18 частка. Працяг працоўнай дзейнасці - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
18 частка. Працяг працоўнай дзейнасці
18 частка. Працяг працоўнай дзейнасці
     
Час бег наперад. Новыя перадавыя тэхналогіі даходзілі і да нашага інстытута. Праз чатыры гады, у сакавіку 1979 года мяне паслалі ва ўкраінскі горад Севераданецк павялічваць сваю праграмісткую кваліфікацыю. У той час шмат супрацоўнікаў нашага інстытута ўжо пабывалі там. Інстытуту неабходна было рыхтаваць праграмістаў для працы на малых ЭВМ.      Два месяца на сонечнай і цёплай украінскай зямлі я правяла ў напружаным вывучэнні структуры і спосабаў праграміравання на найноўшых па тых часах малых вылічальных машынах СМ ЭВМ, якія мелі магчымасць стварэння праграмных модуляў, працуючых ў сістэме рэальнага часу і кіруючых тэхналагічным працэсам. У горадзе Севераданецку выпускалі такія машыны і адначасна рыхтавалі спецыялістаў для працы на іх. На курсах я навучалася працаваць на СМ-2 і М-6000. Шмат з таго, што я вывучала, мне зусім не спатрэбілася, але я пабывала ва Ўкраіне, яе паўднёвай частцы, убачыла квітнеючую сонечную вясну, якая пачыналася з сакавіка месяца. Гарадок было невялікі, і размяшчаўся, як пра гэта казалі, на дне высахшага возера. Запомніўся смачны барадзінскі хлеб, салодкі чорны як вугаль, і ўкраінская гаворка, на якой там шмат хто размаўляў. Я і сама да канца вучобы стала разумець і нават крышачку размаўляць на ўкраінскай мове. Да таго ж, я пазнаёмілася і пасябравала з дзяўчынай майго ж узросту з паўночнага горада Светагорска Ленінградскай вобласці, якая таксама вучылася на гэтых курсах. Разам мы зубрылі незразумелыя нам каманды і вырашалі праграмісткія задачкі, здавалі залікі.
     Вярнуўшыся дадому, я атрымала заданне напісаць праграму для ЭВМ СМ-2, якая ўжо стаяла ў нашым інстытуце. З таго часу ўсім нам, маладым праграмістам 70-х гадоў прыйшлося даволі моцна перастройвацца – вучыцца пісаць праграмы для гэтай машыны, вывучаць працу на чорна-белых маніторах, умець увесці праграму ў новую машыну, адпрацаваць яе там, затым запісаць адрэдагаваную праграму на перфастужку ці магнітную стужку, каб мець магчымасць захаваць яе для запуску ў іншы раз.
     Захаваць сімвальную праграму ў аператыўнай памяці машыны было немагчыма, у сувязі з чым узнікала шмат праблем з працай на малых СМ ЭВМ. Увод новага адрэдагаванага тэксту праграмы ў машыну часта прыходзілася паўтараць некалькі разоў, таму што "вылятала" то аперацыйная сістэма, то пераставала працаваць клавіятура. Транслятар і кампаноўшчык працавалі даволі павольна.
     Але была адна вялікая перавага малых СМ ЭВМ над ЕС ЭВМ. На малых машынах можна было падключыць дыспетчар, які кіраваў працай цэлага комплексу праграм у рэальным часе. Такім чынам, інфармацыя, счытаная з датчыкаў, устаноўленых на станцыйным абсталяванні, заводзілася ў праграмы, а яны апрацоўвалі яе і рабілі разлікі, неабходныя для кантролю працы катлоў і турбін.
     Для такіх машын я змагла напісаць некалькі вялікіх праграм у 80-е гады. Яны былі здадзены ў эксплуатацыю на маскоўскіх ЦЭЦ-23 і ЦЭЦ-22.
     А яшчэ, працуючы на такіх машынах у 92-93 гадах, я змагла пабываць у дзіўных месцах Расіі – на Ірыклінскай і Карманаўскай ДРЭС. Падарожнічаючы з групай супрацоўнікаў нашага інстытута на гэтыя станцыі праз Маскву на цягніках, мы любаваліся неабсяжнымі абшарамі Расіі, яе найшырэйшымі рэкамі і азёрамі, пабывалі праездам ва Ўфе і Арэнбурзе, пераязджалі праз умоўную мяжу паміж Азіяй і Еўропай, убачылі плаціну Ірыклінскай ГЭС. Так, квіткі на самалёт для нашай арганізацыі ў той час былі дарагія. Часам нашу зарплату затрымлівалі, хоць яна была мізэрнай 20$, а камандзіровачныя ў выглядзе расійскіх рублёў нас выручалі.
