19 частка. Апошнія гады працы, пенсія і мае казкі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
19 частка. Апошнія гады працы, пенсія і мае казкі
19 частка. Апошнія гады працы, пенсія і мае казкі
     
Да сярэдзіны дзевяностых гадоў праграмісты нашага аддзела перайшлі на працу з аперацыйнай сістэмай Windows. Ранейшыя сімвальныя рэдактары сышлі ў мінулае, пачалася эра Microsoft Word. Да таго ж, памянялася і мова праграміравання. Цяпер я ўжо пісала праграмы на Сі, затым на Сі++. У другі раз прыйшлося садзіцца за падручнікі і перавучвацца. Апошняя замежная здача праграмы ў эксплуатацыю ў мяне была ў Львове. Толькі рабілі мы гэты комплекс праграм для Мнскай ЦЭЦ-5, але здавалі чамусьці львоўскім праграмістам. Львоў мне ў тыя гады перабудовы здаўся такім жа ўзбаламучаным, як і Мінск. Грошы мы змянялі на ўкраінскія грыўні ў падземным пераходзе, у спусцелым універмагу закуплялі падкоўдранікі і прасціны (не зразумела навошта), на базары – сланечнікавае масла. І ўсё гэта везлі ў Мінск, таму што ў жыцці нашых краін у той час нічога не было ясна. Памятаю брудныя вуліцы Мінска, боязь выпускаць дзіця на вуліцу пасля 9 гадзін вечара, пустыя паліцы ў крамах, беганіну па выхадных па прамтаварным магазінам у надзеі адшукаць для сына, малодшага школьніка, чаравікі, світэр, прыстойную куртку.      Усе наступныя працы наш аддзел рабіў для беларускіх прадпрыемстваў. Расіянам мы сталі не патрэбныя. Але я, на шчасце, не патрапіла пад скарачэнне, як некаторыя мае сяброўкі з іншых арганізацый, якія мелі вышэйшую адукацыю. У мяне да самай пенсіі была праца, хоць і не з такой высокай зарплатай, як хацелася. Наш інстытут стаў афармляць дагаворы з беларускімі станцыямі. Усе наступныя гады працы мае камандзіроўкі былі толькі па роднай Беларусі. Гэта Гродзенская ЦЭЦ-2, Магілёўская ЦЭЦ, Бярозаўская ДРЭС, Мінская ЦЭЦ-4, Мінская ЦЭЦ-3.
     Колькі ж усяго нам, праграмістам майго часу прыйшлося вывучаць для працы на так хутка змяняючайся вылічальнай тэхніцы? Скажу – вельмі шмат. Сучасным праграмістам у гэтым плане нашмат лягчэй, вось толькі адна праблема ў іх ёсць. Калі не ведаеш англійскую мову – праграмістам не станеш. А я яе добра і не ведала, але працавала, часам завучваючы на памяць незразумелыя словы ці адшукваючы іх пераклад у папяровым слоўніку. Цяпер усё можна знайсці ў інтэрнэце, а мы куплялі дарагія кніжкі па С++ і Access.
     За ўсе гады працы на сваім прадпрыемстве я пазнаёмілася з вялікай колькасцю людзей. Некалькі сябровак засталося ў мяне дагэтуль. Усякія людзі сустракаліся на маім шляху. З добрымі і чулымі хутка знаходзіла агульную мову, сябравала. Першыя гады працы да перабудовы запомніліся і пакінулі добрую памяць. Там была маладосць, прыемныя знаёмствы, жарты, бестурботнасць, і праца таму здавалася не такой ужо складанай. Я шмат спявала з дзяўчатамі на інстытуцкіх вечарах, сама выходзіла на сцэну і спявала пад акампанемент інстытуцкага ансамбля. І ўсё таму, што вельмі любіла спяваць. Шкада, што такія вечары неўзабаве спыніліся. Пасля заканчэння дэкрэтнага адпачынку па догляду за дзіцём я выйшла на працу і не пазнала наш калектыў. Усё памянялася. Памянялася стаўленне да працы ў шмат каго, памянялася стаўленне адно да аднаго. Людзі сталі напружанымі, скрытнымі, злымі. Цяпер я разумею, уся справа была ў перабудове.
