Караблік і мора - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Караблік і мора
Караблік і мора
     
     Майму дарагому сыночку Алёшку я прысвячаю гэту казку.
     
На шкляной паліцы ў шафе стаяў маленькі самаробны парусны Караблік. Яго змайстраваў Алёшка ў той час, калі хадзіў у кружок мадэліравання. Караблік атрымаўся якраз як сапраўдны – з ветразямі, драўлянай палубай, вёсламі і рулём. На ім нават ёсць выратавальны круг. Алёшка рабіў свой Караблік з любоўю. Але цяпер ён зусім забыўся на яго. У хлопца іншыя клопаты. Ён вучыцца ў дзясятым класе. Усе яго думкі пра вучобу, бо трэба старацца вучыцца, каб паступіць ва ўніверсітэт.      Цэлымі днямі Караблік глядзеў праз шкляныя дзверцы шафы ў акно і марыў пра тое, чаму ніколі не наканавана здейсніцца. Караблік марыў пра тое, як бы ён плаваў па моры, калі б быў сапраўдным, а не цацачным караблём.
     Побач з ім на паліцах шафы ўтульна размясціліся чаркі, талеркі, вазы, шклянкі – посуд для гасцей. Праўда, былі там такія ж вязні, як і ён, якія патрапілі туды па волі лёсу. Прама перад Караблікам стаяў карычневы драўляны індыйскі Слонік. Ён вельмі прыгожы, і ў яго нават ёсць біўні! Далей, у куце шафы, на талерцы, прымасціліся саламяныя Хлопец і Дзяўчына. На іх пашытыя з саломкі старадаўнія вясковыя ўборы – кашуля, сарафан і лапці. Хлопец і Дзяўчына закаханыя адно ў аднаго. Ім добра разам. Ніжэй, на другой паліцы, стаяў гумовы блакітны Коцік і Гномік у чырвоным капялюшыку. З гэтымі цацкамі гуляў Алешка, калі быў зусім маленькім. У Коціка з Гномікам нават ёсць ціўкалкі. Цацкі часам размаўляюць паміж сабой. Яны ведаюць усё адно пра аднаго – хто, дзе быў і адкуль прыйшоў сюды, у шкляную шафу.
     Але больш за ўсё захапляюць Караблік марскія каменьчыкі і ракавінкі, якія з'явіліся тут вельмі даўно, яшчэ з таго часу, калі Алёшка з бацькамі ездзіў адпачываць да Чорнага мора. Іх прывезлі адтуль, з берага мора, і яны самыя сапраўдныя! Ракавінкі расказалі Карабліку пра марскія хвалі, пра рыб і медуз, пра вялікія караблі, і таму Караблік ужо мае ўяўленне пра тое, што такое мора. Вялікія ракавіны нават захавалі ў сабе яго шум! Калі вельмі ціха, Караблік чуе гэты шум, ён даносіцца з ракавін. Звычайна гэта адбываецца ноччу. Тады Караблік уяўляе, быццам ён знаходзіцца ў моры, на месцы вялікіх караблёў. Як было б добра апынуцца там цяпер!
     Раптам, што за цуд! Караблік ужо…, але толькі не ў моры, а на вяршыні вялікай гары! Так-так, менавіта той гары, пра якую распавядалі бацькі Алёшкі! Гэтая гара размешчана каля мора. Прама перад сабой Караблік убачыў вузкі горны ручай, які імкліва нёсся ўніз з гары да яе падножжа. Ручай, відаць, быў вельмі халодны, бо па яго баках ляжаў снег. "Напэўна, гэты ручай уцякае ў мора, – дагадаўся Караблік. – Як бы я хацеў паплыць па ім!"
     Нечакана наляцеў парывісты вецер, падхапіў парусны Караблік і кінуў яго прама ў ручай! Малыш і не заўважыў, як апынуўся ў шпаркай вадзе, якая панесла яго ўніз з гары. Маленькі драўляны Караблік увесь скурчыўся ад нечаканасці і ад холаду, але не спалохаўся. " Хутка я ўбачу мора!" – радаваўся ён і напружваў усе свае сілы, каб не перавярнуцца і даплысці. Усё мільгала перад ім, ён нічога не бачыў вакол сябе і марыў аб адным: "Толькі б даплысці!" Караблік нават не зразумеў, колькі прайшло часу, калі раптам заўважыў, што ўжо спакойна плыве па дзівоснай вельмі шырокай рацэ. Рака была ружовага колеру, берагі ў яе былі таксама ружовыя. У вадзе плавалі ружовыя рыбы, па берагах хадзілі ружовыя звяры, па ружовым небе лёталі ружовыя птушкі. А там, на гэтым ружовым беразе, стаяў знаёмы карычневы драўляны Слонік. Ён быў вельмі сумны. Караблік закрычаў з усяе сілы:
     – Слонік! Бяжы за мной! Мы патрапім да мора!
     Слонік заўважыў Караблік, узрадаваўся і пабег па беразе ўслед за ім. Так яны і вандравалі: Слонік – па зямлі, Караблік – па вадзе. Але вось ружовыя берагі і ружовая рака скончыліся, і Караблік апынуўся ў рацэ нябесна-блакітнага колеру, у якой былі блакітныя берагі. Па іх хадзілі блакітныя звяры, па блакітным небе лёталі блакітныя птушкі, а ў блакітнай вадзе плавалі блакітнага колеру рыбы. Караблік вельмі здзівіўся такой змене колеру, але нічога не сказаў Слоніку, які паслухмяна бег услед за ім. "Цікава, якога ж колеру мора?" – падумаў Караблік.
     Толькі цяпер ён заўважыў на беразе Коціка з Гномікам. Караблік радасна крыкнуў ім:
     – Коцік і Гномік! Бяжым з намі да мора!
     Коцік і Гномік убачылі Слоніка, які таксама штосьці ім крычаў, і пабеглі ўслед за ім.
     Колькі Слонік з Коцікам і Гномікам яшчэ беглі і колькі Караблік плыў – не вядома. Нарэшце, наперадзе з'явілася велізарнае, да самага гарызонту, мора! Яно было цёмна-бірузовага колеру. Цёплыя хвалі біліся аб бераг, шумелі, пеніліся, іскрыліся на сонцы! Караблік убачыў мноства рознакаляровых каменьчыкаў і ракавінак, якія мора выкінула на бераг. А шум хваль быў сапраўды такі ж, як у ракавінках з шафы, толькі значна мацнейшы.
     "Дык вось ты якое бязмежнае, мора!" – падумаў Караблік і адразу ж апынуўся ў яго цёплай вадзе. Перад ім плыў велізарных памераў сапраўдны Карабель. Вялікі Карабель гучна прасігналіў. Такім чынам ён павітаў маленькі Караблік. А той быў настолькі рады, што плыве па моры, што нават падрос і стаў вышэй ростам, прама як сапраўдны Карабель! Вось ён падплыў да берага і стаў ля прычала. Да яго падбеглі яго сябры: Слонік, Коцік і Гномік. Яны радасна ўсміхаліся і штосьці крычалі яму…
     
