1 частка аповесці. Першыя пасляваенныя гады - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
1 частка аповесці. Першыя пасляваенныя гады
1 частка аповесці. Першыя пасляваенныя гады
Цётачка Вольга ! У вас хтосьці нарадзіўся? – усміхнулася светлавалосая дзяўчына, якая хвіліну назад увайшла ў кватэру драўлянага аднапавярховага дома даваеннай пабудовы, размешчанага на вуліцы Розы Люксембург у горадзе Мінску. На дзяўчыне была лёгкая паркалёвая квяцістая сукенка, якую яна відаць знарок пашыла дзеля ад'езду з яе роднай вёскі ў незнаёмы горад.      За кухонным акном свяціла гарачае жнівеньскае сонца, у двары ля ганка была развешана бялізна: старэнькія прасціны і вафельныя ручнікі, самаробныя дзіцячыя распашонкі і пялёнкі. У гэты дом, па планіроўцы падобны на барак ці інтэрнат, пасля вайны ўсялілася шэсць сем'яў. Вельмі хутка ў шчаслівых матуль нарадзіліся першынцы, затым яшчэ і яшчэ. У каго па двое, а ў каго нават па трое дзетак. І хоць пасляваеннае жыццё яшчэ толькі наладжвалася, і было шмат цяжкасцяў, суседзі жылі дружна, як вялікая сям'я. Усе імкнуліся ладзіць, дапамагаць адно аднаму, не пляткарыць і не лаяцца. Людзі жылі ціха і спакойна, атрымліваючы асалоду ад мірнага жыцця пасля велізарнага перажытага ўсімі гора – жудаснай кровапралітнай вайны, якая адабрала жыццё дарагіх блізкіх ім людзей.
     А цяпер у паўдзённай цішыні двара, ля вокнаў кватэр панаваў сапраўдны кветкавы рай – на кветніках красаваліся пасаджаныя жыхарамі садовыя рамонкі, півоні і вяргіні, лілеі і гладыёлусы. Над усім гэтым казачным пахкім багаццем гулі чмялі і пчолы, вірлавокія стракозы зіхацелі доўгімі перламутравымі хвастамі, далікатныя матылькі дэманстратыўна разгортвалі перад цікаўнымі позіркамі свае незвычайна прыгожыя далікатныя крылцы.
     – Ку-ка-рэ-ку! – успудзіўся дваровы певень у канцы суседняга дома.
     Гэты другі дом быў пабудаваны пад прамым вуглом да першага ўздоўж вуліцы Клары Цэткін, ствараючы агульны для дзвюх дамоў двор. Высокі ганак узвышаўся над падмуркам і падвальным пакойчыкам, у якім тулілася пажылая жанчына, што ўсялілася туды пасля вайны. Па драўляным фарбаваным ганку можна было ўзлезці на высокі першы паверх, затым усходы вялі яшчэ вышэй, на другі паверх дома.
     У лепшай частцы другога дома жыла ранейшая гаспадыня двух дамоў – бабулька гадоў сямідзесяці з унучкай, якая нарадзілася падчас вайны. Гэтыя людзі займалі светлы і цёплы пакой. Суседзі ведалі – маці дзяўчынкі адбывае пакаранне ў турме за сувязь з немцамі. Але ніхто не разносіў чуткі пра тое, і дзеці, якія нарадзіліся тут пасля вайны, сябравалі з дзяўчынкай, нічога не ведаючы пра страшную таямніцу яе сям'і.
     Вузенькая вуліца Клары Цэткін, на вугле якой калісьці пабудавалі другі дом, ішла пад горку. Таму наступныя два ганка другога дома былі дакладна такімі ж, як і ў першага. У канцы дома, каля агульных адрын і плота, які адлучаў двор ад суседняга двара з вялікім садам, жыла цётка Віця, па-простаму Вікця. Такую мянушку ёй далі жыхаркі двара. Яна трымала курэй і пеўня, часам прыносіла з кірмаша маленькіх куранят. Днём Вікця выпускала птушак у двор. Яны хадзілі за загараддзю, а ўвечары хаваліся ў адрыне.
     Паміж дзвух дамоў раслі пасаджаныя да вайны даволі старыя дрэвы – клён, акацыя, таполя, рабіна. Пяцігадовым дзеткам, якія бегалі па двары, гэтыя дрэвы здаваліся такімі велізарнымі, што нават змаглі б дастать да самага неба. На адным з дрэў віселі дзве шпакоўні. Увесну і ўлетку галасы шпакоў можна было пачуць у двары. У адрынах жыхары трымалі нарыхтаваныя да зімы дровы і брыкет, таму што ва ўсіх кватэрах было пячное ацяпленне. У канцы двара размяшчаўся агульны для ўсіх туалет і адрына для харчовых адыходаў. Часам іх чысцілі адмысловыя гарадскія службы.
