Будучыя памочнiкi Дзеда Мароза i Санта-Клаўса
Напярэдадні Каляд і Новага года Санта-Клаўс рыхтаваўся да падарожжа. Ён укладваў у вялікі ўпрыгожаны срэбнымі зорачкамі мяшок падарункі для дзяцей. А яго памочнiкi, гномы, запрагалі ў суперхуткасныя санкі маладых аленяў. Гэтыя алені нарадзіліся ў Лапландыі. Тут іх хата. Санта-Клаўс гадаваў і выхоўваў аленянят з самага дзяцінства. Ён вучыў іх смеласці і цягавітасці, уменню бегаць так жвава, каб яны змаглі нават узляцець у неба. Усё ведаюць, што алені Санты лётаюць па небе, нібы птушкі. Іх ногі настолькі быстрыя, што здольныя падняць санкі разам з Санта-Клаўсам высока над зямлёй!
Маленькае аленяня, якому Санта-Клаўс даў мянушку Саколік, нарадзілася летась. За год Саколiк падрос і цяпер з захапленнем сачыў за сваімі старэйшымі братамі, стройнымі і моцнымі прыгажунамі аленямі, якіх Санта кожны раз бярэ з сабой у падарожжа. Саколіку страшэнна хацелася адправіцца разам з імі ў гэтае займальнае падарожжа. Таму ён набраўся смеласцi, падышоў да Дзядулі і папрасiў:– Санта, калі ласка, вазьмі мяне з сабой!
Санта-Клаўс пагладзіў аленяня па галоўцы і сказаў:
– Мой дарагі Саколік! Ты яшчэ малы для такога далёкага і стомнага падарожжа. Але калі ты вырасцеш і станеш такім жа моцным і цягавітым, як твае браты, то я абавязкова вазьму цябе з сабой.
– А калі гэта адбудзецца? – спытаў Саколiк.
– Напэўна тады, калі ў цябе вырастуць такія ж галінастыя і вялікія рогі, як у тваіх братоў, – адказаў Санта-Клаўс.
Малыш убачыў, як смяюцца, гледзячы на яго, ганарлівыя вочы братоў-аленяў і зразумеў, што гэта адбудзецца яшчэ не скора. Яму стала вельмі сумна. Ён падышоў да мамы-аленiхi, прыціснуўся да яе і заплакаў. Мама зірнула на свайго Саколіка і ціха шапнула яму на вушка:
– Не хвалюйся, сынок. Вось убачыш, ты навучышся ўсяму таму, што ўмеюць твае браты! І тады нават не заўважыш, як хутка адрастуць твае рогі. А зараз давай праводзiм нашых вандроўнікаў і пажадаем ім шчаслiвай дарогi.
Саколiк усміхнуўся. Разам з мамай ён глядзеў, як Санта-Клаўс і гномы садзяцца ў санкі. І вось ужо алені рвануліся наперад, быстра набралі скорасць і паднялі санкі ў неба.
– У добры час! – крычаў Саколiк ім у след. – Вяртайцеся хутчэй, мы будзем чакаць вас на Каляды!
Малыш, вядома ж, не заўважыў, што ў гэтую хвіліну ў яго на галоўцы прабіліся і пачалі расці маленькія аленевыя рожкі…
А ў той жа час удалечыні ад Лапландыі, але ў такім жа суровым паўночным краі заснежаных тайговых лясоў і скаваных ільдамі рэк іншы Дзядуля па іменi Мароз разам са сваёй унучкай Снягуркай таксама рыхтаваўся ў далёкую дарогу. Ён збіраў ва ўпрыгожаны перламутравымі сняжынкамі мяшок навагоднія падарункі для дзяцей. У сядзібе Дзядулі Мароза ўжо былі гатовыя да адпраўлення такія ж сучасныя суперскарасныя санкі, як і ў Санта-Клаўса. У іх запрэглі тройку добрых маладых коней.
Ах, і прыгажуны ж гэтыя коні! Адзiн – чорны як смоль, другi – белы як снег, а трэцi – рыжы, як сонца. Вочы ў коней зіхацяць, на iлбе бомы звіняць, а доўгія грывы і хвасты раздзімаюцца на ветры. Ад нецярпення коні капытамі пастукваюць. Яны ведаюць, што ўмеюць бегаць па зямлі не горш, чым алені Санты-Клаўса могуць лётаць па небе.
Вось ужо ўсё гатова да ад'езду. Толькі штосьці спыняе Дзядулю Мароза, хвалюецца ён!
– Як яна там? – пытае ён ва ўнучкі Снягуркі.
– Ды ўжо разрадзілася, дзякуй Богу, Дзядуля! Я ёй свежай саломкі падаслала і ежу паклала. Не хвалюйся! Усё будзе добра! Паехалі, бо дзеці нас чакаюць-не дачакаюцца!
– Зараз паедзем! – Дзядуля Мароз паставіў свой посах каля санак і пайшоў да канюшні. Хутка зачыніў за сабой дзверы, каб халоднае паветра не ўляцела туды, паглядзеў на жарабіцу і на малыша жарабя. А той ужо на ножкі ўстаў і да мамы цягнецца, каб малачко пасмактаць.
– Вось малайчына! – усміхнуўся Дзядуля Мароз. – Бачу, з цябе вырасце магутны вараны конь!
Дзядуля пагладзіў жарабя па галоўцы, а Снягурка павесiла на шыйку малыша маленькі званочак. Няхай ён стане для жарабя шчаслівым талісманам і абярэгам.
Толькі цяпер Дзядуля Мароз вынес з хаты мяшок з падарункамі і паклаў яго ў санкі. Разам са Снягуркай ён адправіцца ў падарожжа на тройцы быстрых коней па сёлах і гарадах, у тыя месцы, дзе іх чакаюць дзеці. Дзядуля ведае, што яго не падвядуць быстыя i моцныя коні. Усе падарункі дзеці абавязкова атрымаюць да надыходу навагоднiх свят.
А потым Дзядуля Мароз i Снягурка вернуцца ў сваю сядзібу на Крайняй Поўначы, каб паклапаціцца па малышу жарабя і разам з усімі сустрэць Новы год і Каляды.
p.s. ілюстрацыя да казкі мастачкі Анастасіі Балыш.
Гэтая казка на рускай мове
03.01.13