Зязюля (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Зязюля (чытае Ліка Пташук)
Зязюля (чытае Ліка Пташук)
Даўным-даўно жыла ў лесе нікому тады яшчэ не вядомая птушка. Не ўмела яна хораша спяваць і выводзіць звонкія трэлі так, як гэта робяць іншыя птушкі. Вядома ж, птушка вельмі хацела навучыцца спяваць па-сапраўднаму, але нічога лепш глухіх "Ку-Ку, Ку-Ку, Ку-Ку" ў яе ніяк не атрымлівалася. Засмучаная, яна садзілася на галінку дрэва і рупліва трэніравалася, усё яшчэ спадзяючыся навучыцца правільна і хораша спяваць.      Аднойчы, пралятаючы над лесам, пачуў Анёлачак, як нейкая птушка старанна выводзіць сваё "Ку-Ку". Злічыў ён да ста, а то і больш гэтых самых "Ку-Ку" і падумаў: "Навучу ж я яе добрай справе. Няхай кукуе людзям столькі раз, колькі ім яшчэ жыць на белым свеце. І няхай усім кукуе доўга-доўга, бо добрыя людзі, пражыўшы на свеце шмат гадоў, і спраў добрых зробяць болей".
     Падляцеў Анёлачак да птушкі і кажа:
     − Хай жа твая стараннасць стане на карысць людзям, а кожны твой "Ку-Ку" падорыць чалавеку год яго шчаслівага жыцця!
     
     Вось так птушка і стала прадказальніцай. Людзі далі ёй мянушку – Зязюля. І хадзілі яны да яе ў лес, каб даведацца, як доўга ім яшчэ жыць на белым свеце. А Зязюля нікому не шкадавала шчаслівых гадоў жыцця. Яна старанна кукавала і кукавала кожнаму, хто прыходзіў да яе.
     Але аднойчы здарылася непрадбачанае. Вылез з ляснога балота Чорт, каб даведацца, колькі ж яму Зязюля накукуе. Ён сказаў ёй:
     − Кукуй мне без перапынку дзень і ноч, дзень і ноч, а то і табе, і твайму птушаню жыцця не будзе!
     Спалохалася Зязюля Чортавых пагроз і паляцела далёка-далёка ўглыб непраходнага лесу і птушаняці з сабой панесла. Толькі маленькае "Ку" ўпусціла выпадкова. Пагнаўся за ёй Чорт, але так і не змог дагнаць. Лоўка схавалася Зязюля ў лесе! Раззлаваўся Чорт, але няма чаго рабіць. Вярнуўся ён назад і палез у сваё балота, дзе неўзабаве і патануў.
     З тых часоў людзі не бачаць Зязюлю ў лесе, так далёка хаваецца яна ад усіх у непраходным гушчары. Але сваё "Ку-Ку" птушачка не забылася і па-ранейшаму дорыць усім добрым людзям мноства гадоў шчаслівага жыцця.
     
     
     Гэтая казка на рускай мове
15.03.13