Марынкін пярсцёнак
У Марынкі на пальчыку блішчыць новенькі пярсцёнак з кветкай. Кветка, вядома ж, не сапраўдная, яна зробленая з бірузы. А замест сярэдзінкі ў Кветкі яркі, як сонейка, каменьчык. Гэта янтар. Марынка ганарліва паказвае свой пярсцёнак сяброўкам, выхваляецца. Ім бы такі пярсцёнак! Хаця, у Наташкі ў вушах – залатыя пацеркі-завушніцы, у Алены на руцэ – змейка-бранзалетка.
Сяброўкі бегаюць, скачуць па двары, як тры легкакрылыя матылькі. А ў двары вясна! Цвітуць дрэвы і кусты, галоўкі залатых дзьмухаўцоў зіхацяць у траве, пад вокнамі хаты расцвёў пахкі бэз.– Марынка! Хадзі, дапамажы бабулі вынесці крэсла на ганак, – просіць мама.
А дзяўчынка не чуе, загулялася з сяброўкамі. Ды і неахвота ёй.
– Марынка! Ідзі хутчэй! – ізноў гучыць мамін голас.
Але дзяўчынка зноў не чуе, яна загледзелася, як зіхаціць Кветка на яе пальчыку. Кветка блішчыць-пераліваецца і быццам кажа непаслухмянай дачушцы:
“Бабулі, як і табе, вельмі хочацца пабыць у двары, хоць яна і старэнькая. Такой вясновай прыгажосці ў кватэры не ўбачыш”.
Ой, як сорамна стала дзяўчынцы! І яна тут жа бяжыць ў хату. А ўжо праз хвіліну бабуліна крэсла – на ганку, мама дапамагае бабулі сесці...
Марынка вінавата зазірае сваёй старэнькай прабабулі ў вочы, але, заўважыўшы там радасныя іскрынкі, супакойваецца.
– Глядзі, бабуля, як усё расцвіло! І бэз, і дзьмухаўцы, і акацыя.
– І праўда! У нас у двары проста дзіва, як добра, – усміхаецца бабуля.
А залацістае вочка – сярэдзінка Кветкі Марынкінага пярсцёнка – весела падміргвае ёй. Маўляў, малайчына, Марынка!
Гэты аповед на рускай мове
11.02.14