Ялінка
ЗАПАВЕДНЫ ЛЕС
У лесе расце шмат розных дрэў: пухнатыя елкі, высокія хвоі, стройныя бярозы, велізарныя дубы, ясені і клёны. Побач з вялікімі дрэвамі падрастаюць маленькія, іх дзеці. Мабыць, яны прараслі з насення, ці іх пасадзілі людзі. Паглядзі, у які прыгожы казачны лес ты прыйшоў!
Нарадзілася ў лесе Ялінка. Ніхто яе не садзіў. Яна сама прарасла ў імху на сырой зямлі з семечка леташняй яловай шышкі. Спачатку Ялінка была маленькім вельмі тоненькім парасткам. Але праз некалькі гадоў з гэтага парастка вырасла зялёненькае пухнатае дрэўца. Толькі, на жаль, малую Ялінку ў вялікім лесе ніхто яшчэ не заўважыў. Тут паўсюль раслі вялікія дрэвы: елкі і хвоі, бярозы і рабіны, асіны і дубы. На лясных палянках цвілі рамонкі і званочкі, фіялкі і незабудкі, чырванелі ягадкі суніц, пырхалі матылькі і стракозы, скакалі конікі.
Аднойчы да таго месца, дзе расла Ялінка, падышоў малады чалавек, ляснік. У руках ён трымаў два саджанцы. Гэта былі таксама ялінкі, толькі з галінкамі не зялёнага, а блакітнага колеру. Ляснік агледзеўся і, заўважыўшы маленькую зялёную Ялінку, вырашыў пасадзіць побач з ёй сваіх блізнятак. Хай, маўляў, растуць разам. Ім будзе весялей! Пасадзіўшы дрэўцы ў зямлю, ляснік пайшоў дадому. Вось так побач з малой Ялінкай і пасяліліся дзве сястрычкі.
Ішоў час. Усе тры дрэўцы раслі і прыгажэлі. Наша знаёмая Ялінка паблісквала на сонейку сваімі зялёнымі галінкамі, а блізняткі – блакітнымі. Неяк бег па лесе Зайчык. Убачыў блізнятак. Спадабаліся яны яму. Памахаў ён шэрым хвосцікам, пагладзіў самыя маленькія блакітныя галінкі і ўсміхнуўся ва ўвесь свой заячы рот:
–Гэтыя галінкі падобныя на мой хвосцік. Такія ж мяккія і пухнатыя. Цікава!
Паскакаў Зайчык вакол блакітных прыгажунь і ўцёк. А следам за ім прыйшла Ліса.
– Ах, якія цудоўныя блакітныя ялінкі растуць у нашым лесе! – пахваліла яна сястрычак. – Шкада, што яны яшчэ маленькія, а то б я ў цяньку пад імі пасядзела.
Яшчэ шмат хто са звяроў прабягаў па сцяжынцы ля ялінак. І ўсе глядзелі на блакітных блізнятак, заўважаючы іх прыгажосць. А на зялёнае дрэўца ніхто ўвагі не звяртаў.
"Чаму я не такая, як яны?" – думала Ялінка і панура схіляла зялёную верхавінку ўніз, да зямлі. Ёй было вельмі крыўдна! Ад засмучэння, што яе ніхто не заўважае, Ялінка раптам стала калючай-калючай, як сапраўдны вожык!
На досвітку, калі сонейка ледзь-ледзь асвятліла лес, да Ялінкі падляцеў Салавейка. Ён хацеў сесці на яе зялёную верхавіну і праспяваць ранішнюю песеньку. Вось толькі зрабіць гэта лясны спявак не змог, таму што балюча ўкалоў сваю лапку.
– Навошта ты колешся? Я да цябе з дабром, з песняй. Хачу распавесці ўсім, якая ты прыгожая: пухнатая, зялёненькая і добра пахнеш!
– Праўда? – здзівілася Ялінка. – Ты лічыш, што я прыгожая?
– Вядома! – праспяваў Салавейка, лётаючы вакол дрэўца і захоплена гледзячы на яго.
– Тады чаму ўсе хваляць блізнятак за іх блакітныя сукеначкі, а мяне за маю зялёненькую сукенку яшчэ ніхто, акрамя цябе, не пахваліў?
– А ты не крыўдуй, што на іх не падобная. Твой зялёны ўбор прыгожы па-свойму. Паглядзі, якая ты пухнатая! А вырасцеш, цэлая чародка сінічак зможа ўкрыцца ад зімовай сцюжы ў тваіх густых галінках.
Ад такіх добрых слоў Салавейкі Ялінка нібы расцвіла, яшчэ больш распушылася, а яе іголачкі сталі мяккія-мяккія! Усеўся Салавей на верхавіну зялёнай прыгажуні і песеньку заспяваў. Пра тое, як добра ў лесе, колькі вакол расце вялікіх і малых дрэў, якія яны ўсе прыгожыя, колькі карысці і дабра прыносяць жыхарам лесу. Слухалі гэтую песеньку хвоі і елкі, бярозы і рабіны, дубы і асіны і разумелі, які цудоўны добрай душы спявак жыве побач з імі!
Шмат гадоў прайшло з тых часоў. Усе тры ялінкі выраслі і ператварыліся ў высокія дрэвы. Летнім днём пад імі часта хаваюцца ад спёкі ліскі і зайчыкі, вожыкі і мышкі, матылькі і жучкі. А ўзімку ў густыя галіны залазяць сінічкі і верабейкі, каб укрыцца ад марозу.
Блакітныя елкі даўно пасябравалі са сваёй зялёнай суседкай. Як жа інакш? Яны ж заўсёды побач! І калі што здарыцца, змогуць дапамагчы адна адной: захіліць ад холаду ці даць добрую параду.
Неяк увесну ішоў па лесе стары чалавек. Гэта быў той самы ляснік, які калісьці даўно пасадзіў блізнятак побач з Ялінкай. Паглядзеў стары на тры высокія елкі, падышоў да кожнай, дакрануўся да самых маленькіх галінак, агатак, якія толькі-толькі вылупіліся з пупышак, усміхнуўся і сказаў:
– Якія ж далікатныя гэтыя вашы галінкі! Нібы я памацаў дзіцячыя пальчыкі! А якімі вы сталі вялікімі і стройнымі! Жывіце доўга-доўга, мілыя зямныя стварэнні, і цешце ўсіх сваёй прыгажосцю!
Стары пайшоў далей у глыб лесу, туды, дзе раслі іншыя дрэвы, таксама калісьці пасаджаныя ім. А блакітныя елкі з падзякай глядзелі яму ўслед, бо гэты чалавек падарыў ім жыццё!
У лесе раптам стала ціха-ціха. Мабыць, дрэвы падумалі пра тое, як добра, што яны жывуць на свеце, што ў іх ёсць свой лес, свае браты і сёстры. І хоць усе яны розныя, але ўсё-такі кожнае дрэва па-свойму выдатнае, бо ў кожным дрэўцы закладзены свая дабрыня, свая прыгажосць, сваё зачараванне.
p.s. ілюстрацыя да казкі беларускай мастачкі Анастасіі Балыш
Гэтая казка на рускай мове
28.06.14