Раніца ў лесе (чытае Ліка Пташук)
На досвітку ў лесе вельмі ціха, паветра свежае і халаднаватае. Усё навокал у паўдрымоце. Сонца ледзь дакранулася да галінак дрэў, прымушаючы іх паволі прачынацца. Але нікому не хочацца раставацца з недагледжаным салодкім сном. На лясной паляне блакітныя Званочкі яшчэ не ў сілах падняць свае пацяжэлыя ад кропелек ранішняй расы галоўкі, і Дзьмухаўцы толькі-толькі пачынаюць распускаць ярка-жоўтыя касматыя шапкі насустрач сонечным прамяням. А няўрымслівы даўганогі Зайчык ужо выскачыў са сваёй норкі і пабег на ранішнюю прабежку. Ён вельмі настойлівы і мэтанакіраваны. Падтрыманне добрай спартыўнай формы для Зайчыка галоўней за салодкі сон. Выпадкова ён зашамацеў лісцем і зачапіў галінкай дупло суседкі Вавёркі. Тая, прачнуўшыся, ускрыкнула:
− Хто там?− Выбачай, Вавёрачка, − на хаду прагаварыў Зайчык і ўцёк.
А да Вавёркі ўжо і сон не ідзе, адагнаў яго бесталковы Заяц. Высунула яна сваю мордачку з дупла, зажмурылася і пацягнулася. Хоць і не хочацца пакідаць цёплую пасцелю, але на свежым паветры ўсё-такі лепш. Вылезла Вавёрка і выцягнула з дупла свой вялікі пухнаты хвост. Усміхнулася сонцу, а замест ранішняй прабежкі вырашыла пакалыхацца на галінцы дрэва. Гэта так прыемна, і ветрык абдзімае! Унізе, у траве, яна заўважыла Вожыка. "Што такое цягне на сваёй калючай спіне гэты ўпарты працаўнік?" − зацікавілася Вавёрачка.
− Добрай раніцы, Вожык! − працягла павітала яна Вожыка. − Ты куды на досвітку?
− А, прывітанне, Вавёрка! − адгукнуўся Вожык. − Непрыемнасці ў мяне. Маё Важанятка захварэла, кашляе. Прастыла, відаць, учора, калі гуляла каля ручайка. Я схадзіў да Пчол і папрасіў у іх мёду, каб палячыць дзіцяці горлачка. Дзякуй Пчолкам, уважылі, налілі ў арэхавыя шкарлупіны трохі мёду. Нясу малому.
− Нясі, нясі, толькі асцярожней! − параіла Вавёрка.
Даўгахвостая прыслухалася. Ужо прачнуліся і спявалі свае ранішнія песні птушкі. І сярод усёй гэтай разнастайнасці птушыных галасоў Вавёрка пачула тонкія далікатныя пералівы ні з чым не параўнальнага голаса.
"Ніяк Салавей дзесьці спявае? − падумала яна. – Мусіць, Зайчык вяртаецца, храбусціць, наступаючы на сухія леташнія галінкі. Дык, вось і ён!"
− Як збегаў? – запыталася яна.
− Нядрэнна. Добра ў нашым лесе ўлетку! Праўда, Вавёрка?
− А як жа! − адазвалася тая. − Глядзі, якое ў нас сонца, а кветкі, а дрэвы! Чуеш − Салавей спявае. Пабяжым да яго?
− Што ж, бяжым!
Заяц з Вавёркай шчаслівыя, перапоўненыя радасным пачуццём ад прыемнага адчування прыгажосці новай летняй раніцы, пабеглі насустрач музыцы. І яны не беглі, а проста ляцелі па паветры, атрымліваючы асалоду ад палёту: Вавёрка, скачучы з галінкі на галінку, Заяц, высока адрываючыся ад зямлі ў скачках на сваіх доўгіх нагах і заміраючы ад захаплення.
Ах, як добра летняй раніцай у лесе! Не верыце? Прыходзьце сюды на досвітку, не пашкадуеце.
Гэтая казка на рускай мове
18.02.13