Ледзяны Лебедзь (чытаеТамара Вятская) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Ледзяны  Лебедзь (чытаеТамара Вятская)
Ледзяны Лебедзь (чытаеТамара Вятская)
За акном гуляла Завiруха. Вецер намятаў снежныя гурбы вышэй Анюткiнага роста. А калі яна з матуляй ішла з садка дахаты, то ледзяная Завiруха балюча кусала яе за шчочкі, носік і падбародак. Дзяўчынка ўхутвала іх цёплым шалікам. Аднак злая Завiруха не шкадавала яе прыгожых вачэй і сыпала, сыпала сняжок прама на вейкі.      І вось ужо Анютка ў хаце, адаграваецца гарбатай з лiмонам. А за акном усё яшчэ лётае Завiруха і спявае свае любiмыя песні. Толькі дзяўчынцы няма ад іх ніякай радасці. Ды і настрой у дзяўчынкі зусім не вясёлы, таму што яна ведае, як дрэнна цяпер на возеры беламу Лебедзю. Бессардэчная Завiруха толькі адным дакрананнем чарадзейай палачкі ператварыла яго ў ледзянога! Небарака ўжо не зможа нікуды паляцець. Крылы, доўгая шыйка і нават вострая дзюбка Лебедзя сталі ледзянымі! А Завiруха пішчыць і свішча ад радасці, лётаючы вакол свайго прыгожага, быццам зробленага з ледзянога хрусталю нявольнiка.
     "Я так хачу, каб белы Лебедзь адтаў і зноў стаў жывым! – марыла Анютка. – Як жа мне яго выратаваць? Што зрабіць, каб ён збавіўся ад злой Завiрухi і адляцеў у вырай?"
     І тут дзяўчынка ўспомніла пра сваю музычную шкатулачку з чарадзейным сакрэтам. Яна пабегла ў пакой. Шкатулачка па-ранейшаму стаяла на паліцы. Анютка зірнула на залатую птушачку, намаляваную на вечцы шкатулачкі, і прамовіла:
     – Мая дарагая музычная шкатулачка! Калі ласка, адагрэй Лебедзя, якога замарозіла злая Завiруха. І няхай ён адляціць у вырай!
     Затым дзяўчынка ўзяла шкатулачку і пабегла ратаваць няшчаснага Лебедзя. Завiруха палохала яе, шчыпала за шчочкі, носік, падбародак, марозіла ручкі, імкнучыся адабраць чарадзейную шкатулачку. Але Анютка моцна прыціскала да сябе свой скарб.
     Дабраўшыся да возера, яна ўбачыла застылага ад холаду белага Лебедзя. І тады Анютка хуценька прыадчыніла вечка чарадзейнай шкатулачкі! У тое ж імгненне скрыпучы і злы голас Завiрухi заціх. А ў шкатулачцы заспявалі, заціўкалі, зазвінелі звонкія і пяшчотныя птушыныя галасы! Лебедзь адразу ж пачуў спевы чарадзейных птушачак, радасна страпянуўся, выцягнуў доўгую шыйку, расправіў крылы і … адтаў! Потым ён узмахнуў сваімі вялікімі белымі крыламі і паляцеў!
     Анютка доўга з пяшчотай глядзела ўслед прыгожай белай птушцы і ўсміхалася. А Лебедзь, адлятаючы на поўдзень, пракрычаў ёй радасна і гучна на сваёй птушынай мове:
     – Дзякуй табе, добрая дзяўчынка! Ты выратавала мяне ад смерці!
     Неўзабаве вечка шкатулачкі зачынілася, змоўклі птушыныя галасы, і зноў заспявала халодная Завiруха. Анютка нацягнула шалiк на носік, мацней прыціснула да сябе чарадзейную шкатулачку і хуценька пабегла назад у сваю цёплую і ўтульную хату.
     
     Агучванне казкі – Лікі Пташук і Тамары Вятскай
     
     Гэтая казка на рускай мове
7.11.12