Лiсiны хвост - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Лiсiны  хвост
Лiсiны хвост
Здарылася гэтая гісторыя ў старыя добрыя часы. Жылі ў лесе вавёркі, вожыкі і мышкі, ваўкі і мядзведзі, лісы і зайцы. Такіх звяроў і цяпер можна сустрэць у вялікіх і дрымучых лясах. Але звяры тады былі дружныя, адзін аднаго не крыўдзілі. Улетку збіраліся разам на сонечнай палянцы, песні спявалі і казкі распавядалі. І, вядома ж, усе яны вельмі любiлі сваю хату – густы і прыгожы лес.      У дупле старой хвоі жыла добрая і ласкавая Вавёрка. Можа, за дабрыню падарыў ёй Бог шыкоўны пухнаты хвост. Як выйдзе яна ў лес пагуляць, па дрэвах паскакаць, так усе звяры на яе любуюцца. Вось, маўляў, якая ў нас прыгажуня жыве! Глядзела на яе рыжая Ліса і зайздросціла. У яе ў тыя даўнія часы хвост быў як у Зайчыка – маленькі, куртаты, непрыкметны. "Вось мне б такі хвост, як у Вавёркі, – думала Ліса, – тады б і я ў лесе каралевай славілася".
     Неяк даведалася яна, што ў суседнім лесе, ля самага балота, Бабёр пабудаваў краму з камянёў і штосьці там прадае. Пабегла яна туды, каб усё выглядзець і даведацца, ці так гэта насамрэч. І праўда, стаiць на краю балота каменная хатка, сапраўдная Камянiчка, і шыльда на ёй: "Тавары для лесу". У краме Бабрыха сядзіць, а на прылаўку ў яе шыкоўныя футравыя хвасты ляжаць, доўгія і пухнатыя, розных колераў.
     – Колькі каштуе такі рыжы хвост? – Ліса пытае.
     – Ды не дорага, усяго сто рублёў, – Бабрыха адказвае.
     "Ах, – падумала Ліса, – як бы я жадала яго купіць! Але ў мяне няма грошай". Апусціла яна сваю вострую мордачку ўніз і панура дахаты, у свой лес, паплялася.
     Але вось сышло Лета, і Восень ужо сыйсцi сабралася. Зіма хутка прыйдзе. А Ліса па лесе бегае і ўсё пра той цудоўны хвост думае. Як бы ёй яго атрымаць? Успомніла Ліса, што Зіма заўсёды міма іхняга лесу прабягае і цёплыя зімовыя белыя кажушкі зайчыкам раздае. Шкадуе яна іх, баязліўцаў, і ад холаду беражэ. Дай, думае Ліса, пайду і папрашу ў Зімы гэтыя кажушкі, а адзiн забяру сабе і вымяняю яго ў Бабрыхі на хвост.
     Так Ліса і зрабіла. Падпільнавала Зіму на полі каля лесу. А Зіма спяшаецца, снегам усё поле замяла і хацела ўжо ў лес да зайчыкаў ісці. Але тут Ліса падбягае да яе і кажа:
     – Аддай мне, Зімачка, белыя кажушкі, я сама іх зайчыкам раздам. А ты бяжы далей. У цябе ж шмат клопатаў!
     Пагадзілася Зіма, аддала Лісе белыя кажушкі і далей паляцела снегам палi замятаць.
     Абрадавалася Ліса, у лес пабегла, дзевяці зайчыкам кажушкi аддала, а дзясяты прыхавала і Бабрысе аднесла. І вось ужо ходзіць яна па лесе з шыкоўным рыжым хвастом і выхваляецца перад усімі:
     – Паглядзiце, якi мне хвост Зіма падарыла!
     А сама хвост угару задзирае, каб усе звяры яго бачылі.
     Апранулі дзевяць зайчыкаў белыя кажушкі, цёпла ім, а дзясяты Зайчык усё ў тым жа летнім шэрым кажушку застаўся. Холадна яму ў зімовым лесе, пабег ён у сваю норку і схаваўся там.
     Але вось ужо час далей праляцеў, і Новы год набліжаецца. Хутка Дзед Мароз прыедзе ў лес усіх віншаваць. Пазбiраліся звяры каля навагодняй Ёлкі, упрыгожылі яе і Дзеда Мароза чакаюць. А Дзядуля Мароз хоць і старэнькі, але ўсё разглядзеў. Убачыў ён, што аднаго Зайчыка ў лесе не хапае.
     – Дзе ж ён? – пытае ў звяроў.
     – Ды вось Зіма яму цёплы белы кажушок не дала, – кажуць звяры. – Так ён у норцы хаваецца ад холаду.
     – Нічога страшнага, – Дзед Мароз адказвае. – У суседнім лесе, на ўскраіне балота, стаiць лясная крама, баброва Камянiчка. Я ў яе заходзіў. Там на вітрыне белы кажушок ляжыць, быццам спецыяльна дзеля вашага Зайчыка пашыты.
     – Збегай Ліса, купі яму гэты кажушок, – кажа Дзед Мароз і ёй грошы дае.
     Няма чаго рабіць. Пабегла Ліса, хоць і сорамна ёй стала. Яна ж вінаватая, што дзясяты Зайчык без зімовага кажушка застаўся. Выкупіла Ліска белы кажушок і Зайчыку ў норку аднесла. Апрануўся Зайчык і да ўсіх на палянку прыбег. А звяры чакалі яго і нават карагод вакол Ёлкі з Дзедам Марозам не вадзілі. Сябры адзін аднаго не здраджваюць. Дзед Мароз падарыў усім ім навагоднія падаруначкі і далей пайшоў, у іншы лес.
     І гарэза Ліса разам з усімі ў карагодзе кружылася, толькі хвост больш угару не падымала. Так дагэтуль з апушчаным хвастом і ходзіць па лесе. Відаць усё яшчэ сорамна ёй за тое, што тады ашукала Зайчыка і ўсіх лясных звяроў.
     
     p.s. ілюстрацыя да казкі мастачкі Анастасіі Балыш.
     
     Гэтая казка на рускай мове
3.01.13