Бабуліны казкі (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Бабуліны казкі (чытае Ліка Пташук)
Бабуліны казкі (чытае Ліка Пташук)
Софачка гасцявала ў бабулі. Дзяўчынцы падабалася, што бабуля дазваляла ёй намнога больш, чым мама з татам. Тут яна магла пазней легчы спаць і нават трошкі паглядзець тэлевізар пасля перадачы "Калыханка". Бабуля песціла яе ласункамі, садавіной. Цікавей за ласункі і тэлевізар для Софачкі былі прагулкі з бабуляй. Яны гулялі ўсюды: у парку, ля возера, у батанічным садзе, а яшчэ любілі хадзіць у кіно, на выставы, у заапарк.      Больш за ўсё Софачцы падабалася прагульвацца ў парку, які быў каля бабулінага дома. Яна любіла пабегаць ці пакатацца на веласіпедзе па алеі са старых дрэў. Уздоўж алеі стаялі лаўкі. Звычайна бабуля ўсаджвалася на адну з іх, а ўнучка гуляла побач.
     Вось і сёння яны вырашылі, што пойдуць прагуляцца па сваёй алеі. Надвор'е выдалася цудоўнае. Восеньскае Сонейка асвятляла дрэвы і алею, абсыпаную залацістым лісцем. Софачка падняла з зямлі некалькі лісточкаў і паказала іх бабулі.
     − Бабуля, чыё гэта лісце?
     − Вось − ліст клёна, − бабуля паказала на шырокі ліст, падобны на зорку. − А гэта − ліст дуба, − яна махнула рукой у бок невялікага жоўтага ліста.
     − Значыць, тут можна знайсці жалуды? − здагадалася ўнучка.
     − Вядома. Калі хочаш, пашукай іх вунь там, каля Дуба.
     Софачка азірнулася і паглядзела на дрэва. Яно было вельмі высокае. Каб убачыць верхавіну, дзяўчынцы прыйшлося задраць галаву высока ўгару. Лісце на Дубе было чырвона-жоўтага колеру, а тоўстая кара ўся патрэскалася. Ствол здаваўся такім шырокім, што за ім можна было б схавацца тром такім дзяўчынкам, як яна.
     Софачка абышла вакол Дуба і прамовіла:
     − Дуб! Які ж ты вялікі і стары! Табе, напэўна, столькі ж гадоў, колькі маёй бабулі.
     − Не, − адказваў Дуб. − Я старэйшы за тваю бабулю на цэлых дзвесце гадоў. Я добра памятаю той час, калі яна была такой жа дзяўчынкай, як ты, і прыходзіла сюды разам са сваёй матуляй.
     − Сапраўды? − здзівілася Софачка. − І ты размаўляў з ёй?
     − Не. Я не казаў ёй нічога, а яна ў мяне нічога не пытала. Толькі любіла сядзець на лаўцы і чытаць кніжкі.
     Софачка азірнулася на бабулю. Тая сядзела на лаўцы, уткнуўшыся ў нейкі часопіс. "Цікава, − падумала ўнучка, − а што яна чытала тады?" Дзяўчынка падышла да сваёй бабулі і пацікавілася:
     − Бабуля! А што ты чытала тут, калі была такая ж маленькая, як я?
     Бабуля здзіўлена зірнула на ўнучку:
     − Адкуль ты ведаеш, што я тут тады чытала?
     − Мне сказаў пра гэта стары Дуб!
     Бабуля паглядзела ўгару на дрэва і ўсміхнулася:
     − Ах, гэты ўсёвед! Так! Я любіла чытаць. Асабліва, мне падабаліся казкі.
     − А яны ў цябе яшчэ захаваліся, бабулечка? − спытала Софачка.
     − Вядома. Дома яны стаяць у кніжнай шафе, − адказала бабуля.
     − Тады хутчэй пойдзем дадому, возьмем іх і пачытаем тут разам! − рашуча прамовіла ўнучка і пацягнула бабулю дахаты.
     
     p.s. Ілюстрацыя да казкі Анастасіі Балыш
     
     Гэтая казка на рускай мове
28.02.13