Казка 11 - Пеця з Тузікам едуць у Дзіцячы парк - - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Казка 11 - Пеця з Тузікам едуць у Дзіцячы парк -
Казка 11 - Пеця з Тузікам едуць у Дзіцячы парк -
Гэта быў будны дзень, калі мноства гараджан з раніцы спяшаюцца па сваіх справах. Блакітная аўтамашына, Пеціна мама, ужо павезла Андрэя на працу. Выехаўшы з гаража, Пеця з Тузікам зажмурыліся ад яркага святла, свежае марознае паветра ахінула іх. У горадзе ўсю ноч ішоў снег, і цяпер усё навокал ззяла чароўнымі белымі фарбамі. Мільярды далікатных ажурных сняжынак ляглі на зямлю, дрэвы, ліхтары, дахі хат, атуліўшы іх тоўстым пухнатым белым дываном. Аднак пешаходныя дарожкі і вуліца, па якой рухаўся чырвоненькі аўтамабіль, ужо былі кімсьці пачышчаны.      Узімку, калі па начах часта ідзе снег, да раніцы гарадскія вуліцы і тратуары павінны быць вычышчаны, таму што ніхто з працуючых гараджан не хоча спазніцца на сваю працу. Але гэта магчыма, калі перасоўвацца на аўтамабілі, грамадскім транспарце альбо пехатой па добрых не слізкіх вуліцах і тратуарах. Вось чаму ў снежныя ночы ў горадзе працуюць снегапрыбіральныя машыны. Яны збіраюць снег і вязуць яго за горад.
     Тузік нікуды не спяшаўся, а Пеця хваляваўся, бо абяцаў дзецям у трынаццаць гадзін прыехаць у Дзіцячы парк.
     – Я праспаў! – дакараў ён сябе. – У гэты час мне ўжо трэба было быць у парку.
     – А ты не паслізнешся, калі на дарозе будзе лёд? – спытаў Тузік.
     – Мае колы не будуць слізгаць, таму што я памяняў летнія шыны на зімовыя, – пахваліўся Пеця. – У такое надвор'е я стараюся ехаць акуратна, па правілах, на невялікай скорасці.
     – Правільна, ты разумны, Пеця, – пахваліў яго Тузік.
     Некалькі разоў Пеця спыняўся на скрыжаваннях і перад пешаходнымі пераходамі. Святлафор, які вісеў уверсе на слупе, тым часам уключаў сваё чырвонае вока і строга загадваў: "Стойце!" Затым загаралася яго жоўтае вока з папярэджаннем: "Ехаць яшчэ нельга". А калі Святлафор уключаў зялёнае вока і казаў: "Едзьце!", усе аўтамабілі накіроўваліся наперад па дарозе.
     Каля чарговага падземнага пераходу, куды спускаліся і адкуль паднімаліся па ўсходах людзі, Тузік заўважыў таблічку "М".
     – Што гэта? – спытаў ён у Пеці.
     – Гэта значыць, што тут уваход у метро.
     – Метро, яно вялікае?
     – Вядома. У нашым горадзе дзве лініі метро. Гэта вельмі доўгія падземныя тунэлі, якія калісьці выкапалі будаўнікі. Адзін тунэль выкапаны вышэй, а другі - ніжэй, пад ім. Па кожнай лініі ездзяць электрацягнікі з аднаго канца горада ў другі. Цягнікі метро падобныя на электрычкі. Ты ж, Тузік, бачыў электрычку?
     – Вядома, бачыў, калі бабулю сустракаў з рынку. Электрычка падобная на наш лясны цягнік, толькі яна вялікая, для дарослых людзей. Дахаты я паеду на электрычцы, так казаў Андрэй. На станцыі мяне будзе сустракаць бабуля.
     – Калі захочаш, дык можаш пакатацца на метро, але толькі не са мной. Я езджу па вуліцах і шасэйных аўтамагістралях, а не па падземных тунэлях, – растлумачыў аўтамабіль.
