Навагодняя Ёлка на старым двары - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Навагодняя Ёлка на старым двары
Навагодняя Ёлка на старым двары
Яшчэ нядаўна сям'я Алінкі і Ягоркі жыла разам з бабуляй і дзядулем у вялікім горадзе. Але тата з мамай вырашылі пераехаць жыць у зусім яшчэ малады гарадок. Тут ім прапанавалі вельмі добрую цікавую працу. Дзеці, вядома ж, паехалі туды разам са сваімі бацькамі. А іх старыя не захацелі пакідаць роднае месца.      Алінка з Ягоркам часта пішуць пісьмы і тэлефануюць бабулі з дзядулем, але бачацца з імі рэдка. І таму вельмі сумуюць. Дзеці ўспамінаюць свой стары двор, і ім хочацца зноў апынуцца там.
     – Мама! Мы хутка паедзем да бабулі? – пытаецца ў мамы Алінка.
     – Калі ў нас з татам на працы будзе адпачынак улетку, мы абавязкова з'ездзім пагасцяваць да бабулі з дзядулем.
     – І Белку возьмем з сабой? – цікавіцца Ягор.
     Белка – іх пухнатая маладая кошачка. Яе падарыла сяброўка мамы. Брат з сястрой любяць гуляць з гэтым маленькім беласнежным камячком.
     – Возьмем.
     – Праўда, яна падобная на снегавічка? – усміхаюцца дзеці.
     – Так, падобная, – і мама ўсміхнулася ў адказ.
     Алінка з Ягоркам успомнілі пра снегавіка, таму што сёння першы дзень зімы, а на вуліцы ўчора выпаў снег, падмарозіла і запахла надыходзячым Новым годам!
     – А давай напішам пісьмо Дзеду Марозу і папросім у яго навагоднія падарункі, – задуменна кажа дзяўчынка, гледзячы ў акно.
     – Давай! Я папрашу канькі. А ты што? – адгукаецца хлопчык.
     – І я канькі, бо старыя мне ўжо малыя. Тады мы з табой зможам усю зіму хадзіць на каток!
     – І ты навучыш мяне катацца? – пытаецца ў сястры яе малодшы брацік.
     – Вядома, навучу!
     І вось ужо на стале ляжыць чысты ліст паперы. Алінка акуратна выводзіць словы, стараючыся нічога не сапсаваць.
     – Ведаеш што! – кажа Ягорка. – Давай папросім у Дзядулі Мароза падарунак і для бабулі з дзядулем. Яны ніколі нічога ў яго не прасілі. А ім таксама хочацца падарункаў, хоць яны ўжо і не маленькія.
     Алінка задумалася. Яна ўспомніла ціхі стары двор. Там жывуць адны старыя. У яе з Ягоркам у тым двары не было аднагодак. Затое яны пасябравалі з усімі бабулямі і дзядулямі. Дзяўчынка памятае гісторыі гэтых людзей. Бабуля часта распавядала ўнучцы пра сваіх суседзяў, бо пражыла побач з імі ўсё сваё жыццё.
     Вось Марыя Паўлаўна, што жыла насупраць іх кватэры, адзінокая. Яна шмат гадоў працавала настаўніцай у школе. У яе ёсць рыжы кот Васька. На першым паверсе жыве дзед Міхась з бабуляй Надзяй. У іх дарослыя дзеці, якія таксама даўно з'ехалі ў іншы горад.
     "Усім ім там сумна, – задуменна разважала Алінка. – На Новы год яны не ўпрыгожваюць сапраўдных Ёлак. Хоць старых ёлачых цацак ва ўсіх вельмі многа. Я памятаю, як бабулькі мне іх паказвалі".
     – Ягорка, я вырашыла, што папрашу ў Дзядулі Мароза вялікую сапраўдную навагоднюю Ёлку. Хай ён загадае сваім памочнікам, зайчыкам, паставіць яе ў нашым старым двары. Бабуля з дзядулем і ўсе суседзі ўбачаць Ёлку з акна і будуць любавацца ёю.
     – Правільна! – адклікнуўся брацік. – Я ведаю, яны ўсе ўбачаць Ёлку са сваіх акенцаў і пабягуць у двор, каб дакрануцца да яе зялёных лапак і бліскучага дожджыка!
     – Ці павесіць на яе галінкі свае ёлачныя цацкі! – засмяялася ад захаплення сястрычка.
     Задаволеныя выдумкай дзеці запляскалі ў ладкі, і ў іх вачах зайгралі шчаслівыя агеньчыкі. На наступны дзень пісьмо да Дзядулі Мароза ўжо ляжала ў паштовай скрыні, каб адправіцца ў далёкае вандраванне.
     Увесь месяц дзеці разважалі, ці выканае Дзядуля Мароз іх просьбу. Яны нават не так перажывалі за свае канькі, колькі хваляваліся за навагоднюю Ёлку. І вось калі Дзядуля Мароз прачытаў пісьмо дзяцей, ён не змог не выканаць іх жаданне. Дзядуля паслаў зайчыкаў з навагодняй Ёлкай у двор, дзе жылі бабуля з дзядулем.
     Раніцай трыццаць першага снежня лясная прыгажуня была знойдзена жыхарамі старога двара. Як і прадказваў Ягорка, усе яны, не верачы сваім вачам, выйшлі ў двор, каб памацаць зялёныя лапкі сапраўднай навагодняй Ёлкі! На ёй пераліваўся рознакаляровы дожджык, а на верхавіне гарэла Калядная зорачка. І тады бабулі дасталі з каморак самыя лепшыя ёлачныя цацкі і ўпрыгожылі імі сваю нечаканую цудоўную госцю.
     У навагоднюю ноч, на шчасце Алінкі з Ягоркам, пад Ёлачкай у іх кватэры ляжалі дзве пары новенькіх канькоў, а з тэлефоннай трубкі раздаваліся радасныя галасы дзядулі з бабуляй. Яны захоплена распавядалі сваю незвычайную гісторыю з навагодняй Ёлкай. Гэтая лясная прыгажуня, як па чараўніцтве, раптоўна паўстала ў іх ціхім старым панадворку і прынесла ва ўсе кватэры цудоўны навагодні настрой, шмат усмешак і шчасця!
     
     Гэтая казка на рускай мове
13.01.14