2 частка. Стары дом і двор, сябры з майго дзяцінства - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
2 частка. Стары дом і двор, сябры з майго дзяцінства
2 частка. Стары дом і двор, сябры з майго дзяцінства
     
     Помню домік той драўляны,
     Дзе нарадзілася, расла.
     З родным брацікам гулялі,
     Не збягалі мы з двара.
     
     Двор наш быў такі прыгожы,
     У пахах кветак патанаў!
     Птушкі цвыркалі на дрэвах,
     І пчаліны гул стаяў.
     
     Сонца летам ззяла ў небе
     Нібы шарык залаты,
     Выплывала з-пад аблокаў,
     Усміхалася заўжды.
     
     З дзецьмі ў хованкі гулялі,
     У скакалкі, даміно.
     А матулі паглядалі
     Пільным вокам у акно.
     
     У зямлі “сакрэт” хавалі,
     Выхваляліся мы ім,
     Бо каменьчык той яскравы
     Дзеля нас быў залатым.
     
     На арэлях узляталі,
     Адпраўляліся ў палёт.
     У шчасных думках прыгадала
     Я сучасны самалёт.
     
     Маё светлае дзяцінства,
     Жаль, сышло. Скажы, куды?
     Толькі, усё ж, ты засталося
     Ў маім сэрцы назаўжды!
     
     
На двары стаяла лета 1953 года. За восем пасляваенных гадоў жыццё ў горадзе, дашчэнту разбураным падчас вайны, паступова наладжвалася. Пачалі працаваць шматлікія фабрыкі і заводы, вялося будаўніцтва добраўпарадкаваных кватэр у новых жылых дамах у цэнтры Мінска. Але жыхары старых драўляных дамоў, якія ўсяліліся ў маленькія кватэркі з аднаго пакоя і куханькі без выгод, яшчэ доўга не спазнаюць добрага жыцця ў кватэрах з ацяпленнем і вадаправодам. Стары квартал на вуліцах Розы Люксембург і Клары Цэткін будаўнікі знясуць толькі ў 1966 годзе, калі будуць пракладаць шырокую вуліцу, якая атрымала потым назву праспект Дзяржынскага.      Незайздросным выдаўся лёс маладых матуль з гэтага двара. Іх дзеці хутка раслі. Сродкаў на тое, каб іх прыстойна апрануць і накарміць, ні ў каго не было. Жанчыны самі, як умелі, шылі адзежу на старых "зінгераўскіх" швейных машынках: целагрэйкі, сукеначкі і кашулі, шаравары. Узімку дзеці хадзілі ў валёнках і падношаных паліто, увесну – у гумовых ботах і галёшах. Адзежай змяняліся, перадавалі ад старэйшых дзяцей малодшым. Уся ежа ўзімку варылася на плітах, прыбудаваных да галандскіх пабеленых мелам печак, улетку – на прымусах і керагазах. Усе жыхары хадзілі мыцца ў гарадскую баню ў раёне Ніжняга базару (зараз плошча 8 сакавіка).
     Дзеці, вядома ж, недаядалі. Асноўнай стравай для сем'яў была смажаная бульбачка са скваркамі. Любімымі стравамі – бабка і курыны суп, звараныя ў печы. Малако і смятана былі натуральныя – з найбліжэйшых вёсак. Малако прывозілі ў бітонах, прадавалі ў крамах на разліў, гэтак жа, як і смятану.
     
     Маё першае дзіцячае ўражанне аб жыцці было такім.
     Мама сказала:
     – Танечка! Хадзі, пагуляй у двары. Пастой вунь на той горачцы, дзе растаў снег, – казала мама Оля сваёй двухгадовай дачушцы, апранаючы ёй на галоўку белую пуховую шапачку. (заўв. аўтара: я запомніла, якая гэтая шапачка была мяккая і пухнатая. Нажаль, маміны рукі такімі не былі. Яны заўсёды былі шурпатымі, таму што вельмі шмат працавалі)
     Дзяўчынка выйшла ў двор і пайшла па снезе на пагорак, абыходзячы ручайкі з адталай вады, якія сцякалі кудысьці ўніз. Яна ступіла на мяккую чорную зямлю, паглядзела ўгару і залюбавалася бязмежным блакітам вясновага неба. Такую незвычайную нябесную прыгажосць малышка назірала першы раз у жыцці. Гэты неабсяжны блакітны свет паланіў і прыцягваў, на яго хацелася глядзець і глядзець! Таня запомніць тыя хвіліны, сваё першае ўражанне ад сустрэчы з Чароўным небам на ўсё жыццё, бо нават слова "неба" яна тады яшчэ ні ад каго не чула.
     
