Бэз дзеля мамы
У двары пяціпавярховага дома па гладкім чорным асфальце з ганарліва паднятай галавой раз'язджаў Слаўка на бліскучым новенькім веласіпедзе. У яго быў цудоўны настрой, і ўсё з-за таго, што, нарэшце, спраўдзілася яго мара. На дзень нараджэння мама з татам купілі яму жаданы падарунак. Хлопчык думаў пра тое, што яго сям'я проста выдатная. У яго такія добрыя мама з татам! Яны ніколі не сварацца, любяць яго і брата Жэньку і заўсёды прыйдуць на дапамогу.
Слаўка з задавальненнем катаўся па двары, але адна думка не давала яму супакою. Заўтра мамін дзень нараджэння, а хлопчык яшчэ не прыгатаваў ёй падарунак. Мама, гэтак жа, як і ён, нарадзілася ў траўні, толькі ён – на пачатку, а яна – у самым канцы. Матуля вельмі любіць вясну, бо вясна – самая цудоўная пара года. У гэтую пару года абуджаецца ўся прырода, і распускаюцца мільёны яркіх і пахкіх кветак.Самыя любімыя маміны кветкі – кветкі бэзу. Яна любіць іх водар. У суседнім двары каля дома растуць такія кусты. Кветкі на іх ужо распусціліся. Але ці можна нарваць букет? Слаўку было вельмі няёмка. Вакол людзі, а ламаць галінкі непрыстойна. "Не, я не змагу гэта зрабіць. А як хацелася б падарыць маме яе любімыя кветкі!" – перажываў хлопчык.
Разважаючы сам з сабой, ён і не заўважыў, як выруліў у суседні двор. "Ды вось жа гэты бэз!" Перад ім звісалі з галінак вялікія гронкі пахкага белага бэзу. Але тут ён убачыў цётку Кацю, якая прыбірала ў яго двары і каля гэтага дома. Слаўка пад'ехаў да яе і нясмела прамовіў:
– У маёй мамы заўтра дзень нараджэння. Яна вельмі любіць кветкі бэзу. Можна мне сарваць толькі адну галінку для яе?
Цётка Каця ўсміхнулася, падышла да бэзу і сама адламала некалькі галінак.
– Калі мамін дзень нараджэння, тады трымай! – працягнула яна Слаўку букет. – Але, ведаеш, на тваім месцы я для мамы пасадзіла бы пад яе акном цэлы куст бэзу. Кожны год вясной ён радаваў бы тваю матулю сваімі пахкімі кветкамі.
– Шчыры дзякуй! Я падумаю, – сказаў Слаўка і паехаў дадому ставіць кветкі ў вазу з вадой.
Настала лета. Хлопчык не забыўся на тое, што казала яму цётка Каця, і расказаў пра гэта бацьку.
– Добрая ідэя, – задумаўся ён. – Мы абавязкова купім некалькі кустоў махровага бэзу і пасадзім іх пад нашымі вокнамі.
У адзін з нядзельных восеньскіх дзён яны ўдваіх адправіліся на рынак і выбралі там самыя лепшыя кусты белага і ружовага бэзу. А прыехаўшы дадому, пасадзілі іх у двары. Прайшло некалькі гадоў. Кусты добра прыжыліся, падраслі і пачалі цвісці.
З таго часу кожны год у канцы вясны пад вокнамі Слаўкінай кватэры зацвітае бэз, і яго водар пранікае ў пакоі. Тады мама ўсміхаецца і кажа ўсім:
– Адчуваеце? Як прыемна пахне бэз!
Яна адчыняе акно і доўга-доўга глядзіць на кветкі. А Слаўка назірае за ёй і думае пра тое, як добра, што ў жыцці можна дарыць адно аднаму вось такія прыемныя хвілінкі радасці і шчасця!
p.s. На маім фота кусты матулінага бэзу. Яна іх пасадзіла каля нашага дома разам з бацькам у далёкім 1984 годзе. Кожную вясну я з паздякаю і любоўю гляджу на цудоўныя духмяныя кветкі.
Гэты аповед на рускай мове
24.01.14