Хто служыць на Дзіцячай чыгунцы? (для малодш і сярэд школь узросту) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Хто служыць на Дзіцячай чыгунцы? (для малодш і сярэд школь узросту)
Хто служыць на Дзіцячай чыгунцы? (для малодш і сярэд школь узросту)
На Дзіцячай чыгунцы ў цэнтры вялікага горада стаяў невялікі цягнік. І хоць у гэтым цягніку было толькі пяць вагонаў, цягнуў іх за сабой сапраўдны Цеплавоз. Ад "дарослай" чыгункі гэтая чыгунка адрознівалася шырынёй каляіны – яна ўдвая вузейшая, а таксама даўжынёй трасы (усяго чатыры, а не тысячы кіламетраў). Але Цеплавоз гэта зусім не бянтэжыла, бо ён ездзіў па сваім невялікім шляху цэлы дзень, з аднаго канца ў іншы, і за дзень праязджаў сотню кіламетраў. Вось толькі Цеплавоз вазіў вагоны па чыгунцы не круглы год, а толькі пяць цёплых сонечных месяцаў. Чаму? Ды таму, што на Дзіцячай чыгунцы працуюць школьнікі, вучні 5-7-х класаў. Яны, як вядома, амаль увесь год заняты на занятках у школе, а цэлы дзень з раніцы да вечара працаваць на Дзіцячай чыгунцы дзеці могуць толькі на летніх канікулах.      Як жа школьнікі патрапілі на такую важную працу? Аказваецца, кожную восень дапытлівыя дзеці, якія скончылі чатыры класы агульнаадукацыйнай школы, запісваюцца ў кружок Юнага чыгуначніка. Там яны займаюцца пасля заняткаў у школе і спазнаюць усе неабходныя звесткі пра працу на чыгунцы. А ў траўні, пасля заканчэння чацвёртай чвэрці ў школе, дзеці праходзяць практыку на Дзіцячай чыгунцы, як сапраўдныя чыгуначнікі.
     Маленькія дзеткі, якіх да іх у госці прыводзяць за ручку мамы і таты, яшчэ ні разу ў жыцці не ездзілі на цягніках. Малышам усё вельмі цікава. Тым больш, што ў цягніку іх сустракаюць не дарослыя пасажыры, а такія ж дзеці, як яны, толькі ледзь старэйшыя за іх па ўзросце. Як гэта класна!
     Якім жа прафесіям вучаць у кружку Юнага чыгуначніка? Гэтыя прафесіі могуць асвоіць толькі разумныя і ўважлівыя вучні. Вось яны: дзяжурны па станцыі, цягніковы дыспетчар, праваднік пасажырскага вагона, аглядчык вагонаў, пуцявы абходчык, машыніст цеплавоза, памочнік машыніста. Тым, хто прайшоў навучанне, выдаецца сапраўдная чыгуначная форма. У ёй дзеці адчуваюць сябе сапраўднымі чыгуначнікамі!
     Але не толькі яны галоўныя ў такой важнай справе. Дзіцячы цягнік – яго вагоны і Цеплавоз – асноўныя работнікі, без іх не было б ніякіх паездак. Цеплавоз, пра які зараз пойдзе гаворка, добра разумеў, у чым складаецца яго праца. Штораніцы, стоячы на рэйках каля будынка вакзала, Цеплавоз з прымацаванымі да яго вагонамі чакаў машыніста. Гэту адказную працу даручылі шасцікласніку Сашу, які прайшоў абучэнне ў кружку і быў гатовы на практыцы замацаваць свае тэарэтычныя веды.
     – Прывітанне! – раніцай Цеплавоз пачуў вясёлы голас хлапчука.
     Саша ўсеўся ў кабіну, агледзеўся і пачаў рыхтаваць да працы пульт кіравання рухавіком Цеплавоза. Неўзабаве да яго на дапамогу прыйшоў іншы хлапчук, якога назначылі памочнікам машыніста.
