Казка 10 - Тэлефон знаёміць Сашу з Пецяй і Тузікам - - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Казка 10 - Тэлефон знаёміць Сашу з Пецяй і Тузікам -
Казка 10 - Тэлефон знаёміць Сашу з Пецяй і Тузікам -
Даведаўшыся пра знойдзены Савой у лесе тэлефон, Андрэй неўзабаве аднавіў яго. Вярнуўшыся ў горад, ён купіў новы акумулятар і ўставіў яго ў тэлефон Тузіка. Але, як толькі гэта адбылося, тэлефон ізноў стаў тэлефанаваць. У тэлефоне сябры пачулі нечы ўсхваляваны голас. Незнаёмец паведаміў, што ён выпадкова згубіў гэты тэлефон у лесе, калі быў там з бацькам на рыбалцы.      – Калі ласка, вярніце мне мой тэлефон, – прасіў голас.
     Вядома, Тузік не стаў упарціцца і разам з Пецем паехаў у цэнтр горада да супермаркета, каб сустрэцца там з уладальнікам тэлефона.
     Саша, так звалі разяваку, аказаўся прыязным блакітнавокім хлапчуком. Ён вучыўся ў першым класе. Пеця спытаў, ці не ведае ён Кацю. Аказалася, што ведае і нават вучыцца з ёй у адным класе.
     – Гэта выдатна! – усклікнуў дзіцячы аўтамабіль. – Мы з Тузікам сябруем з Кацюшай. Зараз ты, Саша, таксама будзеш нашым сябрам. А дзе ты жывеш, дзе твой дом?
     – У двары, за гэтым супермаркетам. Там жа знаходзіцца наша школа, – хлопчык паказаў на высокія дамы, якія выраслі за крамай на горцы.
     Тузік агледзеўся. Тут, на пляцоўцы аўтастаянкі, дзе спыніўся дзіцячы аўтамабіль, было шмат розных аўтамабіляў. Мабыць, іх гаспадары пайшлі купляць прадукты. У руцэ Саша таксама трымаў пакет з прадуктамі мама паслала яго ў краму па хлеб і малако. Падзякаваўшы Тузіку і Пецю, хлопчык пабег дахаты, паабяцаўшы як-небудзь яшчэ раз сустрэцца з новымі сябрамі.
     – Перадавай прывітанне Каці, – папрасіў Пеця. – Я ведаю, у яе яшчэ няма сотавага тэлефона. Але тата абяцаў ёй яго купіць пасля добрага заканчэння першага класа.
     – Яна патэлефануе вам з майго тэлефона, – паабяцаў Саша.
     
     Вось такім было першае знаёмства Тузіка з вялікім горадам. Што ж яго захапіла ці здзівіла ў гэты першы дзень?
     Тузіку не спадабалася гарадская мітусня і шум. Паўсюль па тратуарах хадзілі людзі. Яны пераходзілі вуліцы, стаялі на аўтобусных прыпынках альбо спяшаліся ўвайсці ў падземныя пераходы.
     На ўсё гэта Тузік звярнуў увагу, калі ехаў па вуліцах горада разам з Пецяй. Побач з дзіцячым аўтамабілем па вуліцах імчаліся розныя машыны. Яны сляпілі фарамі, гулі і трашчалі. Матацыклісты проста ўчынялі нейкі неверагодны гул. "А ў нас у вёсцы – цішыня. Толькі пеўні кукарэкаюць ды птушачкі спяваюць. Тутака ж, ад такога шуму ў мяне і праўда забаліць галава", – разважыў сабака.
     І калі Пеця прапанаваў яму яшчэ трохі пагуляць і куды-небудзь з'ездзіць, Тузік сказаў:
     – На сёння досыць. Паехалі дахаты.
     Уначы яму сніліся машыны на вуліцах, людзі на тратуарах. Усе кудысьці спяшаліся.
     Прачнуўшыся раніцай у пакоі Андрэя, Тузік паглядзеў у акно і ўбачыў чыстае неба, а на небе сонейка.
     – Якое добрае зімовае надвор'е! – узрадаваўся ён і пабег да Пеці ў гараж.
     А той ужо прачнуўся і спяшаўся кудысьці з’ехаць.
     – Садзіся, паедзем у Дзіцячы парк, – закамандаваў дзіцячы аўтамабіль. – Там мяне ўжо чакаюць дзеці!
     – Але цяпер зіма. А зімой у парку не пагуляеш, бо там паміж дрэвамі ўсюды ляжыць глыбокі снег, – запярэчыў Тузік. – Па такім снезе можна толькі ездзіць на лыжах.
     – У нашым парку ўсе дарожкі чысцяць ад снега снегапрыбіральныя машыны. Гэта ж не лес, дзе снег ніхто не прыбірае, і ён ляжыць да вясны.
     – Як цікава! – не паверыў Тузік.
     Аднак, калі сабака прыедзе ў Дзіцячы парк, ён сам усё гэта там убачыць.
     
     Малюнак мастачкі Эльгі Паповай
     
      Працяг казкі
     
      Гэтая казка на рускай мове
29.01.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100