     Узімку бацькі рэдка выпускалі малых гуляць у двор. Шпацыраваць з імі ў матуль не было часу. Мы, Таня з Колем, часта сядзелі ў хаце. Разам перахварэлі дзіцячымі хваробамі – на адзёр, свінкай. Любімым заняткам было разглядванне мудрагелістых ледзяных узораў на шыбах, якія моцна замярзалі. Для ўцяплення мама клала паміж рамамі скручаную валікам вату, таму ледзяныя ўзоры на вокнах здаваліся падарункам Дзядулі Мароза. Хто яшчэ зможа стварыць такую прыгажосць? Сонечныя прамяні траплялі на ўзоры, і яны станавіліся чароўнымі, бо пераліваліся і зіхацелі, як карона Снягуркі.
     Вось у пакой увайшла мама з бярэмем дроў. З уваходных дзвярэй павеяла марозам. У пакоі напалена печ, але мама падкладае ў яе новыя палены, хвалюючыся, як бы да вечара пакой не астудзіўся, і хапіла цяпла на доўгую марозную ноч. А мароз мацнее. Тата, які позна прыйшоў з працы, у цемры абыходзіць хату з вуліцы і зачыняе аконныя аканіцы. Так будзе цяплей і бяспечней. У першыя пасляваенныя гады людзі яшчэ асцерагаліся начных бандытаў, па чутках узброеных фінкамі і абрэзамі.
     У дванаццаць гадзін ночы па радыё, якое вісела на сцяне над ложкам, гучаў бой Крамлёўскіх Курантаў і гімн Савецкага Саюза. Коля заўсёды чакаў гукі Курантаў і не засынаў без іх. У той час мы з Колем спалі на адным ложку побач з мамай, размясціўшыся валетам адно да аднаго. Мама спала побач. Пазней, калі мы трохі падраслі, хтосьці з дваіх стаў спаць на раскладушцы, якую ставілі побач з маміным ложкам. Інакш у адным пакоі цяжка было размясціцца сям'і з пяцярых чалавек. Старэйшая дачка Валя заўсёды спала асобна.
     Па начах у канцы пакоя часта гарэла настольная лямпа. За сталом працаваў бацька. У цішыні пастуквалі драўляныя костачкі лічыльнікаў – бацька штосьці пералічваў, правяраючы свае дзённыя запісы або ствараючы новыя бухгалтарскія разлікі.
     Зімовай раніцай позна пачынае світаць. А мама ў шэсць гадзін з боем Курантаў была ўжо на нагах. Ёй трэба растопліваць печ і гатаваць сняданак для мужа і дзяцей, адпраўляць старэйшую дачку ў школу, а мужа – на працу. Але вось развіднела, і ранішняе сонейка зазірнула ў пакой. Малодшыя дзеці (Таня з Колем) расплюшчылі і труць свае вочкі. Надышоў час уставаць і ім. Вось так дзеці-пагодкі і раслі – заўсёды побач, паўсюль разам, асабліва ўзімку.
     Нарэшце, прыйшла вясна.
     
     Праменьчык Сонца спазаранку
     У твае акенца зазірнуў.
     Пабач – Вясна стаіць ля ганку.
     І Свет ад шчасця патануў.
     
     За зіму ўвесь двор патанаў у снезе. Ад дзвярэй да брамкі, да калонкі, да адрыны жыхары чысцілі дарожкі. Таму цяпер гэты снег, якога назапасілася вышэй росту дзетак, павінен быў растаць. Сонейка падтапляла яго, і ён паволі раставаў. Усё вакол было ў лужынах з адталай вады. З дахаў цякла вада, вада крапала з доўгіх зіхатлівых перламутравых лядзякоў. Ох, ужо гэтыя лядзякі!
     
     – Дзеці! Не ліжыце лядзякі! Яны брудныя! – турбавалася мама.
     І толькі калі ўвесь снег растаў, дзеці змаглі нацешыцца вясной, таму што вельмі хутка іх двор заквітнеў, ён пакрыўся дываном з зялёнай травы і жоўтых дзьмухаўцоў! Зараз дзеці моглі даўжэй заставацца ў двары. А там прыгажосць! Расквітаюць дрэвы, спяваюць сініцы, шчабечуць верабейкі, трашчаць шпакі.
     
     Вясна прыйшла –
     Вясновы вецер, цяпло здалёку прывяла.
     У сінем небе Сонца свеціць,
     Каб уся зямелька ажыла.
     