     Што ж тым часам рабілі іншыя юныя чыгуначнікі-практыканты? Хтосьці выконваў працу аглядчыка вагонаў, хтосьці – пуцявога абходчыка. Перад паездкай вагоны цягніка трэба добра агледзець. А менавіта, праверыць, ці правільна яны прымацаваны адзін да аднаго і да лакаматыва, ці ў парадку ўсе колы, у саміх вагонах навесці парадак. У кагосьці з дзяцей была адказная праца цягніковага дыспетчара, якому трэба дакладна даваць указанні машыністу цягніка на ўсім шляху яго маршрута.
     І толькі калі юныя чыгуначнікі ўважліва падрыхтавалі цягнік да адпраўлення, у яго на час вандравання пасялілі малышоў, тых, хто вельмі жадаў пабыць самастойным пасажырам без мамы і таты. Вядома, у дзіцячым цягніку ніхто не бывае самотным. Вакол адны толькі дзеці, вясёлы смех, усмешкі, чаканне захаплення! Але калі штосьці не так, да дзіцяці падыдзе праваднік вагона (юны чыгуначнік) і вырашыць усе пытанні.
     – Дзеці! Зараз мы з вамі адправімся ў дарогу па Дзіцячай чыгунцы, будзьце ўважлівыя і асцярожныя, не крычыце і не ўставайце з вашых месцаў, – паведаміў начальнік цягніка праз гучнагаварыцель, які вісеў на сценах вагонаў.
     Нарэшце, Цеплавоз рашуча рушыў у дарогу пад кіраваннем машыніста, цягнучы за сабой пяць вагонаў з дзеткамі. "Ту-ту, ту-ту!" – так звычайна кажуць дзеці, імітуючы рух цягніка. А ў нашым Цеплавозе ў кабіне машыніста быў гудок, якім трэба свістаць, каб сказаць усім: "Асцярожна, я ўжо ежу!"
     – Ту-у-у! – крыкнуў Цеплавоз (тым часам машыніст уключыў сігнал гудка).
     Не, усё-такі, у паездцы галоўны сам Цеплавоз. Гэта ён паехаў па рэйках, зорка гледзячы наперад, асвятляючы дарогу магутным пражэктарам. "Але я не буду спяшацца, – падумаў Цеплавоз. – Раптам ува мяне што-небудзь зломіцца, і я тады зусім не змагу ехаць, застануся тут пасярод лесу". Вось так паціху ён дабраўся да станцыі "Хваёвы бор", каб перадыхнуць там і даць адпачынак сваім пасажырам. А яны, трохі пагуляўшы на свежым паветры, ужо зноў пабеглі на свае месцы ў вагоны, каб ехаць далей. "Раз так, едзем!" – вырашыў Цеплавоз і пацягнуў вагоны па крузе назад, да вакзала Дзіцячай чыгункі.
     – Цягнік затрымаўся ў дарозе на тры хвіліны, – абвясціў на канцавой станцыі дзяжурны, хлопчык гадоў дванаццаці.
     "Як так?" – засмуціўся машыніст цягніка, а яшчэ больш – сам Цеплавоз.
     – Чаму ты спазніўся? – спытаў у машыніста дыспетчар, такі ж хлапчук, як і ён.
     – Не ведаю, – адказаў Саша, – мабыць штосьці ў Цеплавозе знасілася, таму ён не можа ехаць хутчэй.
     "У мяне ўсё ў парадку, – хацеў сказаў Цеплавоз. – Проста я баюся…"
     Але ён не сказаў гэта, пабаяўся ці што.
     – Нічога, я скажу тату, ён агледзіць Цеплавоз і знойдзе ў ім няспраўнасць, – паабяцаў Саша, машыніст цягніка, усім дзецям, якія пазбіраліся вакол яго.
     На наступны дзень хлопчык прывёў на вакзал свайго бацьку. Той працаваў механікам на вагонарамонтным заводзе.
     Агледзеўшы рухавік, механік зразумеў, што трэба зрабіць, каб палепшыць работу Цеплавоза:
     – Я заўтра прынясу адну важную дэталь, у рухавіку яна ўжо практычна зношана. Неабходна замяніць яе на новую. Тады Цеплавоз зможа ездзіць хутчэй, не баючыся зламацца, – сказаў ён.
