Шпачыныя экскурсіі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Шпачыныя экскурсіі
Шпачыныя экскурсіі
Ранняй вясной, як толькі пацяплела і растаў снег, маладыя шпакі, Юта і Смелы, прыляцелі з паўднёвай зімоўкі ў вялікі горад і пасяліліся побач з двухпавярховым домам у новай утульнай шпакоўні. Яе для пералётных птушак нядаўна змайстраваў хлопчык Жэнька, які жыў у гэтым доме. Шпакоўня была прыбітая да высокай агароджы, якая цягнулася ўздоўж двухпавярховых дамоў, пабудаваных у канцы горада. Хлопчык умацаваў шпакоўню на доўгай палцы з разлікам на тое, каб ніхто, акрамя птушак, не мог пракрасціся ў яе. Агароджа ахоплівала некалькі дамоў, таму дзеці, якія пражывалі у іх, таксама змайстравалі шпакоўні і ўмацавалі іх на ёй. Атрымалася невялікае птушынае мястэчка для шпакоў.      Напачатку вясны пералётныя птушкі не прымусілі сябе доўга чакаць. Заўважыўшы новыя хаткі, яны з задавальненнем занялі іх. Юта і Смелы апынуліся пасярэдзіне птушынага мястэчка. Неўзабаве ва ўсіх шпакоў птушынага мястэчка з'явілася папаўненне – маленькія шпачаняты, якія вылупіліся з яек.
     У сям'і Юты і Смелага падрастала чацвёра малянят. Бацькі імкнуліся добра карміць птушанят, прыносілі ім чарвячкоў і жучкоў, вусеняў і нават конікаў, якіх адшуквалі ў зялёнай траве і на дрэвах. Іх дзеткі хутка раслі і да сярэдзіны лета ўжо былі падобныя на дарослых птушак. А неўзабаве тата навучыў іх лятаць.
     – Вы малайцы, ужо ўмееце нядрэнна ўзнімацца ў неба. Цяпер сярэдзіна лета, і нам яшчэ рана адпраўляцца на зімоўку ў далёкія паўднёвыя краіны. Да пачатку восені два месяцы, за гэты час мы зможам адпачыць і набрацца сіл для далёкага пералёту, – сказаў сваім дзецям тата Смелы.
     А мама Юта прапанавала:
     – Давайце павандруем па горадзе, у якім цяпер жывём. Кажуць, у ім ёсць шмат цікавых месцаў, якія можна наведаць. Заўтра раніцай наш дарагі тата злятае да суседзяў-шпакоў і аб усім даведаецца. Я думаю, што яны таксама не хочуць да восені сядзець у шпакоўнях.
     – Добра, – паабяцаў тата Смелы. Раніцай ён абляцеў знаёмыя шпакоўні, а вярнуўшыся дахаты, паведаміў сваім родным вось што:
     – Я дамовіўся з усімі сем'ямі, і з заўтрашняга дня мы ўсе разам адправімся ў палёт па горадзе і яго наваколлям на экскурсіі.
     – Ура! – крыкнулі маляняты-шпачаняты. Ім ужо надакучыла глядзець на адзін і той жа дом, лятаць па адным і тым жа панадворку. Да таго ж, птушаняты стаміліся ад дваровых катоў, якія, не саромеючыся, увесь час сачылі за імі, марачы каго-небудзь з'есці.
     – Дудкі! Вы нас не зловіце! – крычалі птушаняты, выглядваючы са шпакоўні.
     Так і ёсць. Хлопчык Жэнька ўсё прадугледзеў, і катам не дабрацца да вышыні, на якой прыбітая іх шпакоўня.
     Назаўтра ўсе шпакі птушынага мястэчка, дарослыя і іх дзеці, пазбіраліся на самай высокай бярозе і абмеркавалі экскурсійны план.
     – Нам трэба наведаць галоўныя славутасці, – сказаў стары Шпак, абраны важаком птушынай чарады. – Мы злятаем ва ўсе гарадскія паркі і скверы, наведаем возера, раку і найбліжэйшы лес, затым абляцім палі вакол горада, а напрыканцы злятаем да святой крынічкі, якая б'е ля старой царквы. Так, да пачатку восені мы нядрэнна адпачнём і зноў вернемся ў свае шпакоўні, каб перад адлётам у паўднёвыя краіны добра выспацца. Вы згодны? – спытаў важак у шпакоў, якія ўважліва слухалі яго, седзячы на галінах бярозы.
     – Згодны, – адзін за адным паківалі галоўкамі ўсе прысутныя на зборы шпакі.
     – Тады ляцім у самы стары парк гэтага горада! – крыкнуў мудры Шпак і ўзняўся ў неба.