     – Не, я адзін баюся, – адказаў Тузік. – А што гэта такое? Таксама метро? – спытаў ён, паказваючы на трамвай.
     – Якое ж гэта метро! – усміхнуўся Пеця. – У метро ездзяць электрацягнікі, у якіх можа быць нават восем вагонаў, а ў трамваі іх адзін ці два, не больш. А яшчэ трамваі ніколі не заязджаюць у падземныя тунэлі. Яны рухаюцца па рэйках, пракладзеных уздоўж гарадскіх вуліц. У нашым горадзе сем трамвайных ліній, па якіх ездзяць трамваі. На трамваі, як і на гарадскім аўтобусе, можна дабрацца ў любы канец горада.
     – І трамвай я ніколі раней не бачыў, – Тузік шырока расплюшчыў вочы, назіраючы за трамвайным вагончыкам, які з грукатам перасоўваўся па металічных рэйках.
     – З-з-з-ннн! – папярэдзіў усіх гучным званком трамвай, а больш дакладна не ён сам, а яго вадзіцель, вагонаважаты. Трамвай асцярожна заехаў за вугал дома на іншую вуліцу і знік за дамамі. Аўтамабіль Пеця тым часам стаяў на скрыжаванні, ён прапускаў трамвай.
     "Я абавязкова пракачуся на ім!" – вырашыў Тузік, калі яны рушылі далей.
     Неўзабаве нашы вандроўнікі дабраліся да Дзіцячага парку, вось толькі спачатку пераехалі праз мост. Пад мостам цякла рака, але цяпер яна была скавана лёдам.
     – І наша лясное возера таксама замерзла, – сумна паведаміў Тузік.
     – Паглядзі! Вунь там – маленькая палонка, у ёй плаваюць качкі, – Пеця паказаў святлом фар у той бок, дзе ў невялікай частцы ракі яшчэ не было лёду. У халоднай рачной вадзе пазбіраліся качкі, якія не паляцелі на зіму ў паўднёвыя краіны.
     – Якія гультаяватыя, – здзівіўся Тузік. – Не захацелі далёка ляцець, але тут яны могуць змерзнуць!
     – Каб не змерзнуць, качкам трэба шмат ежы. Іх кормяць людзі. Яны прыносяць хлеб, крупу, а птушкі задаволены. З такім сілкаваннем ім можна перазімаваць тут і не трэба далёка ляцець, бо гэта цяжка і стомна, – растлумачыў Пеця.
     Затым яны ўбачылі вялікія вароты. Над імі віднеўся надпіс "ДЗІЦЯЧЫ ПАРК". Тузік з цікавасцю ўсё разглядаў. Па расчышчаных пешаходных дарожках хадзілі людзі – дарослыя і дзеці з сабакамі, маладыя мамы з дзіцячымі каляскамі, у якіх спалі малыя. Наводдаль, на самай вялікай пляцоўцы парку, пазбіраліся хлопчыкі і дзяўчынкі.
     – Гэта яны чакаюць мяне, – растлумачыў Пеця.
     – Яны не ходзяць у школу? – здзівіўся Тузік.
     – Ходзяць, толькі ў іх сёння ўжо скончыліся заняткі. Паглядзі, вунь іх школьныя рукзакі.
     У канцы пляцоўкі былі звалены дзіцячыя рукзакі: значыць, хутка школьнікам трэба будзе ісці дахаты, абедаць і рабіць урокі.
     – Пеця прыехаў! – узрадаваліся дзеці.
     – Прывітанне! Прабачце, я трохі спазніўся, – прамовіў чырвоненькі аўтамабіль і тут жа ўзяўся па чарзе катаць дзяцей па дарожках парку.
     У парку пайшоў снег. Тузік спачатку бегаў побач з Пецем. Ён весела падскокваў угару і хапаў на ляту языком ажурныя сняжынкі. Затым яго зацікавіў смешны Снегавік, які пасяліўся на цэнтральнай пляцоўцы парку побач з высокай пухнатай Ёлкай.
