Бычок-музыкант (читает автор) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Бычок-музыкант (читает автор)
Бычок-музыкант (читает автор)
     
Жыў-быў Бычок. Кожны дзень ён прыходзіў пасвіцца на поле, дзе з вышыні на зямлю лілася Музыка. Там, на самай верхавіне неба, спяваў Жаўрук!      На досвітку, як толькі першыя прамяні асвятлялі зямлю, Жаўрук узлятаў у неба і вітаў ранішняе Сонейка. Ён спяваў яму свае пяшчотныя песні цэлы дзень. І толькі ўвечар, калі пачынала цямнець, нястомны спявак спускаўся ў утульнае гняздзечка ў ямачцы на полі, побач з тым месцам, дзе заўсёды пасвіўся Бычок.
     Бычок жа дзень за днём з захапленнем слухаў спевы маленькай птушачкі. Аднак увесь час ён саромеўся запытацца ў Жаўрука, як той навучыўся так добра спяваць і адкуль ведае столькі розных песень.
     Аднойчы таленавіты нябесны спявак сам загаварыў з Бычком. Ён спытаў у яго, калі прыйдзе восень. Жаўрук не мог зімаваць на мёрзлай зямлі і на снезе. Увосень, да надыходу халадоў, яму трэба было ляцець на Поўдзень у вырай, каб там перачакаць халодную зіму. Даведаўшыся, што восень ужо на парозе, Жаўрук заспяшаўся. Ён пачаў збіраць сваю сям'ю, жонку і птушанят, якія ўжо падраслі, у далёкую дарогу.
     Спачатку Жаўрук стаў укладваць рэчы. Ён дастаў з гняздзечка свае Ноты і паклаў іх на зямлю.
     – Што гэта? – спытаў Бычок.
     – Ноты. Па ім я вывучыўся спяваць, – адказала птушка.
     Пачуўшы гэта, Бычок стаў упрошваць Жаўрука навучыць яго нотнай грамаце. Бычку заўсёды хацелася стаць музыкантам! Вядома ж, Жаўрук адразу ж пагадзіўся і дапамог Бычку асвоіць нотную грамату. Ён нават падарыў яму свае Ноты!
     Неўзабаве сям'я Жаўрука паляцела ў вырай. А Бычок усю восень і зіму сам вучыўся Музыцы па Нотах і вывучыў усе песні Жаўрука на памяць. Бабёр з лесу, пачуўшы пра такое захапленне Бычка, падарыў яму дудку, якую выстругаў з дубовай галінкі. Да вясны Бычок ужо нядрэнна найграваў на дудцы некалькі мелодый па Нотах Жаўрука.
     І вось калі Жаўрук вярнуўся з Поўдня і звіў сабе новае гняздзечка ў полі, Бычок змог пахваліцца і сыграць на дудцы мелодыі песень.
     – Як добра, што ты навучыўся іграць! – пахваліў яго Жаўрук. – Зараз ты зможаш мне падыграць, калі я буду спяваць!
     Вы не ўяўляеце, як абрадаваўся Бычок! Ён так марыў пра гэта!
     
     Цяпер штораніцы, як толькі Жаўрук узлятае высока ў неба і пачынае спяваць, Бычок вельмі добра акампануе яму на сваёй дудцы. А ўсе жабы ў сажалцы, Бабёр і нават рыбкі з задавальненнем слухаюць Жаўрука і Бычка, таму што іх песні далікатныя ласкавыя і вельмі прыгожыя.
     
     Эта сказка на белорусском языке
23.08.09