На лясной палянцы (чытае аўтар)
У запаведным лесе, дзе жыве шмат звяроў і птушак, а дрэвы прыгожыя і стройныя, на сонечнай палянцы раслі дзве цудоўныя пухнатыя ялінкі-рагатушкi, а недалека ад іх – маладая Яблынька, ціхая і ласкавая. Цёплым сонечным летнім днём ялінкі-весялушкi песенькі спявалі, мяккімі пухнатымі іголачкамі патрэсвалі, верхавінкамі неба даставалі і ўсміхаліся сонейку. А Яблынька на іх паглядала і цешылася разам з імі. Галінкі ў яе доўгія, тонкія і гнуткія, а на іх лісточкі шамацяць, яблычкі наліваюцца.
– Як ты там, Яблынька, пажываеш? Ці не сумна табе? – ялінкі пытаюць.
– Не, не сумна, – Яблынька адказвае, але голас у яе ціхі, ледзь чутны.
– Ды, не журыся ты так! – рагочуць ялінкі. – Глядзі! Сонейка ў небе ярка свеціць і ўсміхаецца нам!
І сапраўды, Яблынька павесялела ад такіх добрых і ласкавых слоў. Песеньку заспявала - тую, што ўчора ёй вясёлы ветрык прынёс.
Усё лета цёпла і ўтульна было ў лесе. Але прыйшлі халады. А ўслед за дажджлівай восенню зіма прымчалася. Не паспелі дрэўцы агледзецца, як іх галінкі скаваў мароз. Але, на шчасце, выпаў сняжок і ўкрыў зямлю тоўстым цёплым пухнатым дываном, а потым і на самі дрэўцы накінуў пухнатыя кажушкі:
– Вось вам зімовае ўбранне! Толькі не замярзайце і ні пра што дрэннае не думайце. Лепш спіце, спіце!
І дрэўцы заснулі. Спяць ялінкі-рагатушкi, спіць Яблынька-ціхоня, і сняцца ім добрыя белыя сны. Непрыкметна прайшоў месяц снежань, потым студзень. Але нельга ж вельмі доўга спаць, бо так і ўсё жыццё праспіш! А вакол столькі прыгажосці!
Расплюшчыла Яблынька адно вочка, потым другое. Глядзіць, на лясной палянцы сонейка ярка свеціць, снег блішчыць.
– Як хораша! – падумала яна.
Зірк! Сiнiчка на яе галінцы сядзіць і песеньку пра вясну спявае. Звонка так!
– Дзінь–дзінь! Дзінь-дзінь! Хутка Вясна прыйдзе! Хутка Вясна прыйдзе!
А Зіма пачула звонкі галасок і раззлавалася:
– Не пушчу Вясну ў лес! Не пушчу!
І зноў закруціла завіруха, неба зацягнулася шэрымі хмарамі, у лесе стала сыра і холадна.
– Спі, Яблынька! Спі! – ціха спяваюць сняжынкі. – Яшчэ не час прачынацца.
Увесь месяц люты праспалі дрэвы ў лесе. І толькі калі надышоў сакавік, Зіма ледзь-ледзь падабрэла і супакоілася.
– Нарэшце, пайду і я на адпачынак! – сказала яна, крэкчучы.
Абрадаваліся сiнiчкi, паляцелі ў лес, уселіся на змёрзлыя галінкі, і снег з іх абсыпаўся ўніз. Паглядзелі птушачкі на шэрае неба. Дзе ж сонца? Няма яго! І давай песні спяваць, сонца клікаць:
– Дзінь-Дзінь! Сонца, прыходзь! Дзінь-Дзінь! Зямлю асвяці! Снег растапі і абудзі дрэвы!
Чуе сонейка – хтосьці там унізе, на зямлі, так хораша спявае! Прыгледзелася, праменьчыкам шэрыя хмары рассунула і сагрэла зямлю. А там ужо ручайкі пабеглі, і снег увесь растаў. Ялінкі прачнуліся і здзівіліся самі сабе:
– Што ж гэта мы, соні, так доўга спім! Вясна прыйшла!
Усміхнуліся адна адной, Яблыньку разбудзілі. А клапатлівая Вясна паглядзела на голыя галінкі Яблынькі і падарыла ёй шаўковае светла-зялёнае плацейка, а ялінкам – маладзенькія мяккiя галінкі.
Прыляцела Сiнiчка, убачыла такіх прыгажунь і праспявала ім сваю вясновую песеньку:
Як жа добра ўсiм вясною
Жыць на белым свеце.
Наша радасць дзiўнай песняй
У сэрцы адгукнецца.
Дзінь-дзінь! Дзінь-дзінь!
Дзінь-дзінь! Дзінь-дзінь!
Гэтая казка на рускай мове
11.12.11