Вавёрачка адпраўляецца на пошукі родных - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Вавёрачка адпраўляецца на пошукі родных
Вавёрачка адпраўляецца на пошукі родных
Раніцай, прачнуўшыся, Каравочка ўспомніла свой сон. У сне маленькае ваверчаня жаласна глядзела на яе і прасіла піць. Яно было такім бездапаможным і слабенькім, што вавёрачка ў сне нават заплакала. "Гэтае ваверчаня кліча мяне, яму патрэбна мая дапамога, – здагадалася Каравочка. – Мне трэба адшукаць яго, яно дзесьці ў гэтым лесе".      – Дуб, я сёння тэрмінова адпраўляюся шукаць сваіх родных. Вавёркі жывуць дзесьці ў канцы нашага велізарнага лесу. Я ведаю гэта, мне не так даўно распавёў пра ўсё Верабей.
     – Ты ўпэўнена, што без іх не зможаш пражыць? – спытаў Дуб.
     – Упэўнена. Дуб, яны ж мае сваякі, гэтак жа, як для цябе – твае дубочкі. Ты ўжо пасадзіў жалуды?
     – Не, я не магу закапаць іх у зямлю.
     – Я вярнуся і пасаджу дубочкі, не хвалюйся, – паабяцала вавёрачка.
     – Калі ж ты вернешся?
     Калі адшукаю вавёрчыну сям'ю і пагавару з імі. Мне трэба ведаць, ці ўсё ў іх у парадку. Можа здарыцца так, што ім патрэбна дапамога.
     – Раз так, адпраўляйся, але не забывай, што тут твая хата, у цябе ёсць сябры, яны будуць хвалявацца за цябе і чакаць твайго вяртання.
     – Дзякуй, дарагі Дуб, я абавязкова вярнуся, не хвалюйся! – сказала вавёрачка і, хуценька перакусіўшы адным грыбочкам, "паляцела" на пошукі родных.
     Устрывожаная сваім сном, Каравочка не прадумала сваё вандраванне, нічога не ўзяла ў дарогу. Ні ежы, ні нават маленькага мяшэчка для ежы ў яе не было. Вавёрачка думала толькі пра адно. Ёй трэба было імчацца, колькі ёсць сілы, у той бок, дзе жывуць яе сваякі, каб, як мага хутчэй, дабрацца да іх.
     Дабегшы да раўчука з ключавой вадой, вавёрачка хуценька памылася, папіла вадзіцы і, узмахнуўшы хвосцікам, ужо хацела бегчы далей, аднак тут яе спыніла Алешына.
     – Куды ты так спяшаешся, мая даражэнькая? – спытала яна.
     – Мне тэрмінова трэба дабрацца туды, дзе жывуць вавёркі, бо яны мае сваякі. Я хачу наведаць іх і даведацца пра тое, як ім жывецца ў лесе, ці ўсё ў іх у парадку.
     – Разумніца! – сказала Алешына. – Ты клапатлівая і добрая. Мой знаёмы Ветрык кажа, што вавёркі жывуць у канцы нашага лесу. Ён ведае гэта месца. Табе трэба бегчы ўздоўж вунь той сцяжынкі, яна вельмі доўгая і вядзе менавіта туды. – Алешына паказала сваёй доўгай галінкай на вузенькую сцяжынку, якая разразала густую траву і сыходзіла ўглыб леса.
     – Шчыра дзякую, Алешына! Ты вельмі дапамагла мне, – падзякавала вавёрачка, – інакш я б пабегла зусім у іншы бок. Компаса ў мяне няма, я яшчэ дрэнна арыентуюся ў лесе. Гэта сцяжынка дапаможа мяне і прывядзе да маіх сваякоў.
     Вавёрачка памчалася ўздоўж сцяжынкі, толькі не па зямлі, а па паветры, пералятаючы з аднаго дрэва на іншае. Сцяжынка аказалася не такой ужо і роўненькай. Яна то віхляла з боку ў бок, аббягаючы перашкоды ў выглядзе раслін і камянёў, то паднімалася на ўзгорачкі, то апускалася ў нізіны, і не было ёй ні канца, ні краю.
     "Ох, стамілася я, – запыхалася вандроўніца, – і піць хачу, і есці хачу, а нічога з сабой не ўзяла ў дарогу. Дурніца я, так і ёсць – дурніца непрактычная".
     Згледзеўшы на палянцы невялікае дрэўца, яшчэ зусім маладзенькае, але ўжо з прыгожымі ярка-чырвонымі гронкамі ягад на галінках, Каравочка разгаварылася з ім:
     – Прывітанне! Я – вавёрачка, а ты хто?
     – А я – Рабінушка. Бачыш на маіх галінках выраслі ярка-чырвоныя гронкі? Гэта мае ягады, яны смачныя, пакаштуй іх, калі захочаш.
     – Вялікі дзякуй, – адказала вавёрачка. – Я прагаладалася з дарогі і з задавальненнем паспытаю твае ягады.
     І яна лёгенька сарвала з галінкі сакавітыя маленькія ягады так, каб не пашкодзіць дрэўца.
     – Так, яны вельмі смачныя, кісла-салодкія! – пахваліла вавёрачка. – Можна я яшчэ сарву?
     – Калі ласка, еш, колькі жадаеш, – адклікнулася Рабінушка. – Куды ж ты так спяшаешся? Бачу, трывожышся.
     – Мне трэба знайсці маленькага ваверчаня, яно чакае мяне. Я незнаёмая з ім і не ведаю, дзе яно жыве. Але мой сон падказаў мне, што я патрэбна яму.
     – Я чула ад Ветрыка, што ў тым боку лесу жывуць вавёркі, – сказала Рабінушка. – Ты узяла правільны кірунак, бяжы далей. Вазьмі ў дарогу мае ягады, адарві некалькі саспелых гронак.
     – Дзякуй, Рабінушка, але ў мяне няма кошыка, куды б я іх паклала.
     – А ты збегай да Вожычыхі, яна пазычыць табе кошык, на зваротным шляху вернеш.
     Вавёрачка так і зрабіла, пазычыла кошык. Вожычыха жыла зусім недалёка ад Рабінушкі і, на шчасце, у гэты час яна адпачывала ад хатніх спраў у сваёй норцы.
     З поўным кошыкам смачных ягад Рабінушкі Каравочка паспяшалася далей.
     
      Гэта казка на рускай мове
01.11.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100