Масленіца - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Масленіца
Масленіца
     Ой, масленіца-белашэйка!
     Сустракалі мы цябе харашэнька:
     Сырам, маслам, калачамі
     Ды пячонымі блінамі. (святочная песня)
     
Ах, і лютая сёлета была зіма! Усе гарады і вёсачкі снегам замяло, траскучы мароз не шкадаваў ні людзей, ні птушак, ні зряроў у лесе. Яснае сонейка на небе схавалі ад усіх шэрыя хмары. Гэта яны, такія змрочныя і бурклівыя, падоўгу не прапускалі на зямлю яркія сонечныя прамяні. Аднак зіма не вечная. І ёй аднойчы прыходзіць канец.      У той вёсачцы, пра якую пойдзе гаворка, мала хат. І дзетак у ёй няшмат. Аднак усе людзі тут жывуць дружна і ласкава, не сварацца, не буяняць і не разводзяць плёткі. За тое Бог і любіць іх. Вунь у той хатцы ля самага лесу хто жыве? Так, правільна, старэнькія бабуля з дзядулем. І дзеці ў іх ёсць, і ўнукі. Ды толькі яны жывуць не тут, а ў вялікім горадзе. Суседка ў старых добрая, Марыя Іванаўна. Яна часта да іх у хату захадзіць, спраўляецца, ці не трэба чым дапамагчы. А ў самой Марусі ўжо сын дарослы, праз пяць хат жыве. У яго падрастаюць дзеці, школьнікі Пеця з Валяй. Добрыя вясёлыя і разумныя…
     
     – Глядзі, Пеця! Сонейка на неба выйшла! – узрадавалася Валя, прачнуўшыся ранкам у суботу.
     – Дык гэта ж Масленіца яго на неба адправіла! – усміхнуўся Пеця.
     – Тады пойдзем на горку катацца! – вырашыла сястрычка і пабегла на кухню да мамы.
     Які ж цудоўны пах ад матуліных бліноў па ўсёй хаце ідзе!
     – Мамачка! Вельмі смачныя блінцы ў цябе атрымаліся, – пахваліла яе дзяўчынка.
     – Тады ешце іх хутчэй, – прапанавала мама. – Светлая Масленіца на дварэ!
     – А Мурцы таксама блін дастанецца? – запытаўся Пеця.
     – Мурцы мы смятанкі нальём, няхай і ў яе сёння будзе свята, – вырашыла мама і паставіла на падлогу кубачак для кошкі. А тая ўжо лашчыцца ля матуліных ног, варкоча і зазірае ў вочы. Хітрая!
     – І птушачкі замерзлі. Я ім свой блін аднясу, – пашкадавала птушак дзяўчынка.
     – Зараз і ім спяку! Не хвалюйся, дачушка, – апярэдзіла яе матуля.
     У кухні на пліце цурчыць патэльня, яркія пышныя блінцы блішчаць, масліцам наліваюцца. А ў дзяцей аж слінкі цякуць ад такой смачніны!
     Ах! Які ж выдатны сонечны дзянёк падарыла людзям прырода! Цешацца Пеця з Валяй, катаючыся з горкі на санках, цешацца птушачкі, паспытаўшы матулінага алейнага блінца, ды і кошка ў захапленні ад тлустай смятанкі. Не свята, а сапраўдны цуд!
     
     У бабулі дзяцей, Марыі Іванаўны, на стале таксама ўжо стаіць поўная міска са свежымі блінамі. Яна не забылася імі пачаставаць старых суседзяў. Аднесла пачастунак да іх у хату.
     – Ах, гэта ж Масленіца на дварэ! – успомнілі старыя. – Вось і сонейка ў акенца свеціць. Значыць, зіму перажылі. Добра!
     У сярэдзіне дня ў госці да Марыі Іванаўны прыйшлі сын з нявесткай, бацькі Валі і Пеці. Дзень выхадны, і можна адпачыць, павесяліцца. Маладыя свае пачастункі прынеслі. Неўзабаве стол накрылі, ды і старэнькіх суседзяў не забыліся запрасіць. Разам весялей за сталом, бо ў вёсцы ўсе – як адна сям'я. Накатаўшыся на горцы, прыбеглі да бабулі і ўнукі – Валя з Пецяй.
     І вось ужо святочныя песні паліліся ракой: то далікатныя і сумныя, то вясёлыя і радасныя, свае, вясковыя.
     
     А ў нас сягоння масленіца, масленіца,
     Прыляцела ластавіца, ластавіца,
     Села-пала на калу, на калу,
     Кінула масла па каму, па каму,
     А хто хопіць – дык таму, дык таму
     Будзе хораша ў даму, у даму.
     Наша Валечка хапліва, хапліва,
     Кусок масла схапіла, схапіла,
     Свайго Ванечку паіла, паіла.
     Мы на горачцы пабывалі,
     Ай, люлі, ай, люлі, пабывалі!*
     Сваю масленіцу сустракалі,
     Бліны масліцам залівалі,
     Ды блінамі ўсіх частавалі.
     Нашай масленіцы сем дзянёчкаў
     Ды сем нядзель пасточку. (святочная песня)
     
     Гэты аповед на рускай мове
18.02.15