     Усе шпакі па яго камандзе падняліся ў неба. Вялікае цёмнае птушынае воблака з некалькіх сотняў шпакоў паляцела следам за важаком у стары парк на экскурсію. Маладым птушанятам гэта вандраванне было ў дзіва, бо яны ніколі не ляталі ў такой вялікай чарадзе. Але дзеці дарослых птушак вельмі стараліся, яны ўважліва сачылі за палётам сваіх бацькоў і рабілі ўсё так, як яны. Птушаняты вучыліся зладжана ляцець у групе, каб не замінаць нікому і ні з кім з суседзяў не сутыкацца.
     – Глядзіце, як цікава яны ляцяць! – дзівіўся Жэнька, паказваючы сябрам на чараду шпакоў, якая узнялася ў неба.
     У старым парку шпакам было дазволена паскакаць па траве і пашукаць чарвячкоў.
     – Толькі не адлятайце далёка, трымаецеся нашай групы, – папярэдзіў важак.
     А шпакі разумелі, што яны на экскурсіі і, каб не страціцца, ва ўсім даручыліся важаку. Ён жа дасведчаны і павінен ведаць увесь гэты горад уздоўж і папярок, таму што не раз прылятаў сюды на цэлае лета. Высокія дрэвы прыязна прынялі гасцей, яны паказвалі галінамі, куды варта злятаць і дзе больш казурак, а вось гаспадары парку, птушкі, якія ўвесь час жылі тут узімку і ўлетку, з недаверам паглядалі на экскурсантаў.
     – Нам яшчэ не хапала іх карміць нашымі чарвячкамі і вусенямі, самім нічога не застанецца, – бурчэла старая Варона.
     – Не хвалюйся, прыяцелька, яны шмат не з'ядуць, таму што на экскурсіі, ім трэба толькі пазнаёміцца з намі, – супакойвала Варону яе сяброўка Сарока.
     Маладыя верабейкі, якія жылі ў вялікіх кустах руж і бэзу, з цікавасцю паглядалі на незнаёмых птушак і падляталі бліжэй, спадзяючыся на знаёмства.
     Але важак шпачынай чарады ўжо даў каманду на ўздым. Чарада ўзнялася ў неба і паляцела далей знаёміцца з іншымі часткамі старога парку.
     Налятаўшыся, птушкі аблюбавалі самую далёкую частку парку і, прымасціўшыся на галінах велізнага Дуба, неўзабаве заснулі.
     "Глядзі ты, як змарыліся, – крактаў стары Дуб, – ні слова не сказалі мне, нават не прывіталіся і ўжо спяць. Добра маладым, а я вось, стары, палову ночы кручуся-вярчуся, супакойваю свой ствол, каб сок не так хутка цёк па ім і маё сэрцайка не білася і дало мне спакойна заснуць". Але, пабурчаўшы трохі, стары Дуб супакоіўся і, адчуваючы лёгкае і далікатнае дакрананне маленькіх лапак і крылцаў сотняў птушак, хутка заснуў.
     Не паспелі першыя сонечныя прамяні прабегчыся па лістоце старога парку, як прычуліся галасы сініц, якія жылі тутака ж.
     – Дзінь-дзінь! Прывітанне, новы дзень! – звінела Сінічка.
     – Не звіні, дурніца, дай яшчэ трохі падрамаць, – матнуў галінкай Дуб.
     Але Сінічка не звярнула ўвагі на яго і працягнула сваю ранішнюю песню.
     Адзін за адным прачнуліся шпакі і, зразумеўшы, што яны не ў шпакоўнях, натапырылі слых, каб не празяваць каманду важака.
     – Уздым! – неўзабаве пранёсся па чарадзе цвёрды заклік старога Шпака. – Ляцім!
     І зноў, як па камандзе, усе птушкі ўзняліся ў неба. Ох, і цяжкая гэта праца, жыць у шпачынай чарадзе! Але птушкі прывыклі, бо яны так жывуць заўсёды пры пералётах, ім лятаць разам нават неяк бяспечней. У горадзе няма драпежных птушак, але ў іншых месцах, такіх як вялікі лес, раўніна ці горы, у любы момант на шляху ў пералётных птушак можа сустрэцца драпежнік: арол, беркут, сава ці іншая грозная птушка.
     Азнаёміўшыся са старым паркам, пагуляўшы па яго траве і даведаўшыся ад старых дрэў яго гісторыю, шпакі паляцелі аглядаць іншыя славутасці. За месяц такіх вандраванняў маладыя птушаняты сталі падобныя на мудрых птушак. Яны ўжо добра ляталі і манеўравалі ў палёце, шмат чаго пабачылі і шмат пра што даведаліся. Як кажуць, гэтыя экскурсіі падарылі маладым птушкам каштоўны жыццёвы досвед, навучылі сябе правільна паводзіць у розных жыццёвых сітуацыях.
     – Што ж вам больш за ўсё спадабалася з таго, што вы ўбачылі? – спытала мама Юта ў птушанят.
     – Рэчка, яе прыгожы бірузовы колер і серабрыстыя хвалі, – сказала Лана, малодшая дачушка.
     – А мне спадабалася возера і бліскучыя рыбкі, якія жывуць у ім, – сказаў Рык, старэйшы сыночак Юты.
