Дзе расце каштан? (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Дзе расце каштан? (чытае Ліка Пташук)
Дзе расце каштан? (чытае Ліка Пташук)
У скверыку побач з хатай Вадзіка і Алінкі рос стары Каштан. Увесну на яго галінах вырасталі дзівосныя "свечкі". Яны былі цалкам абсыпаны бела-ружовымі кветачкамі. А ўвосень з дрэва на зямлю падалі спелыя плады, падобныя на зялёныя тэнісныя шарыкі, пакрытыя калючымі шыпамі. Ад удару лупіна на пладах лопалася, і адтуль выглядвала бліскучае цёмна-карычневае насенне.      Вадзік з Алінкай часта гулялі ля Каштана і збіралі яго плады, каб потым змайстраваць з іх якую-небудзь цацку. Але сёння ў руцэ Вадзіка быў не каштан, а цукерка – медзведзяня з малочнага шакаладу на доўгай палачцы. А яго сястрычка Алінка трымала ў пальчыках палачку, на якой красавалася медзведзяня з белага шакаладу. Ах, і смачныя ж былі гэтыя цукеркі! Але дзеці не збіраліся іх есці. Яны з імі гулялі!
     Раптам Алінка паглядзела ўгару на Каштан, потым на свайго белага шакаладнага мішку, падбегла да мамы, якая сядзела на лаўцы, і задала ёй дзіўнае пытанне:
     – Мама! А на поўначы растуць каштаны?
     – Не, – адказала мама.
     – Значыць, белы мядзведзь ніколі не ўбачыць каштанаў, – засмуцілася дзяўчынка.
     – І не паспрабуе каштанавага мёду, – усміхнулася мама.
     – А ён смачны?
     – Вельмі!
     – А ў нашым лесе растуць каштаны? – цяпер ужо Вадзік задаў маме сваё пытанне.
     – У нашых лясах і ў тайзе яны не растуць. Каштаны растуць толькі на поўдні, у горных лясах, – адказала мама.
     – Значыць, і бурыя мядзведзі не паспрабуюць каштанавага мёду. Гэта дрэнна, – Вадзік з сумам паглядзеў на свайго шакаладнага мішку. Потым падняў з зямлі два цёмна-карычневыя каштанчыкі і паклаў у кішэнь.
     Найграўшыся, дзеці пабеглі дадому, забраўшы з сабой няз'едзеныя шакаладкі. Дома дзеці паклалі шакаладных медзведзянят у вазачку для цукерак, а побач з вазачкай на стол Вадзік паклаў два карычневыя каштанчыкі...
     
     Уначы медзведзяняты не маглі заснуць. Яны глядзелі на плады каштана і думалі пра тое, як дрэнна, што ў тундры і ў лесе не растуць каштаны. Значыць, іх сябры, сапраўдныя мядзведзі, ніколі не ўбачаць гэтае прыгожае дрэва і не паспрабуюць смачнага каштанавага мёду.
     Раптам з неба спусціліся дзве маленькія зіхатлівыя зорачкі. Яны ўляцелі праз акно прама ў пакой, дзе ў той час яшчэ не спалі шакаладныя медзведзяняты.
     – Я часта лётаю над тундрай і магу запрасіць Белага Мядзведзя да вас у госці, каб ён паглядзеў на Каштан, – праспявала першая Зорачка.
     – А я магу паклікаць Бурага Мядзведзя, таму што бачу яго ў тайговым лесе, – прапанавала другая Зорачка.
     – Мы будзем чакаць іх! – узрадаваліся шакаладныя мішкі.
     Пачуўшы гэта, нябесныя зорачкі абхапілі сваімі праменьчыкамі каштанчыкі, якія ляжалі на стале, і пырхнулі ў неба.
     А на світанні, вы не паверыце, здарыўся яшчэ адзін цуд! Да старога Каштана, які рос у скверы, падбеглі два велізарныя звяры – белы і буры мядзведзі. Даведаўшыся ад зорачак пра незнаёмае дрэва, яны з задавальненнем адправіліся ў вандраванне. Іх панеслі на сваіх нябачных крылах нябесныя зорачкі. Вось толькі Белы Мядзведзь ляцеў з далёкай паўночнай тундры, а Буры Мядзведь – з вялікага тайговага лесу.
     Мядзведзі апусціліся на зямлю ў зялёным скверыку каля дома, дзе жылі дзеці. Потым касалапыя вандроўнікі сталі аглядаць Каштан і, абыходзячы яго, сутыкнуліся паміж сабой ілбамі!
     – Ты хто? – спытаў Белы Мядзведзь.
     – А ты хто? – спытаў Буры Мядзведзь.
     – Я – Белы Мядзведзь, гаспадар тундры.
     – А я – Буры Мядзведзь, гаспадар тайгі.
     – Значыць, мы браты? Тады будзем сябраваць! – узрадаваліся мішкі.
     Стары Каштан з цікавасцю паглядаў на гасцей, бо такіх вялікіх дзікіх звяроў ён ніколі не бачыў.
     – Добра б пачаставаць іх маім мёдам. Ды дзе яго ўзяць? – прашамацела дрэва.
     – Мы прынясём ім мёду, папросім у пчол з вулея на дачы, – праспявала чарада сінічак.
     І клапатлівыя птушачкі паляцелі на пошукі мёду. Неўзабаве яны вярнуліся з маленькімі кубачкамі, у якіх быў наліты духмяны каштанавы мёд.
     – Калі ласка, частуйцеся! – праспявалі сініцы, падносячы мядзведзям мёд.
     Ад шуму за акном прачнуліся дзеці. Яны паглядзелі ў акно і не паверылі сваім вачам! Поруч з Каштанам стаялі сапраўдныя мядзведзі – белы і буры! Яны ласаваліся мёдам!
     – Дзівосна! Як жа яны патрапілі сюды! – здзівіўся Вадзік.
     – Зараз яны распавядуць усім сваім сваякам мядзведзям пра тое, які смачны каштанавы мёд, – сказала Алінка.
     Дзеці пабеглі ў спальню да мамы, каб расказаць ёй пра мядзведзяў. Але калі малыя вярнуліся назад, мядзведзяў ужо не было ў скверыку. Куды ж яны зніклі? Напэўна, зорачкі панеслі іх дадому, бо ўжо надышла раніца, калі на вуліцах горада пачалі збірацца людзі. А турбаваць каго-небудзь нашы звяры не жадалі.
     – Мама! Гэта праўда! Яны былі тут! – паўтаралі дзеці.
     – Я веру. Так бывае, часам казка становіцца явай, – сказала мама.
     І яна мела рацыю. Вось толькі маленькім шакаладным мішкам стала трохі сумна, бо іх не вынеслі ў двор, каб пазнаёміцца з сапраўднымі мядзведзямі. Затое ўвесь наступны дзень шакаладныя мішкі толькі і чулі ад дзяцей гутаркі пра велізарных мядзведзяў, таму маленькім мішкам здавалася, што яны ўжо не салодкія цукеркі, а самыя сапраўдныя дзікія звяры!
     – Р-р-р-р!
     
     p.s. Ілюстрацыя да казкі Анастасіі Балыш
     
     Гэтая казка на рускай мове
19.07.15