!
А ваверчаняты ўжо кружыліся вакол Сасонкі. Колькі радасці было ў іхніх вачах!
"Добра б што-небудзь падарыць малым на Новы год”, – думаў стары Гном. Ён успамінаў сваё дзяцінства і падарункі ад Дзядулі Мароза. “Не, сюды, да нас, Дзед Мароз не прыйдзе, – разважаў лясны чалавечак. – Яму ніхто не паведамляў пра ваверчанят, якія нарадзіліся ў хваёвым лесе, дзе няма ніводнай елкі. Папрашу Месяц яшчэ што-небудзь падарыць кожнаму з малышоў. Ён умее ствараць чараўніцтва".
Увечары, калі на небе зноў з'явіўся Месяц, а ваверчаняты схаваліся ў дупле, клапатлівы Гном усё растлумачыў нябеснаму спадару.
– Я і сам пра гэта думаў, – адказаў Месяц. – Спадзяюся, што ваверчанят абрадуюць месяцовыя ліхтарыкі. Іх промні вельмі ярка асвятляюць далёкія прадметы. Ліхтарыкі ўжо запакаваны ў падарункавыя скрыначкі. Зараз я перанясу іх пад Сасонку.
– Дзякуй, дарагі Месяц! Ты мяне выручыў. А я пайду, трохі адпачну перад сустрэчай Новага года, – прамовіў Гном.
Ваверчаняты нават не заўважылі, калі Месяц паклаў пад Сасонку падарункі – перламутравыя скрыначкі з месяцовымі ліхтарыкамі. Але, калі надышоў Новы год, малышы тут жа іх выявілі.
– Мама! Глядзі, што нам падарыў Дзядуля Мароз! – радасна крычалі яны і паказвалі Вавёрцы чароўныя ліхтарыкі.
Ваверчаняты не падазравалі, ад каго яны насамрэч атрымалі навагоднія падарункі, і хто ўпрыгожыў для іх Сасонку. Радасць і шчасце перапаўнялі малышоў. Яны маглі б скакаць вакол навагодняй прыгажуні ўсю ноч, але Вавёрка паклікала іх дахаты. Яна бачыла, што яе дзеці стаміліся, і ім патрэбны адпачынак.
Вось так весела і чароўна прайшло Навагодняе свята ў хваёвым лесе, дзе не растуць елкі. На наступны Новы год да ваверчанят абавязкова зазірне Дзядуля Мароз і прывязе падарункі. Нябесны спадар, Месяц, загадзя пашле яму месяцовае паведамленне пра тое, што ў хваёвым лесе жывуць маленькія ваверчаняты. Іх абавязкова трэба павіншаваць, бо гэта іх толькі другое ў жыцці доўгачаканае навагодняе свята!
Гэтая казка на рускай мове
5.11.15