     І тут Караблік пачуў голас Алёшкі:
     – Ах, вось ты дзе, мой стары дружа!
     Маленькі парусны Караблік прачнуўся і ўбачыў, што ён стаіць у шафе, дзверцы шафы адчынены. Алёшка ўзяў яго ў руку, паднёс да акна, каб лепш разгледзець.
     – Дык ты ж зусім як сапраўдны! Чаму я ніколі не пускаў цябе папаплаваць? У наступны раз, калі пайду гуляць да возера, абавязкова вазьму цябе з сабой.
     Алёшка выканаў сваё абяцанне. Аднойчы ён прынёс Караблік да возера і спусціў яго на ваду. І той паплыў. Гэта было так цудоўна! Караблік убачыў перад сабой люстраную роўнядзь возера. Па ёй ганарліва плылі качкі. Яны разглядалі парусны Караблік і думалі: "Што гэта за дзіўная качка?" Тут жа ў празрыстай азёрнай вадзе плавалі сапраўдныя жвавыя рыбкі, а па небе лёталі сапраўдныя птушкі. Але ўвесь свет быў не аднакаляровым, а рознакаляровым. Дрэвы і трава на беразе былі зялёныя, неба – блакітнае, а вада – цёмна-сіняга колеру.
     Вось так маленькі парусны Караблік убачыў сапраўднае, няхай не мора, а возера. А калі Алёшка прынёс яго назад і паставіў на старое месца ў шафу, то Караблік яшчэ доўга распавядаў пра сваё вандраванне на возеры цяпер ужо сапраўдным сваім сябрам – Слоніку, Коціку і Гноміку.
     
     Гэтая казка на рускай мове
29.01.15