     Каб расквітнела ў полі жыта,
     Вярнуліся хутчэй буслы.
     Каб зацвілі сады,
     Ракіты зашамацелі ля вады.
     
     Каб песню шчасця спазаранку
     У парку спелі салаўі.
     А беды ўсе, туга, нянасце
     Сышлі ў цёмныя бары.
     
     Нарэшце, у мяне (Тані) з'явілася сяброўка Люда. Яна нарадзілася на год пазней за мяне, але ўжо падрасла. У яе ёсць брат Алік, старэй сёстры на пяць гадоў. Жывуць яны ў сярэдзіне дома, мы ж з Колем – у канцы. Там, у сярэдзіне дома ў маленькім пакойчыку жыве яшчэ адна сям'я. У іх двое дзяцей – Сярожа і Ігарок. Яны малышы, нават маладзейшыя за Люды.
     Якімі ж цацкамі маглі пахваліцца адна перад адной мы, дзве дзяўчынкі з бедных пасляваенных сем'яў? Люда паказвае мне сваю анучную ляльку з пластмасавай галавой. Яна акуратна павязала ёй на галоўку хустачку. У мяне была падобная лялька, таксама з пластмасавай галоўкай. Толькі ў дзевяць гадоў мы з Людай убачылі сапраўдную нямецкую ляльку, у якой заплюшчваліся вочкі. Яе купілі суседскай дзяўчынцы з суседняга дома. Сама дзяўчынка была нашмат маладзейшая за нас, і яе мама неахвотна пускала старэйшых сябровак дачкі ў сваю кватэрку. Але ў суседскай дзяўчынкі быў сапраўдны цуд. І не толькі лялька. У яе былі маленькі дзіцячы "посуд": імбрычак, кубачкі, сподачкі, відэльчыкі, лыжачкі! Якое задавальненне было проста патрымаць гэта багацце ў руках!
     У пяць гадоў мой брацік Коля навучыўся чытаць па буквару старэйшай сястры Валі. Ён вельмі ганарыўся гэтым. Неўзабаве следам за братам я таксама навучылася чытаць. За зіму да вясны Коля сам прачытаў некалькі казак па кнізе, якую мама прынесла з дзіцячай бібліятэкі, размешчанай у будынку клуба Танкасуконнага камбіната. Гэты клуб знаходзіўся побач з нашым домам, праз дарогу.
     О, якая была асалода слухаць матулін голас!
     – Мамачка! Ты прачытаеш нам казку! – прасілі мы з Колем.
     Мама выцірала натруджаныя рукі, брала патрапаную кнігу з казкамі, разгортвала патрэбную старонку і пачынала чытаць. Мы, стаіўшы дыханне, слухалі яе зачаравальны голас. Казкі пра Канька-Гарбунка, Кашчэя Несмяротнага, Крошечку Хаўрошачку, Алёнушку і яе браціка Іванушку мы (Таня з Колем) запаміналі на памяць. Кожны раз ім хацелася зноў і зноў паглыбляцца ў чароўны дзіўны свет казак…
     
     Калі мне споўнілася пяць гадоў, мама вырашыла пайсці на працу.
     – Мама! Ты ўжо пойдзеш? – спытала Таня. Яна не жадала ісці ў садок. Коля і Валя – школьнікі, ёй жа яшчэ паўтара года да школы.
     – Я цябе зачыню. Ты нічога не чапай. Сядзі і слухай радыё. Потым я прыйду.
     – Добра, – паслухмяна сказала дачка.
     
     У дзесяць гадзін раніцы пачыналася ранішняя казка. І так кожны дзень. Колькі іх было! Я памятаю, як мне падабалася слухаць ранішнія дзіцячыя радыёпастаноўкі, дзе гучалі выдатныя зачароўваючыя галасы акцёраў беларускіх тэатраў. У той час я яшчэ не разумела, наколькі складаная праца акцёра тэатра. Памятаю музыку тых гадоў. А тады часта ўключалі песні ў выкананні Бернеса, Казлоўскага, Лемешева, Аляксандраўскай, Шульженко. Часта гэта былі песні ваенных гадоў.
     
     У далёкім дзяцінстве палюбіла я радыё
     Кожны дзень на світанні праводзіла з ім.
     Прытуліўшыся, казкі, як птушак паданні
     Я хавала надоўга ў сэрцы сваім.
     
