Казка 9 - Сава з тэлефонам - - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Казка 9 - Сава з тэлефонам -
Казка 9 - Сава з тэлефонам -
Сотавы тэлефон карэннай жыхарцы лесу - Саве дастаўся зусім выпадкова. Неяк цёмнай ноччу яна вылецела на паляванне са свайго дупла, размешчанага на высокай хвоі, якая расла на беразе ляснога возера. Глядзіць, а на зямлі каля патушанага кастра штосьці свеціцца і міргае. Падляцела, угледзелася лепей. А гэта сотавы тэлефон камусьці сігналы падае, музыку іграе. Бачыць Сава, што хтосьці жадае да кагосьці датэлефанавацца. Аднак нікога нідзе няма. Зразумела лясная птушка, што тэлефон нехта страціў або на яго забыўся, калі адпачываў у лесе днём. Палётала яна вакол тэлефона, толькі, што з ім зрабіць, не ведала. Узяла Сава яго ў лапы і аднесла ў сваё гняздо. Вырашыла, аддасць таму, хто прыйдзе па яго. Прайшоў дзень, другі, трэці, але ніхто па тэлефон так і не прыйшоў. А ён, тэлефон той, тэлефанаваць перастаў, і экран на ім згас. Панесла Сава тэлефон да лясной чыгункі, каб знаёмаму Зайцу паказаць. Ён пісьменны, можа, зразумее, што з гэтай прыладай не так. Заяц паглядзеў, пакруціў тэлефон у лапах, а потым сказаў, што, мабыць, у ім сеў акумулятар. Замяніць яго трэба, але ўзяць недзе.      – Гэты сотавы тэлефон аддай людзям, – параіў Заяц. – Табе, Сава, ён без патрэбы. Злятай у вёску, перадай тэлефон Тузіку. Ён нядаўна казаў, што збіраецца ў госці да гарадскога сябра, аўтамабіля Пеці. У горадзе ва ўсіх ёсць тэлефоны, і Тузік будзе задаволены, калі ты яму падорыш гэты тэлефон.
     І тады Сава ўспомніла пра Тузіка і яго бабулю, з якімі аднойчы пазнаёмілася ў лесе.
     Справа ў тым, што неяк увосень пайшла бабуля з Тузікам у лес па грыбы. Абышлі яны палову лесу, грыбоў набралі поўны кошык, ды так закруціліся, што не заўважылі, як сцямнела. Што рабіць, бо сцяжынку, па якой можна дайсці да краю лесу і патрапіць да вёскі, яны, гора-грыбнікі, страцілі! Бабуля старая і слабая, начаваць у лесе баіцца!
     І тут раптам паміж галінамі дрэў Тузік заўважыў два вялікіх жоўтых асляпляльных вокі. "Гэта ж Сава на паляванне за мышамі вылецела", – зразумеў ён. Усім вядома, што лясная Сава – начная птушка. Днём яна спіць у дупле ці прама на галінцы дрэва, уначы ж любіць паляваць.
     Пачаў Тузік прасіць жыхарку лесу вывесці іх да вёскі:
     – Совачка! Калі ласка, дапамажы нам выбрацца з лесу. Заблудзіліся мы.
     Сава, паглядзела на бабулю і зразумела, што гэтай бабульцы трэба абавязкова дапамагчы. Галоднай птушцы вельмі хацелася есці, але яна спачатку вывела грыбнікоў з лесу да вёскі, а потым пачала паляваць.
     Тузік не забыўся на дабрыню Савы і часта па загадзе бабулі прыносіў птушцы ў лес кавалачкі курынага мяса. Ён пасябраваў з разумнай лясной птушкай.
     А калі яна сама прыляцела да яго і паказала яму сотавы тэлефон, Тузік узрадаваўся:
     – Дзякуй, Совачка! Я думаю, у горадзе гэты тэлефон мне вельмі спатрэбіцца!
     Вядома ж, сабака ведаў, што ў вялікіх гарадах усе размаўляюць па сотавых тэлефонах. Нават у бабуляў і дзядуляў яны ёсць.
     Вось і Андрэй прывёз у падарунак да Каляд сваёй матулі, бабулі Тузіка, новенькі сотавы тэлефон:
     – Зараз, мама, ты нідзе не згубішся. Заўсёды насі тэлефон з сабой. Тады і я змагу да цябе датэлефанавацца ў любы час, – сказаў Андрэй.
     Калі Тузік даведаўся пра падарунак Андрэя, ён адразу нават пазайздросціў бабулі. А цяпер у яго таксама ёсць тэлефон. Ура!
     Тузік паклаў падарунак Савы ў кішэньку свайго зімовага камбінезона. "Калі мы прыедзем у горад, Андрэй мой тэлефон абавязкова паправіць", – вырашыў ён.
     
     Малюнак мастачкі Эльгі Паповай
     
      Працяг казкі
     
      Гэтая казка на рускай мове
29.01.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100