Бычок-музыкант (чытае Ліка Пташук)
Жыў-быў Бычок. Кожны дзень ён прыходзіў пасвіцца на поле, дзе з вышыні на зямлю лілася Музыка. Там, на самай верхавіне неба, спяваў Жаўрук!
На досвітку, як толькі першыя прамяні асвятлялі зямлю, Жаўрук узлятаў у неба і вітаў ранішняе Сонейка. Ён спяваў яму свае пяшчотныя песні цэлы дзень. І толькі ўвечар, калі пачынала цямнець, нястомны спявак спускаўся ва ўтульнае гняздзечка ў ямачцы на полі, побач з тым месцам, дзе заўсёды пасвіўся Бычок.Бычок жа дзень за днём з захапленнем слухаў спевы маленькай птушачкі. Але ён саромеўся запытацца ў Жаўрука, як той навучыўся так добра спяваць і адкуль ведае столькі розных песень.
Аднойчы таленавіты нябесны спявак сам загаварыў з Бычком. Ён спытаў у яго, калі прыйдзе восень. Жаўрук не мог зімаваць на мёрзлай зямлі і на снезе. Увосень, да надыходу халадоў, яму трэба было ляцець у вырай, каб там перачакаць халодную зіму. Даведаўшыся, што восень ужо на парозе, Жаўрук заспяшаўся. Ён пачаў збіраць сваю сям'ю - жонку і птушанят, якія ўжо падраслі - у далёкую дарогу.
Спачатку Жаўрук стаў укладваць (пакаваць) рэчы. Ён дастаў з гняздзечка свае Ноты і паклаў іх на зямлю.
– Што гэта? – спытаў Бычок.
– Ноты. Па ім я вывучыўся спяваць, – адказала птушка.
Пачуўшы гэта, Бычок стаў упрошваць Жаўрука навучыць яго нотнай грамаце. Бычку заўсёды хацелася стаць музыкантам! Вядома ж, Жаўрук адразу ж пагадзіўся і дапамог Бычку асвоіць нотную грамату. Ён нават падарыў яму свае Ноты!
Неўзабаве сям'я Жаўрука паляцела ў вырай. А Бычок усю восень і зіму сам вучыўся Музыцы па Нотах і вывучыў усе песні Жаўрука на памяць. Бабёр з лесу, пачуўшы пра такое захапленне Бычка, падарыў яму дудку, якую выстругаў з дубовай галінкі. Да вясны Бычок ужо нядрэнна найграваў на дудцы некалькі мелодый па Нотам Жаўрука.
І вось калі Жаўрук вярнуўся з поўдня і звіў сабе новае гняздзечка ў полі, Бычок змог сыграць на дудцы мелодыі песень.
– Як добра, што ты навучыўся іграць! – пахваліў яго Жаўрук. – Зараз зможаш мне падыграць, калі я буду спяваць!
Вы не ўяўляеце, як абрадаваўся Бычок! Ён так марыў пра гэта!
Цяпер штораніцы, як толькі Жаўрук узлятае высока ў неба і пачынае спяваць, Бычок вельмі добра акампануе яму на сваёй дудцы. А ўсе жабы ў сажалцы, Бабёр і нават рыбкі з задавальненнем слухаюць Жаўрука і Бычка, таму што іх песні ласкавыя і вельмі прыгожыя.
Гэтая казка на рускай мове
20.01.14