Сустрэча з Вераб’ём, Сойкай і жураўлямі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Сустрэча з Вераб’ём, Сойкай і жураўлямі
Сустрэча з Вераб’ём, Сойкай і жураўлямі
Вавёрачкі, дзе вы? – пераскокваючы з галінкі на галінку, крыкнула Каравочка так гучна, як змагла. – Я жадаю пазнаёміцца з вамі!      – Вавёрачкі? Яны жывуць далёка, табе трэба будзе прабегчы па лесе некалькі кіламетраў, каб сустрэцца з імі, – адказаў ёй маленькі шустры Верабей, пралятаючы міма.
     – Як дрэнна, што яны жывуць не побач са мной, – засмуткавала вавёрачка. – А хто жыве тут, побач з Дубам, у дупле якога я жыву?
     – Недалёка ад магутнага Дуба пасяліўся я, побач жыве Сарока, а яшчэ Сойка. Яна пасялілася ў дупле старой Ліпы.
     – Пакажы мне, Верабейка, яе дупло, я жадаю пазнаёміцца з Сойкай, – папрасіла вавёрачка, яна нават не ведала, як можа выглядаць гэта незнаёмая птушка.
     – Добра, бяжы за мной! – адказаў Верабей і паляцеў наперад, цвыркаючы на хаду, каб вавёрачка не змагла страціць яго з выгляду.
     Але апынуўшыся побач з Ліпай, вавёрачка разгубілася. Цяпер яна не разумела, у які бок ёй трэба будзе бегчы назад, каб дабрацца дахаты.
     – Дык ты не бойся, – супакоіў яе вясёлы Верабей. – Толькі крыкні, стары Дуб адразу цябе пачуе і адгукнецца. Гэта недалёка. І Верабей паляцеў.
     Дачакаўшыся, калі вернецца са шпацыру Сойка, вавёрачка разгаварылася з ёй. Сойка аказалася прыгожай буйнай птушачкай з бураватым апярэннем, чорнымі хвастом, дзюбай і крыламі, упрыгожанымі ярка-блакітнымі бліскучымі пярынкамі.
     – Як добра, што ты пасялілася побач са мной, – сказала Сойка. – Зараз у мяне будзе суседка, з якой можна пагаварыць. А то я тут усё адна, ды адна. Вось лётаю на край лесу да старой сяброўкі, таксама Сойцы. Яна не вырашаецца сюды да мяне прылятаць, баіцца.
     – А я ўжо нічога не баюся, – зманіла вавёрачка. – Ёй так хацелася здацца адважнай і рашучай, што яна раптам сама паверыла ў гэта.
     – Хутка будзем збіраць жалуды. Іх у твайго гаспадара сёлета будзе відзьмо-невідзьмо! – Сойка распасцерла свае крылцы, паказваючы велічыню незлічонай колькасці жалудоў.
     – Але гэта ж будучыя дзеткі, дубочкі, – паспрабавала запярэчыць вавёрачка.
     – Нічога, дубочкам таксама хопіць жалудоў, а нам з табой трэба іх нарыхтаваць на доўгую халодную зіму, каб не памерці з голаду, – адказала Сойка. – Ты ж любіш лускаць жалуды?
     – Люблю, – вавёрачка ўзгадала, як у заапарку яе кармілі смажанымі жалудамі. – А яшчэ мне распавядала Елка, што ў лесе растуць грыбы. Іх я таксама вельмі люблю.
     – А вось грыбамі харчуйся сама, я іх не ем, – Сойка памахала сваім хвосцікам.
     – Хто ж мне пакажа, дзе яны растуць? – засумавала вавёрачка.
     – Не ведаю, гэта не ў маёй кампетэнцыі. Пайду-ка я адпачываць. Наматалася за дзень, туды-сюды, туды-сюды лётала. Крылцы баляць. А ты ляці дахаты, да сустрэчы! – і Сойка схавалася ў сваім дупле.
     "Як жа мне знайсці дарогу дахаты?", – спалохалася вавёрачка, што не паспела ў Сойкі нічога даведацца пра гэта. Пасаромеўшыся крычаць на ўвесь лес, Каравочка пабегла ў бок, дзе яшчэ былі бачныя прамяні сыходзячага за гарызонт сонейка. Так выпадкова вавёрачка патрапіла на вялікую лясную паляну. І каго ж яна там убачыла?
     Жураўлі, шэракрылыя даўганогія птушкі, стоўпіліся ў цэнтры і па краях паляны, апусціўшы дзюбы ўніз і адшукваючы ў зямлі хоць штосьці ядомае. Часам, у іх атрымоўвалася выцягнуць з травы жука ці чарвяка, зялёнага коніка ці замярзаючага матылька. "Чаму яны стоўпіліся тут і чагосьці чакаюць?" – падумала вавёрачка. Яна бачыла ў заапарку гэтых вялікіх птушак з прыгожымі выцягнутымі шыямі і велізарнымі шэрымі крыламі.
     – Прывітанне, жураўлі! – крыкнула малышка, заскочыўшы на галінку кучаравай бярозы, што расла на краю паляны. – Што вы тут шукайце?
     – Нічога мы не шукаем, – адказаў Каравочцы важак чарады жураўлёў. – Проста адпачываем. Мы спусціліся ў лес, каб пераначаваць, а заўтра раніцай ізноў паднімемся ў неба і працягнем свой палёт у паўднёвую краіну. Мы баімся халадоў, ды і ў гэту пару года тут нам зусім няма чым харчавацца. А на поўдні будзе шмат ежы. Увесну мы зноў вернемся сюды на балота, дзе шмат жаб. Іх мы вельмі любім.
     – Вядома, адпачніце, ваш пералёт адымае шмат сіл, – паспагадала вавёрачка жураўлям. – А я вось нядаўна пасялілася тут у дупле старога Дуба. Толькі не ведаю, як яго знайсці сярод гэтага густога лесу, вось натрапіла выпадкова на вас.
     – Не перажывай, вавёрачка! Я зараз паднімуся ў неба і пагляджу, дзе ён расце, – сказаў важак чарады. Ён узмахнуў сваімі велізарнымі крыламі і ўзляцеў над лесам. Пакружыўшы трохі, апусціўся ўніз.
     – Твой Дуб расце ў тым боку, – сказаў ён вавёрачцы, паказаўшы крылом у бок, куды ёй трэба было бегчы. – Ён такі велізарны, магутны, самы высокі ў гэтым лесе! – захапіўся Журавель.
     – Дзякуй, вам, за дапамогу. Зараз я буду ведаць гэтую дарогу і не зблытаюся ніколі, – узрадавалася вавёрачка. – Пабягу, ужо позна. А вам жадаю ўсяго добрага! Да сустрэчы ў будучым годзе!
     Жураўлі памахалі ўслед малой, а яна "паляцела", скачучы з галінкі на галінку, да сваёй новай хаты, якая ўжо стала для яе роднай.
     
      Гэта казка на рускай мове
28.10.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100