Таямніца старога балота (казка-быль пра вайну) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Таямніца старога балота (казка-быль пра вайну)
Таямніца старога балота (казка-быль пра вайну)
На зарослым мохам астраўку вялікага верхавога балота Беларусі рос стары Дуб. Шмат пабачыў ён на сваім вяку, шмат аб чым ужо і не ўспомніць, але тую даўнюю бязлітасную вайну, што прайшлася "цяжкімі крокамі" па яго родным балоце, ён ніколі не забудзе. Дуб памятае спапяляючы агонь і выбухі снарадаў, кулямётныя чэргі, танкі, якія вязлі ў багне, і змучаныя твары маладых салдат…      Цяпер жа ў гэтую ціхую восеньскую раніцу велізарнае балота лашчылася ў мяккіх прамянях узыходзячага сонца. Дуб атрымліваў асалоду ад спакойнага жыцця і жадаў толькі аднаго, каб жудасная кровапралітная вайна больш ніколі не паўтарылася.
     – Добрай раніцы, суседка! – прамовіў Дуб і асцярожна схіліў зялёную галінку да белай Бярозы.
     Яна ж вырасла зусім блізка ад яго, але ўжо ў пасляваенны час, таму нічога не ведала пра вайну. Прыгажуне Бярозе не давялося зведаць жахлівы страх ад грукату снарадаў і бомбаў, не бачыла яна скрываўленых людзей, не чула гулу варожых самалётаў. На шчасце, Бяроза ўсё сваё жыццё жыве пад мірным небам на родным балоце. І хоць яна ўжо даўно стала дарослай, яе ствол усё яшчэ белы і прыгожы, тоненькія лісточкі далікатнага зялёнага колеру, як у маладых бярозак. У доўгіх завушніцах, якія звісаюць з тонкіх галін, хаваецца насенне. Не аднойчы восеньскай парой яно разляталася па балоце, дорачы жыццё новым дрэўцам.
     Вось яны, дзеці Бярозы – стройныя, тонкія і нясмелыя маладыя бярозкі – стаяць гуртом, нібы дзяўчынкі-першаклашкі на школьнай лінейцы, усміхаюцца і махаюць маме Бярозе зялёнымі галінкамі.
     – Мне сумна тут, на гэтым ціхім і нецікавым балоце, – зажурылася самая малодшая дачушка Бярозы, раняючы слёзкі ў сухі балотны Мох.
     Мох на балоце вельмі стары. Кажуць, што яму больш за тысячу гадоў, а ён усё яшчэ расце, маладзее, таму і жыве. Мяккі і тоўсты дыван з яго жоўта-зялёных галінак выслаў усё балота, абараняючы яго ад перасыхання і зімовых халадоў.
     – Мох, табе добра, ты дарослы і не ўмееш плакаць, – пазайздросціла маладая Бярозка.
     "Так, не ўмею", – у думках пагадзіўся Мох.
     Яму не хацелася спрачацца з дурненькай Бярозкай. Яна ж не ведае, што ён таксама плакаў, шмат разоў плакаў, толькі не ад нуды, ад гора. Гэта было даўно, падчас вайны, але ён усё памятае. Мох не забыўся, як яго тапталі гусеніцы танкаў і білі снарады, як ён узлятаў у паветра ад выбухаў варожых бомбаў, калі ўсё вакол пакрывалася чорным дымам і агнём…
     – Курлы-курлы, – у цішыні восеньскай раніцы пачуліся звонкія і працяглыя галасы птушак. Дуб з Бярозай адразу заўважылі вялікіх шызакрылых птушак, якія кружылі над балотам.
     – Давайце спынімся на адпачынак тут. Пажывём у цішыні некалькі дзён, а потым паляцім далей на паўднёвую зімоўку, – крыкнуў важак чарады жураўлёў. – Здаецца, што на гэтым балоце паспела шмат журавін.
     Птушкі апусціліся на зямлю побач з маладымі бярозкамі і, склаўшы доўгія крылы, сталі праходжвацца па балоце, вышукваючы сярод імху ярка-чырвоныя сакавітыя ягадкі.
     "Вось яшчэ. Няўжо іх зацікавіў гэты стары Мох", – здзівілася Бярозка. Яна перастала плакаць, падбадзёрылася і, расправіўшы тонкія галінкі, усеяныя далікатна-зялёнымі бліскучымі лісточкамі, адразу папрыгажэла.
     Але ні юная Бярозка, ні жураўлі не змаглі б здагадацца, што схавана ў гэтым месцы пад мяккім дываном са старога мху. Аднак вельмі хутка ўсе жыхары балота спазнаюць таямніцу старога балота…
     
     У сярэдзіне восені на балота прыйшлі людзі. Не, яны не перашкодзілі дрэвам і жураўлям. Вось толькі людзям прыйшлося трохі патрывожыць мяккія зараснікі старажытнага балотнага імху. Экскаватар падняў яго, разрыў зямлю, і тады ўсе ўбачылі, што хаваецца ў глыбіні старога балота.
     Гэта быў танк Т-34, той, што патануў у балоце ў далёкія гады вайны. Людзі выцягнулі яго з балотнай багны і звезлі…
     Потым яго адмыюць, пачысцяць, адновяць і адвязуць у Музей Славы Герояў Вялікай Айчыннай вайны. Людзі ўспомняць і запішуць гісторыю гэтага танка, даведаюцца пра лёс байцоў, якія змагаліся падчас вайны на гэтай баявой машыне, уславяць іх імёны.
     Безумоўна, балота і яго цёплы Мох зрабілі сваю справу – захавалі на памяць для нашчадкаў гераічную машыну, якая змагалася на дарогах вайны.
     Маленькія бярозкі, якія да таго нічога не ведалі пра танк, аднак чулі гутаркі людзей, пэўна па-іншаму будуць глядзець на зямлю, якая пазарастала мяккім Мохам, і перастануць плакаць па дробязях. Яны, нарэшце, зразумеюць, у якім цудоўным ціхім спакойным месцы нарадзіліся і жывуць. І толькі на стары Дуб часам нахлынуць горкія ўспаміны пра вайну. Але, гледзячы з вышыні на квітнеючы дыван балота, на далікатна-зялёную лістоту суседак бяроз, ён будзе думаць пра мірнае шчаслівае жыццё і верыць у тое, што страшная вайна ўжо ніколі не прыйдзе на яго Радзіму, што ў ясным небе над ёю будуць заўсёды разлівацца толькі звонкія жыццярадасныя галасы птушак.
     
      Гэтая казка на рускай мове
29.12.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100