Улетку ўсім хочацца падарожнічаць (чытае Ліка Пташук)
У прыгожай двухпавярховай хаце жыла вялікая сям'я: мама, тата і пяцёра дзетак: Санька, Міколка, Сцёпка, Вадзік і Маргарытка.
Санька і Міколка, як самыя старэйшыя з дзяцей, дапамагалі маме гадаваць малодшых. Пасля сняданку яны мылі пасуду - кубкі, сподачкі, лыжкі і відэльцы. Часам, калі мама іх пра гэта прасіла, Санька з Міколкам ішлі ў краму за прадуктамі. Яны ўжо былі школьнікамі, тады як Сцёпка з Вадзікам яшчэ хадзілі ў дзіцячы садзік. Маргарытка была зусім маленькай, дзеці забаўлялі яе і каталі па двары ў калясцы.У двары раслі высокія дрэвы, побач з хатай размясціўся кветнік, а каля акна стаяў стол. Улетку дзеці любілі за ім пачаяваць. Тады яны прасілі маму, і яна пякла вельмі смачны пірог з яблыкамі альбо з тварагом. Міколка з Санькам рассцілалі на стале абрус і ставілі на яго самы прыгожы чайны сервіз з залатымі ўзорамі.
Вялікі заварачны Чайнік, напаўняючыся духмяным чаем, лічыў сябе каралём банкету. А як жа інакш! З яго носіка ў кожны кубачак мама налівала чай, і толькі потым з вушастай і пузатай Цукарніцы дзеці здымалі вечка і клалі ў свае кубачкі цукар. Але Цукарніца не лічыла сябе пакрыўджанай і абдзеленай, бо яе цукар быў такім салодкім!
Усе ўсаджваліся за стол, і нават маленькая Маргарытка сядзела побач з усімі на высокім раскладным дзіцячым стульчаку. Мама разгортвала кніжку і чытала дзецям якое-небудзь цікавае апавяданне. Часцей за ўсё гэта быў прыгодніцкі аповед. Дзеці вывучалі геаграфію і гісторыю сваёй роднай планеты. Між тым усім ім таксама хацелася падарожнічаць. Мама казала, што паехаць у вандраванне яны змогуць улетку будучага года. Падрасце Маргарыта, і тады тата купіць пуцёўку на ўсю сям'ю.
Заварачны Чайнік, Цукарніца і нават маленькія кубачкі са сподачкамі, слухаючы ўсё гэта, таксама марылі пра вандраванні. І ім не хацелася чакаць цэлы год. Аднаго разу, калі ўся сям'я пайшла ў дом, яшчэ не паспеўшы прыбраць пасуду са стала, чайны сервіз раптам знік. Куды і як – гэта ўжо іншая гісторыя і вялікі сакрэт для ўсёй сям'і. А для нас – проста цудоўная казка.
Бо на адну гадзіну … вялікі насаты заварачны Чайнік стаў маленькім Сланянём, вушастая Цукарніца – аблавухай Мартышкай, а кубачкі са сподачкамі – белакрылымі марскімі чайкамі. Дзе ж усе яны апынуліся?
На беразе цёплага паўднёвага мора!
І Сланяня, і Мартышка паўкрывалі галовы капялюшыкамі (былымі вечкамі), каб не атрымаць сонечны ўдар, і пабеглі купацца, уцякаючы ад нязноснай гарачыні. А чайкам не было горача, яны лёталі ля берага і ныралі ў марскую ваду.
Цэлую гадзіну працягваўся іх казачны адпачынак на марскім беразе. Але ўжо на першай хвіліне новай гадзіны ўвесь чайны сервіз ізноў стаяў на стале…
Дзеці выйшлі ў двор, каб аднесці посуд у хату, і не пазналі яго. На белым абрусе стаялі яркія бліскучыя цудоўна вымытыя кубачкі са сподачкамі. А Чайнік з Цукарніцай нават трошкі пажаўцелі ад гарачага паўднёвага сонца, быццам ад загару.
Гэтая казка на рускай мове
15.07.14