     Нарэшце, наступіла лета. У школе канікулы, і Таня зноў будзе заставацца з братам. Яны паслухмяныя. Ва ўсім слухаюцца і імкнуцца дапамагчы маме. Яна ж ходзіць на працу, ёй трэба дапамагаць.
     – Вазьміце бітончык і ўдваіх схадзіце ў краму за малаком, – просіць яна. Коля, як старэйшы, нясе бітон, а Таня ідзе побач, сочыць, каб малако не пралілося.
     – А хто прынясе мне вады з калонкі?
     – Я! – першым крычыць Коля.
     Мама дае яму вядро і кажа прынесці палову вядра. Сын налівае палову, але потым яшчэ трохі і, крэкчучы, цягне вядро дахаты.
     – Дзеці! Не плёскайцеся ля калонкі, застудзіцеся, – просіць мама.
     На двары стаіць гарачае лета. Як хочацца астудзіцца! І брацік бяжыць да калонкі, уключае ваду.
     – Мама! Колька пайшоў да калонкі! – паведамляе Таня.
     – “Ябеда”! – незадаволена бурчыць брат.
     – Давай пагуляем у сакрэты, – прапануе Люда. Яна выйшла ў двор і трымае ў далоньцы бліскучы гузічак.
     – Давай! – згаджаецца Таня. Яна знаходзіць у пяску бліскучы каменьчык.
     – Тады не глядзі, куды я схаваю свой сакрэт. А я не буду глядзець, куды ты схаваеш свой, – кажа Люда.
     Дзяўчынкі старанна хаваюцца адна ад адной, каб зрабіць у зямлі ямачку, потым пакласці ў яе свой сакрэт, зверху яго накрыць шкельцам і зноў прысыпаць яго зямлёй. Запомніўшы месца сакрэту, яны задаволеныя яшчэ доўга гуляюць у іншыя гульні.
     – Хочаш, я пакажу табе свой сакрэт? – прапануе Люда.
     Яна заўсёды і ва ўсім завадатарка, хоць і маладзейшая заТані.
     – Хачу, – згаджаецца Таня.
     Люда падводзіць сяброўку да таго месца, дзе схавала свой сакрэт, асцярожна здымае з паверхні шкельца зямлю, а пад ім яе сакрэт – бліскучы гузічак.
     – А зараз ты пакажы мне свой сакрэт.
     – Добра, – згаджаецца Таня і прыводзіць сяброўку ў патрэбнае месца двара…
     Таня ніколі не крыўдзіць сваю сяброўку і стараецца з ёй добра сябраваць. А ў яе сяброўкі бывае ўсякае. Часам Люда вельмі моцна крыўдзіла Таню. Гэта здаралася, калі ў двор прыходзіла другая дзяўчынка, сястра дарослай суседкі. Яе звалі Валей. І тады ў Люды з'яўлялася новая сяброўка. А з Таняй ёй ужо не хацелася гуляць.
     – Мама! Чаму Люда не гуляе са мной! – плакала Таня.
     Ну што тут параіць дачцэ, бо здрадніцтва – дрэнная якасць. Застаецца толькі пашкадаваць і даручыць зрабіць што-небудзь, каб яна змагла адцягнуцца і не перажываць. Гэтыя здрады запамінаюцца надоўга, бо такія паводзіны сяброўкі паўтаралася зноў і зноў. Толькі калі дзяўчынкі падраслі і сталі дзяўчынамі, яны не сталі звяртаць на гэта ўвагі. Да таго часу ў кожнай пашырэла кола знаёмстваў і кола сяброў…
     
     Быў перыяд, калі ў крамах не прадавалі белы хлеб. Усе людзі знудзіліся па ім.
     – Мама! Калі мы купім белы хлеб? – даведваліся дзеці.
     – Заўтра. Раніцай яго будуць прадаваць у “булачнай” на вуліцы Савецкай. Пойдзем усе разам, каб купіць больш буханак, інакш не прададуць. Ах, якім пахкім і смачным здаваўся дзецям гэты белы хлеб, які яны доўга не спрабавалі і нават адвыклі ад яго! Пах стаяў на ўсю краму, а чарга, хоць і была доўгай, хутка прайшла.
     
     У двары на высокім клёне хтосьці з дарослых прывязаў бялізнавую вяроўку і змайстраваў арэлі для дзяцей. Якое шчасце было ўзнімацца на іх высока ўгару!
     А потым Коля, які падрос, змайстраваў для сябе і для ўсіх дваравых дзяцей самаробны самакат. Але пра гэта я распавяду ў трэцяй частцы сваёй аповесці.
     
     
      3 частка аповесці
22.08.23
Каталог TUT.BY Rambler's Top100