Залаты пялёстак (рамантычная казка) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Залаты пялёстак (рамантычная казка)
Залаты пялёстак (рамантычная казка)
Па паветраных дарогах над Зямлёй лёталі два сябра – вятры, Паўночны і Паўднёвы. Дзе толькі яны не пабывалі – на Крайняй Поўначы і на Поўдні, на гарачым Экватары, у пустыні і ў акіяне. Але часцей за ўсё абодва вятры імкнуліся патрапіць у цудоўнае, сапраўды Райскае месца. Гэта быў выдатны сад, дзе раслі фруктовыя дрэвы, і пахлі кветкі самых розных сартоў і расфарбовак. Да таго ж, над садам пырхалі сотні чароўных матылькоў. Яны адорвалі кветкі далікатнымі пацалункамі, а потым кружыліся ў танцы над імі.      Паўночнаму і Паўднёваму ветрам заўсёды было вельмі прыемна пабываць у гэтым садзе, насычыцца яго водарамі і паглядзець на яркі рознакаляровы жывы дыван з кветак і матылькоў. Але абодва вятры былі так добра выхаваны, што неспадзявана сутыкнуўшыся на паветраным скрыжаванні, стараліся саступіць адзін аднаму дарогу ў Райскі сад. І тады аднаму з іх даводзілася змяняць кірунак палёту.
     Але аднойчы пры сустрэчы Паўночны вецер быў такі ўсхваляваны і напорысты, што нават не спыніўся, не прапусціў наперад сябра, а толькі пракрычаў:
     – Прабач дружа! Я не змагу саступіць табе дарогу, таму што мне трэба тэрмінова патрапіць у Райскі сад.
     Не, не падумайце, што Паўднёвы вецер моцна пакрыўдзіўся. Ён зразумеў – у сябра здарылася штосьці неспадзяванае.
     А справа ў тым, што ў далёкім паўночным краі, там, адкуль прыляцеў Паўночны вецер, на вяршыні самай высокай гары ў зарасніках травы і хмызнякоў жыла Залатая Кветка незвычайнай прыгажосці. Яна была падобная на залатую карону з пяццю залатымі зубчыкамі-пялёсткамі. Далікатная з выгляду, яна была моцная духам і не баялася халодных вятроў. Ёй прадказвалі доўгае жыццё і нават лічылі несмяротнай. Людзі паднімаліся ў горы, каб пакланіцца Залатой Кветцы і папрасіць у яе шчасця і здароўя. Яна ж старалася дапамагчы ўсім.
     Паўночны вецер таксама часта прылятаў да Залатой Кветкі, размаўляў з ёй, дзякаваў за сілу, якую тая яму надавала. Але аднойчы, падляцеўшы да Залатой Кветкі, Паўночны вецер адчуў штосьці нядобрае. Залатая Кветка завядала, яе залатыя пялёсткі паніклі і пацьмянелі.
     Імкнучыся ўтрымаць дарагую сяброўку ад згубы, Паўночны вецер прашаптаў:
     – Што здарылася з табой, Залатая Кветка? Ты заўсёды была моцнай і не баялася халадоў. Я думаў, што ты будзеш жыць вечна.
     – Я не змагу жыць вечна, – адказала Залатая Кветка. – Мой сябр, Матылёк, заснуў. Ён змерз, і яго сэрцайка астыла. А без цеплыні і падтрымкі кахананага, я не выжыву, засохну ад нуды.
     – Пачакай, не завядай! – крыкнуў Паўночны вецер. – Я прынясу табе іншага матылька, з Райскага саду! Ён сагрэе цябе!
     – Не! Мне патрэбен толькі той, каго я кахаю, – адказала Залатая Кветка.
     – Раз так, – вырашыў Паўночны вецер, – я аднясу твайго сябра ў Райскі сад. Ён там ажыве і насычыцца энергіяй Сонца!
     Загарнуўшы заснуўшага Матылька ў мяккі і цёплы залаты пялёстак, які яму дала Залатая Кветка, Паўночны вецер панёс яго над лясамі і палямі, над рэкамі і азёрамі па самым кароткім шляху да Райскага саду.
     "Ён ажыве, ён павінен ажыць!" – з хваляваннем разважаў Паўночны вецер. Усю дарогу ён засцерагаў Матылька, імкнучыся быць акуратным, каб сонны Матылёк не выпаў з залатога пялёстка. Прыляцеўшы ў Райскі сад, Паўночны вецер асцярожна паклаў Матылька на сярэдзіну сонечнай паляны.
     – Дапамажыце! – паклікаў ён да сябе матылькоў Райскага саду. – Ажывіце і сагрэйце яго! Без цяпла і кахання гэтага Матылька не можа жыць Залатая Кветка Поўначы. Яна гіне, таму што без памяці закаханая ў гэта далікатнае стварэнне.
     Як жа не дапамагчы закаханаму сэрцайку Залатой Кветкі, нават калі яно б'ецца за тысячу кіламетраў адгэтуль? Сотні матылькоў накіраваліся на дапамогу змёрзламу Матыльку. Яны сабралі на сваіх крылцах як мага больш сонечнага цяпла і адагрэлі няшчаснага. Матылёк прачнуўся, але ўзляцець яшчэ не змог.
     – Дзе я? – спытаў ён.
     – У нас у гасцях у Райскім садзе! – адказалі матылькі-выратавальнікі. – Пажыві тут дзянёк, адужэй, папі кветкавага нектару. Але доўга не затрымоўвайся. Адпраўляйся на Поўнач, да сваёй сяброўкі Залатой Кветкі. Без цябе яна загіне! – раілі яны.
     Праз некалькі дзён Паўночны вецер панёс назад у тым жа залатым пялёстку памацнеўшага Матылька. Паўночны вецер спяшаўся, бо іх вельмі чакала паміраючая ад нуды і смутку Залатая Кветка. Каралеве Паўночнага краю – заўсёды моцнай і непераможнай Залатой Кветцы з бліскучымі цвёрдымі і трывалымі пялёсткамі – цяпер не хапала цяпла і клопату кахаючага сэрцайка маленькага далікатнага Матылька. Толькі ўбачыўшы яго побач, адчуўшы яго дакрананне, яна ажыла і расправіла чатыры панікшыя залатыя пялёсткі.
     
     Вось так і ў нашым жыцці. Пакуль з намі блізкія людзі і сябры, мы жывыя і бадзёрыя. А без іх мы сохнем і гінем. Так хай жа заўсёды побач з кожным з нас будзе самы блізкі і дарагі чалавек, і хай не вычэрпваецца павага і спагада адзін да аднаго ў сяброў і знаёмых!
     
     
      Гэтая казка на рускай мове
18.02.19
Каталог TUT.BY Rambler's Top100