     – Цябе даўно сляпілі? – спытаў сабака ў "снежнага чалавечка".
     – Перад Новым годам. Я столькі цікавага ўбачыў тут за час навагодніх святаў! – пахваліўся Снегавік. – Дзеці абдымаліся са мной, упрыгожвалі мяне гірляндамі, танчылі, вадзілі карагоды вакол Ёлкі і мяне, смяяліся, спявалі песні. Было так весела!
     – Табе пашанцавала, – пазайздросціў Снегавіку Тузік.
     – Так, пашанцавала, але ненадоўга. Хутка скончыцца зіма, і я растану.
     – Зіма яшчэ няхутка скончыцца, – супакоіў яго Тузік.
     Вядома, ён разумеў, што зіма нявечная, аднак не жадаў засмучаць новага сябра. Цяпер Снегавік быў задаволены і шчаслівы, і Тузіку хацелася, каб так было заўсёды.
     Вялікая Ёлка, былая навагодняя прынцэса, глядзела на Тузіка, і ёй таксама хацелася распавесці яму пра свой смутак.
     Калі навагоднія святы скончыліся, з Ёлкі знялі ўсю тую прыгажосць, якая цешыла яе ласкавае сэрцайка. Усе навагоднія цацкі, гірлянды і яркую зорачку-верхавіну нейкія людзі паскладалі ў скрынкі і некуды павезлі.
     З таго часу да Ёлкі ніхто не падыходзіў. Нават дзеці вельмі хутка забыліся пра яе і пра тое вясёлае навагодняе свята ў парку, якое зусім нядаўна прываблівала іх.
     – Яны забыліся пра мяне, – шаптала Ёлка і нясмела шамацела зялёнымі галінамі.
     – Хто забыўся? – спытаў Тузік.
     – Дзеці, – сумна праспявала Ёлка.
     – Не забыліся, проста захапіліся іншымі гульнямі. Яны памятаюць, як весяліліся каля цябе на Новы год.
     – А я была такая шчаслівая! – уздыхнула зялёная прыгажуня.
     – Што ты! Ты заўсёды будзеш шчаслівай. Не журыся! – супакоіў яе Тузік. Ён падбег да дрэва і пакратаў лапкай пухнатую зялёную галінку.
     А Ёлка, пачуўшы такія цёплыя словы і адчуўшы прыязнае дакрананне, тут жа ўзбадзёрылася, расправіла густыя галіны, пацягнулася ўгару доўгай зялёнай верхавінай і радасна прашаптала:
     – Я буду старацца не маркоціцца, яшчэ больш падрасці і папрыгажэць, таму што вельмі люблю свой родны парк і дзетак, якія прыходзяць сюды на прагулкі. Тузік, ты такі добры і вясёлы! Дзякуй табе!
     Тузіку стала прыемна, што яго пахвалілі, і ён куляй панёсся па дарожцы. Сабака бег па парку, забыўшыся пра ўсё ад нахлынуўшай на яго радасці.
     
     У гэты час аўтамабіль Пеця быў вельмі заняты. Ён катаў дзяцей. А Тузік падбег да агароджы парку і ўбачыў за ёй Трамвай №5, які стаяў на прыпынку. Сабаку здалося, што Трамвай жывы і таксама глядзіць на яго.
     "Я хачу пакатацца на гэтым Трамваі", – такая дзёрзкая думка бліснула ў кудлатай галаве Тузіка. Ён, не разважаючы, выбег з-за агароджы парку і ўскочыў у Трамвай.
     – Наступны прыпынак – мікрараён "Вясёлка", – гучна абвясціў "металічны голас".
     Трамвай крануўся з месца і паехаў.
     
     Малюнак мастачкі Эльгі Паповай
     
      Працяг казкі
     
      Гэтая казка на рускай мове
9.02.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100