     Неўзабаве тата хлопчыка прынёс патрэбную дэталь і адрамантаваў Цеплавоз. З таго часу цягнік пачаў ездзіць нашмат хутчэй. А замест аднаго круга за час, адведзенае яму для паездкі, Цеплавоз змог праязджаць два круга, чым вельмі цешыў дзетак, якія сядзелі ў вагонах цягніка.
     Усё лета да восені Цеплавоз спраўна служыў на Дзіцячай чыгунцы. Ён пасябраваў з усімі вагонамі, бо яны ўвесь час былі неразлучныя. Вагоны ва ўсім слухаліся Цеплавоз. Вагоны прыпынялі свой ход, калі Цеплавоз змяншаў хуткасць, імкнуліся разагнацца хутчэй, калі той набіраў хуткасць. І за ўсім гэтым у кабіне Цеплавоза сачыў машыніст цягніка.
     Але ўвосень работа Цеплавоза спынілася. Усім працаўнікам Дзіцячай чыгункі трэба было працягваць сваё навучанне ў агульнаадукацыйнай школе. Толькі на наступны год у канцы вясны яны змогуць ізноў вярнуцца на сваю працу юнага чыгуначніка. Увесь год дзеці будуць наведваць кружок Юнага чыгуначніка і навучацца новым тэарэтычным ведам, каб потым падмацоўваць іх, праходзячы практыку на Дзіцячай чыгунцы.
     Вось так Цеплавоз і яго вагоны апынуліся ў гаражы на доўгі час у цемры і адзіноце. Што яны там робяць, пра што думаюць усю зіму, нам не вядома. Кажуць, Сашын тата наведваў цягнік і аглядаў Цеплавоз, хвалюючыся, як бы дэталі не саржавелі ў волкае надвор'е. Механік клапаціўся пра тое, каб цягнік змог працаваць увесну, таму змазваў дэталі цягніка машынным маслам.
     А ўвесну цягнік ізноў выпусцяць на волю з зімовага ўкрыцця. Школьнікі з радасцю прыйдуць абслугоўваць яго. Цяпер яны ўжо падраслі на год, паразумнелі, шмат чаму навучыліся і змогуць яшчэ лепш і з вялікай цікавасцю працаваць на Дзіцячай чыгунцы.
     Праз пару гадоў юныя чыгуначнікі, тыя, хто скончыць навучанне ў кружку і агульнаадукацыйнай школе, будуць вырашаць, чым ім займацца ў дарослым жыцці, паступаць у чыгуначны каледж ці адразу ва ўніверсітэт транспарта.
     Якія ж цікавыя і патрэбныя краіне прафесіі прапануюць асвоіць за час вучобы гэтыя навучальныя ўстановы? А іх даволі шмат. Пасля заканчэння навучальнай установы выпускнікі змогуць працаваць не толькі на чыгунцы. Абраныя пры паступленні спецэяльнасці дазволяць ім вадзіць ці абслугоўваць цягнікі ў мятро, вадзіць ці абслугоўваць увесь наземны транспарт, будаваць чыгункі і аўтамабільныя дарогі.
     Але Дзіцячая чыгунка не застанецца без юных чыгуначнікаў. Падрастаюць тыя малышы, якія нядаўна ў першы раз прыйшлі пакатацца на дзіцячым цягніку. І вось ужо яны паступаюць у кружок Юнага чыгуначніка і некалькі гадоў ходзяць на заняткі, каб потым падчас школьных канікулаў прыйсці на Дзіцячую чыгунку і ў новенькай фірменнай форме прыступіць да цікавай, але вельмі адказнай працы.
     Галоўнае, што юныя чыгуначнікі навучацца кіраваць работай сапраўднага цягніка з яго маленькімі пасажырамі. А гэты неацэнны вопыт дапаможа ім вызначыцца з выбарам прафесіі чыгуначніка на ўсё жыццё.
     
      Гэты аповед на рускай мове
14.05.23
Каталог TUT.BY Rambler's Top100