Казка 12 - Трамвайныя прыгоды Тузіка - - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Казка 12 - Трамвайныя прыгоды Тузіка -
Казка 12 - Трамвайныя прыгоды Тузіка -
У трамвайным акне хутка прамільгнулі шыльды, вітрыны крам, ліхтарныя слупы, заснежаныя дрэвы, пешаходы, а потым з'явіліся высокія жылыя дамы. Трамвай спыніўся. Дзверы адчыніліся, хтосьці выйшаў, хтосьці ўвайшоў, і Трамвай паехаў далей. "З-з-з-ннн!" – ізноў празваніў трамвайны званок. Але Тузік на яго не звярнуў увагі. Сабака з цікавасцю разглядаў пасажыраў. Яны сядзелі на сядзеннях, уткнуўшыся ў свае тэлефоны і планшэты. Толькі адзін дзядуля нічога не чытаў, ён назіраў за Тузікам.      – Ідзі сюды! – павабіў ён пальцам.
     Сабака падбег да незнаёмца і раптам апамятаўся. "Куды я еду? Мне ж трэба вярнуцца назад да Пеці. Я прапаў!"
     – Ты спалохаўся, – зразумеў стары. – Не ведаеш, куды едзеш?
     – Мне трэба вярнуцца ў Дзіцячы парк! – гаўкнуў Тузік.
     Гэта здасца неверагодным, але незнаёмы чалавек зразумеў яго:
     – Даедзеш да апошняга прыпынку гэтага Трамвая №5, але не выходзь. Трамвай развернецца і паедзе назад. Так ты і дабярэшся да Дзіцячага парку.
     – Ура! – узрадаваўся сабака, ён матнуў галавой і вушамі ў знак падзякі.
     На наступным прыпынку стары выйшаў, але Тузік ужо нічога не баяўся, ён паехаў далей. Прыпынкі мільгалі адзін за адным, пакуль Трамвай не прыехаў у канец горада.
     – Канчатковы прыпынак "Ледзяная горка" – абвясціў усё той жа трамвайны голас.
     "Гэта кажа не Трамвай, а робат, – падумаў Тузік. – Трамвай толькі звоніць у званок і вырашае, куды яму ехаць". Ці так гэта, ці не, не нам казаць. Памылка сабакі ьыла толькі ў тым, што ён не заўважыў вадзіцеля Трамвая. Тузіку здавалася, што Трамвай, як і Пеця, жывы! Хоць, можа быць, так і было?
     Тузік паглядзеў за акно і ўбачыў велізарную беласнежную гару, якая зіхацела на сонцы. "Клас!" – захапіўся сабака. Ён глядзеў, як з гары з'язджалі дзеці – хто на лыжах, хто на звычайных ці надзіманых санках, а хто на лядзянках або на талерцы. "Трэба ўгаварыць Пецю паехаць сюды пакатацца. Пеця надзене замест колаў лыжы і ператворыцца ў снегаход. Зараз гэта вельмі проста зрабіць! Папросім інструктара, ён дапаможа", – вырашыў Тузік.
     Задаволены сваёй задумкай Тузік вяртаўся назад. Ён уважліва слухаў голас Трамвая і, калі той абвясціў прыпынак "Дзіцячы парк", сабака хутка саскочыў з прыступак Трамвая на зямлю. Ён перабег на іншы бок па пешаходным пераходзе так, як вучыў Пеця – на зялёнае святло Святлафора. І тут Тузік заўважыў, як нечы неразумны Шчанюк ірвануўся наперад, спрабуючы перабегчы праз дарогу на чырвонае святло Святлафора.
     – Стой! – гаўкнуў Тузік. – Ты куды бяжыш! Не ведаеш правіл вулічнага руху? Цяпер на Святлафоры чырвонае святло, пераходзіць праз дарогу можна толькі на зялёнае!
     Дурны Шчанюк спыніўся і, убачыўшы дакорлівы позірк Святлафора, вінавата апусціў маленькі хвосцік.
     – Ты чый? – спытаў Тузік. – Куды бяжыш?
     – Дахаты, там мая бабуля адна хворая.
     – Адкуль ты бяжыш?
     – Ад яе ўнучкі.
     – Цяпер бяжы! – дазволіў Тузік, заўважыўшы, як на Святлафоры загарэлася зялёнае святло. – Але глядзі, так больш не рабі. Будзь асцярожным!
     – Добра! – паабяцаў маленькі Шчанюк і пабег праз дарогу.
     А Тузік вярнуўся ў Дзіцячы парк. Неўзабаве ён адшукаў Пецю.
     – Дзе ты быў? – спытаў сябар. – Я хваляваўся. Хіба ты не мог сказаць мне, куды ідзеш? – дакараў Тузіка Пеця. Але, даведаўшыся пра яго трамвайныя прыгоды, трохі супакоіўся. – З гары пакатацца было б выдатна, – пагадзіўся ён. – Нядаўна да мяне тэлефанавалі Саша з Кацяй. Заўтра субота, яны збіраюцца прыехаць сюды, у Дзіцячы парк, каб пакатацца на катку.
     – Тут нават ёсць каток? – здзівіўся Тузік. – Шкада, што я не ўмею катацца на каньках. – Давай разам з імі з'ездзім на Ледзяную горку! – прапанаваў ён Пецю.
     
     Накатаўшыся на дзіцячым аўтамабілі, Пеціны "пасажыры" разыйшліся па хатах. Камусьці з іх трэба было ісці на заняткі, камусьці рабіць урокі. "У малодшых класах яшчэ не так цяжка вучыцца", – разважаў Пеця. Аднак ён ведаў, што заўсёды трэба старацца выконваць усе хатнія заданні, каб не адстаць ад іншых дзяцей і не атрымліваць дрэнныя адзнакі. Пра гэта казаў тата Каці, калі распавядаў ім у вёсцы пра тое, як калісьці сам вучыўся ў школе.
     – Тузік, садзіся, паедзем дахаты! – вырашыў дзіцячы аўтамабіль.
     Пеця выканаў свой план намечаных спраў на гэты дзень і задаволены вяртаўся дадому. Тузік, падарожнічаючы па горадзе, таксама стаміўся ад новых уражанняў. І яму патрэбен быў адпачынак. Дома іх чакалі стомленыя Андрэй і спадарыня Тараторкіна. І іх працоўны дзень падышоў да канца. А заўтра ўсіх іх чакаў суботні выхадны дзень.
     
     Малюнак мастачкі Эльгі Паповай
     
      Працяг казкі
     
      Гэтая казка на рускай мове
10.02.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100