     Першыя персанальныя камп’ютары з'явіліся ў нашым інстытуце яшчэ да маёй паездкі на гэтыя электрастанцыі, у канцы 80-х гадоў. Персаналак было вельмі мала – выдавалі па адной на аддзел. Аперацыйную сістэму MS DOC на ёй ужо ўстанаўлівалі нашы інстытуцкія маладыя "усёведы". Як яны нам, жанчынам, дапамагалі! Ледзь што зломіцца, да прыкладу – барахліць дыск з памяццю 500 Мбайт, бяжым да Андрушы. Ён за шакаладку ці банан усё выправіць, адфарматуе дыск, спачатку перапісаўшы ўсе нашы працоўныя праграмы на свой камп’ютар. Але гэта ўжо было потым, калі ўсім праграмістам майго аддзела выдалі па камп’ютары, няхай не новаму, але працоўнаму.
     А тады, у 1989 годзе я ўбачыла самую першую персаналку ў сваім жыцці, тую, адзіную, якую атрымаў наш аддзел. Як "баран на новыя вароты" я глядзела на яе і не верыла, што ў такой маленькай машынцы можа змясціцца ўсё тое, што мы рабілі на малой ЭВМ, якая складалася з некалькіх вялікіх шаф. Мне прыйшлося асвойваць клавіятуру, самыя найпрасцейшыя каманды аперацыйнай сістэмы MS DOC. І ўсё гэта я рабіла абсалютна самастойна без чыёй-небудзь дапамогі, выпрошваючы дамоў на ноч у нашага супрацоўніка адзіны аддрукаваны на пішучай машынцы асобнік з апісаннем працы на персаналцы. Бо праца, якую мне даручылі зрабіць для Курскай атамнай станцыі, была тэрміновая.
     Мне трэба была асвоіць працу на новым камп’ютары і напісаць праграму на незнаёмай для мяне мове Паскаль. З падручнікам па Паскалю таксама паўсталі праблемы. У хлопца з нашага аддзела быў такі падручнік 1989 года выпуску, яго ён выпадкова набыў у кнігарні. Я выпрошвала падручнік на вечар дамоў і па начах вывучала новыя каманды і аператары Паскаля. Затым мне пашанцавала, я сама высачыла ў кнігарні такі і яшчэ навейшы падручнік – "Паскаль для персанальных камп’ютараў" пад рэдакцыяй Ю.С.Бародзіч. Ён і стаў маёй настольнай кнігай на два гады, пакуль я распрацоўвала новыя праграмы для аддзела ПТО Курскай АЭС. На працягу двух гадоў я некалькі разоў ездзіла ў гарадок Курчатаў на Курскую атамную электрастанцыю разам са сваім начальнікам, старэйшым навуковым супрацоўнікам, які распрацаваў складаныя алгарытмы для кантролю працы цеплавых сетак АЭС. Калі мы ўвесну падляталі на самалёце да Курска, мяне ўразіла незвычайна чорная зямля, якую я ўбачыла ў ілюмінатары. "Гэта чарназём, – зразумела я і пазайздросціла, – якая ж тут добрая ўрадлівая зямля". У горадзе я заўважыла людзей, якія накіроўваліся кудысьці пешшу з граблямі і лапатамі за плячамі. Мабыць, гэта быў выхадны дзень, і людзі ішлі за горад апрацоўваць свае зямельныя ўчасткі. У Курчатаве, пабудаваным спехам для працаўнікоў атамнай электрастанцыі, здзівілі правады. Заматаныя ў ізаляцыю яны навісалі над дамамі, аблытваючы ўвесь гарадок, і не былі схаваны пад зямлю. А яшчэ мне спадабалася, што на станцыі, на якую ўвайсці было даволі складана, таму што ваенны персанал старанна правяраў пашпартныя даныя ва ўваходзе, уся тэрыторыя, абгароджаная высокім плотам з дротам, была падобная на квітнеючы сад. Я ўбачыла тут шмат кветак і прыгожых хмызнякоў. У той час прайшло зусім мала часу з моманту выбуху на Чарнобыльскай АЭС, і супрацоўнікі станцыі шмат казалі і распавядалі пра гэта. У некаторых з іх былі сваякі, якія працавалі ў Чарнобылі.
     
      19 частка аповесці
22.08.23
Каталог TUT.BY Rambler's Top100