     Ішоў 1987 год. У нашай дзяржаўнай арганізацыі ўвялі новы від разліку за зробленую працу – калектыўныя хоздагаворы. Раней мы атрымлівалі стабільную зарплату. Зараз жа начальнік мог яе змяняць па сваім меркаванні. Ён мог уключыць цябе ў больш выгадны дагавор з лепшым фінансаваннем, а мог даць працу, дзе грошай было зусім мала, але працаваць даводзілася не менш. Пачалася скрытная дзяльба грошай. І людзі раздзяліліся, сталі на ўсё глядзець іншымі вачамі. Часцей адбываліся сваркі паміж супрацоўнікамі, абгаворы адно аднаго, плёткі. У адкрытую цяпер усе бачылі, хто любімчык у начальніка. Вось табе і перабудова! У мяне ўсё гэта адбівалася на самаадчуванні, я доўга не магла прыстасавацца да новага становішча. Але працу я кінуць не магла. Былі патрэбныя грошы, каб гадаваць сына і неяк дапрацоўваць да пенсіі. Тым больш, што ў інстытуце, ды і ў іншых арганізацыях у гэты час была вельмі моцная цякучка. Людзі шукалі і часам не знаходзілі тое, чаго жадалі. Шмат хто сышоў гандляваць на рынкі, а сёй-той хутка зарыентаваўся ў становішчы і стаў бізнэсмэнам. Я не шкадую, што засталася на сваёй працы, інакш мне і майму сыночку прыйшлося б тугавата. З зацятасцю я гадавала яго, дапамагала ў вучобе, купляла дарагія патрэбныя кнігі, камп’ютар і дзякуй Богу вывучыла. Шмат у чым мне дапамагала мама. У тыя гады маім знаёмым сяброўкам таксама дапамагалі матулі, баючыся, каб яны не кінулі працу. Хто як мог, не грашыма вядома, іх у старых не было, дапамагалі гадаваць дзяцей, каб іх дзяўчат не скарацілі з працы.
     Дзесьці з 2000-га года я пачала пісаць кароткія аповеды пра сваё дзяцінства, прытчы і казкі. Чаму я гэта рабіла? У тыя гады мае бацькі моцна пастарэлі, ім пераваліла за восемдзесят. Мама шмат хварэла, бацька таксама, я, як магла, дапамагала ім, сіл не хапала на ўсё. Спала мала, камандзіроўкі, стрэсы на працы і дома выбівалі з сіл. Не было таго, за што можна было б учапіцца, каб супакойвацца. Сыну патрэбна была мая падтрымка, мама ўжо была не тая, яна саслабла і яе трэба было падтрымліваць. І тады Бог паслаў мне казкі. Я думаю, што гэта так. Я ўбачыла Яго ў сне і Ён даў мне руку. Не паверыце, пасля гэтага маё жыццё пачало наладжвацца, і ў сына таксама. Ён паступіў у інстытут бясплатна, і затым знайшоў нядрэнную працу. Дай Бог яму здароўя і шчасця ў жыцці.
     З 2000-га года я напісала больш за 700 казак. Мне пашанцавала, я змагла надрукаваць 5 кніг на беларускай мове для дзяцей. Спадзяюся, што яшчэ атрымаецца штосьці выдаць. Мне сустрэліся таленавітыя маладыя мастачкі, якія аформілі мае кнігі.
     І хоць вочы ўжо не тыя, мне хочацца яшчэ пісаць для дзяцей, вось толькі не зачу ўключаць у свае казкі дрэнныя шкодныя персанажы. Іх я шмат бачыла ў сваім жыцці. Пішу пра дабро, і няхай яго будзе як мага больш у нашым жыцці!
     
     Дзякую ўсіх, хто прачытаў аповеды пра маё жыццё. З любоўю, Таццяна Іванаўна.
22.08.23
Каталог TUT.BY Rambler's Top100