Маё малалецтва і юнацтва - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Маё малалецтва і юнацтва
Маё малалецтва і юнацтва
Але ў трынаццаць гадоў я пачала імкліва змяняць сваё ўяўленне пра родны горад, таму што мая сям'я перасялілася на новую кватэру ў новы мікрараён, які размясціўся на вуліцы Скрыганава. Ён быў цалкам пабудаваны і вельмі хутка засяляўся новымі жыхарамі. У цэнтры мікрараёна пабудавалі два дзіцячых садка і новую школа №16.      Колькі радасці і шчасця адчулі ўсе мы – і дзеці, і дарослыя. Скончылася антысанітарыя. У кватэры заўсёды была цёплая вада. І няхай туалет сумешчаны з санвузлом у ванным пакоі, але гэта ўжо не тое, што халодны з мухамі і чарвякамі на вуліцы.
     Нават мыццё посуду цёплай вадой з-пад крана нам дзецям цяпер давала задавальненне. А газавая пліта! Не важна, што яна дзвюх канфорачная (а чатырох канфорачнай мы ўсё роўна ніколі не бачылі). Але яе не трэба было тапіць дровамі і брыкетам, на ёй у любы момант днём і ўначы можна закіпяціць чайнік ці разагрэць ежу. А мама трохі тужыла па сваёй рускай печы, у якой усё атрымлівалася смачней – і бабка і курыны суп. Хаця, у духоўцы газавай пліты яна гатавала тую ж бабку і вельмі смачныя пышныя пірагі да святаў.
     Тры новенькія ярка жоўтыя пяціпавярховыя хрушчоўскія дамы №3, №5, №9 выстраіліся ў шэраг і ў сонечны дзень нагадвалі жаўтаротых куранят, якія толькі што вылупіліся з яек. Мая сям'я пасялілася ў сярэднім доме №5, у трэцім пад'ездзе, а сям'я маёй сяброўкі Люды, з якой мы з дзіцячых гадоў гулялі ў двары нашага старога дома на Розы Люксембург – у першым пад'ездзе. Неўзабаве мы з Людай пазнаёміліся са сваімі аднагодкамі, якія жылі ў суседніх дамах. І не важна, што ўсе дзеці хадзілі ў розныя школы, таму што шмат каго бацькі не перавадзілі ў новую школу №16, якая толькі што адкрылася побач. Усім нам было вельмі цікава разам сябраваць. Мы гулялі ў мяч, каталіся на арэлях, хадзілі ў кіно. А дзяўчынкі ўжо на ўсю моц какетнічалі з хлапчукамі. І, вядома ж, улюбляліся.
     Першае каханне.… Гэта каханне немагчыма забыць ніколі. Столькі перажыванняў, утоеных ні з кім не падзеленых эмоцый! Столькі слёз у падушку! А як трапятала сэрца пры выпадковай сустрэчы з ім! Калі немагчыма было адвесці позірк ад хлапчука, у якога закахалася да страты прытомнасці. Але ніколі, ні за што на свеце я ў той час не змагла б прамовіць услых, што так моцна кахаю, ніколі – ні ў яго прысутнасці, ні ў прысутнасці сваіх сябровак, ні ў прысутнасці маёй мамы. Гэта каханне, такое гарачае і палкае, але неўзаемнае, засталося назаўжды толькі ў маім сэрцы, як каштоўны ўспамін пра той юны і бестурботны час, калі я была дзяўчынкай-падлеткам.
     Вакол нашых дамоў кожную вясну расквіталі сады. Дзякуючы розуму людзей, якія будавалі дамы ў гэтым мікрараёне, некранутымі пасля зносу старых драўляных дамоў засталіся фруктовыя дрэвы. Я вельмі любіла белыя вясновыя сады. Акно пакоя, дзе я жыла і заўсёды рабіла ўрокі, глядзела прама ў сад. Увесну водар квітнеючых вішань, яблынь, язміну і бэзу напаўняў мой пакой…
     Апынуўшыся на новым месцы, я ўбачыла, што Мінск не такі ўжо і маленькі. У ім ёсць не толькі галоўны праспект, Дом Урада і чыгуначны вакзал, але і іншыя шырокія вуліцы, плошчы. Я даведалася, што на Юбілейнай плошчы знаходзіцца вялікі новы кінатэатр "Беларусь", а побач з ім размешчаны Юбілейны базар. Шкада, што базар не захаваўся на тым месцы, затое кінатэатр пасля перабудовы стаў яшчэ лепш, сучасней. Уздоўж вуліцы Апанскага (зараз Кальварыйскай) у той час ужо стаялі вялікія жылыя дамы, далей размяшчалася абутковая фабрыка, справа перад мостам праз чыгунку знаходзілася цацачная фабрыка, за мостам злева – драўляны кінатэатр "Нёман" і пратэзны завод, яшчэ далей Кальварыйскія могілкі.
     Справа, не даязджаючы да Кальварыйскіх могілак, і размясціўся новы мікрараён. У той час яго пабудавалі для такіх, як мы, жыхароў Мінска, якія туліліся ў старых даваенных драўляных дамах і бараках без выгод. Цяпер побач з хрушчоўскімі пяціпавярхоўкамі, якія ўжо страцілі сваю прывабнасць, на іншым боку вуліцы Скрыганова ўзвялі новы мікрараён "Каскад" з вышыннымі дамамі. А тады на тым месцы стаялі старыя даваенныя драўляныя дамы, якія былі абкружаныя пакрывіўшыміся драўлянымі штыкетнікамі, што пазарасталі палынам і дзядоўнікам.
     Мая школьная сяброўка Ларыса, якая да таго часу жыла ў бараку на вуліцы Мяснікова, таксама патрапіла ў новы мікрараён. Яна (яе сям'я) пасялілася ў доме №9, ён размяшчаўся недалёка ад нашага. Астатнія ж сем'і з майго старога двара рассяліліся па іншых мікрараёнах – на вуліцу К.Лібкнехта, Альшэўскага. Як відаць, у той час "хрушчоўкі" у нашым горадзе, як і па ўсёй краіне, будаваліся вельмі хутка.
     
      Гэты аповед на рускай мове
19.09.23
Каталог TUT.BY Rambler's Top100