     Толькі блізняткі, Муся і Пуся, нічога не сказалі, бо ў гэты час гулялі і шчыпалі адно аднаму пярынкі.
     – Перастаньце, гарэзы! – прыкрыкнула на іх шпачыха. – Вы ўжо не маленькія. Хутка мы адправімся ў вялікі палёт. Бачыце, на дрэвах лісце жоўкне. Восень на парозе, падзьме халодны вецер, тады будзем мерзнуць.
     – Матуля! А давай схаваемся ў шпакоўні на ўсю зіму, як гэта робіць Сінічка, – прапанавала Лана.
     – Не, гэта немагчыма… – памаўчаўшы, адказала мама Юта, хаця яна ў гэтым была не ўпэўнена. – Заўтра нас павядуць да святой крыніцы, – сказала яна дзецям, – а цяпер спіце.
     Уся гэта гутарка адбылася ў лесе ў дупле вельмі тоўстай ліпы. У канцы жніўня ночы сталі халаднейшымі, і шпакі, падарожнічаючы па наваколлях горада, заляталі ў найбліжэйшыя лясы, каб пераначаваць у дуплах дрэў.
     Але раніцай уся чарада вярнулася ў горад. Стары важак прывёў шпакоў да святой крыніцы, каб напіцца празрыстай вадзіцы і насыціцца энергіяй зямлі. Птушкам трэба было рыхтавацца да далёкага пералёту і яшчэ лепш адужэць.
     Недалёка ад царквы, якая стаяла на ўзгорку, у нізіне, працякаў вузенькі Ручаёк. Ён выбіваўся з зямлі тоненькім бурлівым струменьчыкам і ніколі не згасаў. Яго святой жыццёвай сілы хапала на ўсіх жывых істот, якія прыходзілі папіць яго вадзіцы.
     – Жур-жыр, жур-жыр, жур-жыр, – цурчэў Ручаёк і дарыў усім сваю вадзіцу. – Піце, не хвалюйцеся, маёй вадзіцы хопіць на ўсіх вас, – нібы казаў ён.
     – Які бліскучы Ручаёк! – захапіліся маладыя шпачаняты. – А як ён добра цурчыць! Мы так не ўмеем спяваць.
     – Але мы ж не Ручаёк, – усміхнулася мама Юта. – Вы лепш піце яго вадзіцу, яна дасць вам шмат сіл, бо яна святая.
     Колькі птушак, катоў і сабак, людзей прыходзіла да Ручайка, нам не даведацца. А ён усё яшчэ жыве на ўскрайку вялікага горада, побач з вышыннымі дамамі. Людзі берагуць яго, чысцяць ад смецця і даглядаюць невялікі сквер, у якім здаўна пасяліўся Ручаёк.
     Шпакі, напіўшыся вадзіцы, падляцелі бліжэй да царквы, каб агледзець яе з вышыні. Птушкі пакружылі над бліскучымі купаламі, затым апусціліся ніжэй, каб разглядзець прыгожыя клумбы з кветкамі.
     – Мама! Глядзі колькі людзей катаецца па веласіпеднай дарожцы! Паляцім за імі! – папрасілі шпачаняты.
     – Не, не адрывайцеся ад чарады, – загадала ім мама Юта.
     Птушаняты паслухмяна паляцелі разам з усімі, аднак, усё яшчэ азіраліся на людзей, якія несліся на роварах і самакатах па веладарожцы. Там, сярод іх, быў і Жэнька, хлопчык, які змайстраваў ім шпакоўню.
     Гэтая апошняя экскурсія падышла да канца, і ўсе птушкі вярнуліся ў свае шпакоўні. Шпачанятам, якія стаміліся ад доўгага вандравання, хацелася толькі аднаго – добра выспацца. Яны так і зрабілі, некалькі дзён не вылазілі са шпакоўні. Мама Юта не магла іх абудзіць, каб накарміць. Прачнуўшыся і згаладаўшыся, дзеці хутка праглынулі ўсё, што ім прыгатавалі бацькі.
     – Апошні раз я кармлю вас, вы ўжо самі ўсе ведаеце і ўмееце, – сказала мама дзецям. – У далёкім пералёце будзеце самастойна здабываць сабе ежу.
     – Так, мы ўсё ведаем, матуля, – супакоілі яе шпачаняты.
     Яшчэ некалькі восеньскіх дзянькоў чарада шпакоў пражыве ў вялікім горадзе. Але наляцеўшыя начныя халады і нават невялікія замаразкі прымусяць іх, не марудзячы, адправіцца ў далёкае вандраванне ў заморскія паўднёвыя краіны. Пажадаем птушкам поспеху і шчаслівага пералёту. А мы з вамі будзем чакаць гэтых адважных і разумных птушак будучай вясной тутака ж, у іх родных месцах пражывання, там, дзе яны кожны год гадуюць сваіх птушанят.
     
      Гэта казка на рускай мове
18.07.23
Каталог TUT.BY Rambler's Top100