Кікімара балотная (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Кікімара балотная (чытае Ліка Пташук)
Кікімара балотная (чытае Ліка Пташук)
Жыла-была Кікімара ў балоце шмат гадоў, пакуль не састарэла сама, а яе балота зусім не высахла. І стала старая Кікімара бяздомнай. Сядзіць яна каля сухога балота і гаруе. А Сонейка ўбачыла яе і кажа:      – Не гаруй, Кікімара, ідзі ў лес, там убачыш возера. Жывуць у ім чырвоныя лупатыя ракі. Усё б добра, але яны такія няўрымслівыя – грабуць і грабуць пясок ды гліну з дна возера сваімі вялікімі клюшнямі. Усю ваду замуцілі так, што возера цяпер падобна на балота. У цёмнай і бруднай вадзе нават рыбы жыць не могуць. Ты, Кікімара, ведаеш, як уціхамірыць гэтых гарэз. Калі возера стане чысцей, рыбы зноў паселяцца ў ім.
     – Добра, я паспрабую, – пагадзілася Кікімара і адправілася шукаць лясное возера.
     А возера і сапраўды было такое бруднае, што нават Кікімара, якая прывыкла жыць у балоце, была здзіўлена.
     – Гэй вы, свавольнікі! – закрычала яна на ракаў. – А ну, марш пад карчагу! Хопіць вам тут муціць ваду! – пры гэтым Кікімара так замахала лапамі і хвастом, так затрэсла кудлатай галавой, што спалоханыя ракі тут жа разбегліся ў розныя бакі.
     Паступова вада супакоілася і стала празрыстай. І тады сонечныя праменьчыкі змаглі дастаць да самага дна і асвяціць усе перламутравыя ракавінкі і каменьчыкі. На возеры пачалі расці зялёнае багавінне і далікатныя гарлачыкі з бліскучымі жоўценькімі галоўкамі.
     А потым у чыстую ваду прыплыла шмат вялікіх рыб і маленькіх рыбінак. Іх спінкі, размаляваныя ў незвычайна прыгожыя колеры, пераліваліся на Сонейку.
     Матылькі і стракозы адразу ж заўважылі, як папрыгажэла лясное возера, і таксама сталі прылятаць сюды. Яны садзіліся на пялёсткі кветак і глядзелі, як у люстэрка, на сваё адлюстраванне ў чыстай вадзе.
     Вось толькі няўрымслівыя ракі не жадалі сядзець пад карчагай. Яны выпаўзалі з-пад яе і імкнуліся ўхапіць сваімі клюшнямі дробную рыбінку за хвост. Але строгая Кікімара так прыкрыкнула на іх, што чырвонапузым ракам нічога не заставалася, як ізноў уцячы пад карчагу.
     З таго часу Кікімара сочыць за парадкам на лясным возеры. А яно стала настолькі чыстым і прыгожым, што нават цудоўныя белыя лебедзі ўвесну селяцца на ім! І птушкі зусім не баяцца глядзець на непрыгожую Кікімару, яны нават пасябравалі з ёй, таму што старая Кікімара мудрая і шмат чаму добраму можа навучыць.
     
     
     Гэтая казка на рускай мове
10.12.13