Водар майго дзяцінства - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Водар майго дзяцінства
Водар майго дзяцінства
Сёння ў абед я вырашыла трохі прагуляцца. Неба зацягнута шэрымі аблокамі, але цёпла, і няма ні ветра, ні дажджа. Раніцай балела сэрца. "Яму патрэбена паветра", – вырашыла я і зайшла на некалькі хвілін у скверык каля "чырвонай пажаркі". Гэты скверык тут вельмі даўно, ён быў яшчэ тады, калі я вучылася ў школе. Ды вось і яна, мая школа №12 на вуліцы Мяснікова. Зайшла з боку і любуюся ёю, успамінаючы…      Адрамантавана. Ведаю, што цяпер у ёй педвучылішча. Гэта добра. Будынак стары, але захоўвае вельмі добрую светлую аўру, бо ў ім заўсёды знаходзіліся дзеці. Спачатку гэта была жаночая гімназія, потым 12-я сярэдняя школа, а цяпер ужо педвучылішча.
     Вунь тыя вокны, у сярэдзіне будынка на трэцім паверсе, гэта мой былы клас. У гэтай школе я вучылася з першага па шосты клас, потым – у апошнім 10-А класе. Мне было вельмі цёпла і ўтульна ў гэтай школе. Як кажуць, яна была маім другім домам. "Можа быць, зайсці, спытаць, як тут цяпер вучацца, і паглядзець на класы?" – падумала я, але пасаромелася і не пайшла. Калі-небудзь у іншы раз зайду абавязкова.
     Гляджу на панадворак за школай. Там была вялікая гара. А цяпер яе няма – знеслі. Але я памятаю гэту стромкую гару, з якой зімой штораз мы з'язджалі на кардоне па ледзяной дарожцы. Хоць было ой як страшна!
     Успамінаю…
     Як хадзіла ў школу з карычневым скураным партфелем і мяшком з чорнага саціну на рызінцы, дзе ляжалі мае сандалі для перапранання.
     Успамінаю…
     Так, гэта пахі, тыя, што так урэзаліся ў маю дзіцячую свядомасць, што я адчуваю іх цяпер! Яны пераносяць мяне туды, у свет майго дзяцінства. Перад вачамі ўсплываюць малюначкі, нібы ў цудоўным светлым і шчаслівым дзіцячым сне, сне, дзе няма ні злосці, ні жорсткасці, ні бясконцых клопатаў. І вось ужо ўсе пражытыя мной гады, нібы ў шалёнай каруселі, пракручваюцца назад. Кудысьці сыходзіць мітусня, усё спыняецца і заціхае. І я быццам скінула з сябе груз гэтых гадоў і адчула сябе той ранейшай маленькай дзяўчынкай з дзвюма касічкамі за плячамі.
     Мае адчуванні…
     Адчуваю пахі і бачу ўсё, быццам я цяпер там! Пах скуры майго партфеля, пах глянцавых сшыткаў у аддаючую сінню клетку, пах чарніла ў чарніліцы, пах першай нямецкай шарыкавай ручкі з чатырма рознакаляровымі стрыжнямі, пах дзённіка, пах чорных гумовых мячоў у спартзале.
     Пахі…
     Я адчуваю пах каніфолі на скрыпцы і смычку, пах піяніна ў музычным класе. А гэта, гэта што за пах? Так, гэта пах хаты, садовых рамонкаў і вяргіні, пах рысавага супу і бульбяной бабкі, пах смажанай бульбачкі, пах манпансье і какавы ў брыкетыках, пах цукеркі “гусіная лапка”, пах барбарыса, пах апілак ў адрыне і кляновага лісця ў двары.
     Я ўдыхаю забытыя пахі, а яны адзін за адным усплываюць у памяці і адлюстроўваюцца ў рэальных выявах майго дзіцячага жыцця. Я не магу адарвацца, вырвацца з таго жыцця. Яно быццам праглынула мяне і зняла груз пражытых гадоў. Гэта дзіўна!
     Гляджу на вуліцу і не пазнаю яе. Перад вачамі – шчаслівыя дзіцячыя ўражанні, і то, якой была гэта вуліца тады. Але трэба вяртацца на працу. Іду да працы, і паступова гады, пражытыя мной, пачынаюць вяртацца. Цяпер мне ўспамінаюцца гады юнацтва, першыя гады працы тут, у гэтым інстытуце, я ўспамінаю сябе маладой вясёлай і бестурботнай. На сэрцы лёгка і прыемна. Заходжу ў пакой і падыходжу да свайго працоўнага стала. Разумею, што мае ўспаміны яшчэ не зусім зніклі, не сцерліся. Можа быць, яны дапамогуць мне стаць маладзейшай і вярнуць тыя ранейшыя адчуванні радасці і шчасця.
     
      Гэты аповед на рускай мове
29.01.08
Каталог TUT.BY Rambler's Top100