     З іншага боку двара ўвесну суседзі ўскопвалі градкі і высаджвалі гародніну. Гэта была дваровая зямля, сумленна падзеленая паміж усімі жыхарамі па колькасці ратоў. У галодны пасляваенны час свая зеляніна – лук, часнок, морква, радыска, шчаўе, кроп – была вялікай дапамогай для эканомных гаспадынь. Тутака ж, паміж градкамі, гаспадыні ставілі нікеляваныя ванначкі, бачкі або тазікі, якія выкарыстоўвалі для купання дзяцей і мыцця бялізны. Падчас цёплага летняга дажджу ў іх трапляла дажджавая вада, яна награвалася, і дзеткам было ў задавальненне паплюхацца ў ёй у спякоту. Часам у ванначкі мамы з дапамогай падрастаючых сыноў прыносілі ваду з калонкі. Гэта калонка, якая стаяла на скрыжаванні дзвюх вуліц, была агульнай для жыхароў усіх найбліжэйшых хат. Уздоўж вузенькай вуліцы Клары Цэткін, якая спачатку ішла пад горку, затым спускалася ўніз, размяшчаліся такія ж, як і ў гэтым двары, старыя даваенныя драўляныя хаты. Усё гэта таксама было і на вуліцы Розы Люксембург. Але яна адрознівалася тым, што была трохі шырэйшай, размяшчалася на роўным месцы і ішла далёка ў канец горада да Грушаўскага мястэчка. Усе раёны старой даваеннай драўлянай пабудовы горада Мінска былі забяспечаны вадзянымі калонкамі, а без іх тут жыць было б не магчыма, таму што вадаправода ў гэтых частках горада не было. Затое вада была вельмі смачнай, крынічнай і не мела патрэбу ні ў якой ачыстцы.
     Часам я думаю, чаму уцалелі ад бамбёжак гэтыя дамы. Яны ж былі ў самым цэнтры горада? Можа таму, што побач быў Дом Урада, у якім падчас акупацыі засядалі немцы. Мабыць, шмат хто з іх тады жыў ў гэтых хатах…
     
     – Цётачка Вольга! Якая ж ваша малодшая дачка маленькая! Яе зусім не відаць і не чуваць, – шаптала дзяўчына, увайшоўшы ў пакой і падышоўшы бліжэй да дзіцячага ложачка.
     – Так, Леначка! Яна нарадзілася ў паўтара кілаграма вагі. Але нічога, хутка падрасце.
     Танечка, якая толькі два тыдні, як з'явілася на свет, ціхенька спала каля сцяны ў дзіцячым ложачку пад старэнькай байкавай коўдрай. З трох вокнаў па пакоі рассыпала прамяні гарачае жнівеньскае сонца, а за падол мамінай спадніцы ўчапіўся рукамі паўтарагадовы брацік малой Колька.
     – Цётачка! А дзе ж ваша Валя? Колькі ёй?
     – Расце, ужо сёмы гадок пайшоў. Хутка пойдзе ў школу. Яна тут, у двары гуляе з суседскай дзяўчынкай. Як ты, Леначка? Што чуваць у вёсцы?
     Цётка Вольга завяла гутарку са сваёй пляменніцай, бо яны ж, як сяброўкі, усё ведалі адна пра адну, хоць розніца ва ўзросце ў іх пятнаццаць гадоў. Усю вайну яны правялі побач у спаленай немцамі вёсцы, усе беды і радасці палавінілі. Зараз жа не хацелася пра яе ні думаць, ні ўспамінаць. Хацелася жыць сучаснасцю – мірным небам над галавой без бомбавых удараў і рова варожых самалётаў, без пажараў і людскога плачу.
     – Так, усё добра! Тата мой хату новую ўжо дабудаваў, наваселле зладзілі. І ў тую вашу хату, што вы прадалі, ужо ўсялілася сям'я Макаравых. Хату ваш бацька, хоць і быў сляпы, пабудаваў добра. Людзі хваляць.
     – Шкада, Леначка, мне і матулю маю і бацьку. Колькі гора ў іх было. Ты сама ведаеш.
     Жанчына заплакала, але тут жа перавяла гутарку на іншае.
     – Ну, а ты як?
     – А я ў Мінск падалася. Да вас, цётачка. Я ж вам пісала, што хачу ўладкавацца на фабрыку.
     – Якую?
     – Не ведаю.
     – Так можа лепш у сталовую на кухню. Там у мяне стрыечная сястра Анюта працуе кухаркай. Навучыць гатаваць.
     – Добра было б, цётачка. Я згодна.
     
      2 частка аповесці
22.08.23
Каталог TUT.BY Rambler's Top100