Казка 8 - Новыя гарадскія прыгоды аўтамабіля - - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Казка 8 - Новыя гарадскія прыгоды аўтамабіля -
Казка 8 - Новыя гарадскія прыгоды аўтамабіля -
Нарэшце, Пеця вярнуўся дахаты. Увесь час, пакуль ён быў у дарозе, яго мама, спадарыня Тараторкіна, думала пра сына і хвалявалася за яго. Для яе Пеця ўсё яшчэ заставаўся маленькім. Але, як мы ведаем, дзіцячы аўтамабіль такім сябе не лічыў. Ён падрос, набраўся вопыту і цяпер упэўнена адчуваў сябе на шашэйных дарогах.      Вось толькі дома яго чакала нудота. Мама, як і раней, зранку везла Андрэя на працу, а Пецю заставалася толькі чакаць вечара, калі яны вернуцца дахаты. Усяго толькі некалькі гадзін у дзень сын мог правесці ў зносінах з матуляй. Але і гэта адбывалася не заўсёды, таму што спадарыня Тараторкіна прыязджала стомленая, і ёй хацелася крыху раней легчы адпачываць.
     – Мама! Ты калі-небудзь праязджала міма Дзіцячага парку? – аднойчы спытаў Пеця, калі яго матуля вярнулася ў іх гарадскі гараж.
     – Вядома! Я праязджаю міма парку кожны дзень.
     – Тады заўтра я паеду ўслед за табой, і ты мне прасігналіш, калі мы пад'едзем да гэтага парку, – папрасіў сын.
     – Добра, – паабяцала мама.
     На досвітку Пеця ўжо быў у дарозе. І няхай ён трохі не выспаўся, але радасць ад чакання сустрэчы з дзецьмі, дзіцячымі атракцыёнамі была мацней яго недасыпання. А калі справа ад дарогі з'явіўся вялікі надпіс: "Дзіцячы парк", Пецю ўжо не патрэбна была мамтуліна сірэна.
     Ён звярнуў направа і ўехаў прама ў цэнтральныя вароты парку. Вялікі аўтамабіль туды б не пусцілі, а гэтае чырвоненькае маляня людзі палічылі цацачным. Хоць вадзіцеля ў ім не было! Аднак людзі часта бываюць безуважлівымі і не звяртаюць увагу на самае галоўнае.
     Пеця хутка адшукаў патрэбны яму атракцыён. На вялікай асфальтаванай пляцоўцы на такіх жа, як і ён, аўтамабілях каталіся маленькія дзеці. І што дзіўна, ніхто не здагадваўся, што Пеця – жывы, сапраўдны аўтамабіль, а не цацка!
     Але вось на ярка-чырвоным аўтамабілі спыніў свой позірк кантралёр парку.
     – Што гэта за цуд? – здзівіўся ён. – Як гэты аўтамабіль ездзіць, гэта што за робат такі?
     Пеця вытарашчыў вочы-фары ад здзіўлення. Яго палічылі робатам! А потым ён вырашыў: "Хай лічаць. Можа гэта нават лепш. Тады дзеці абавязкова захочуць пракаціцца па парку на маіх мяккіх сядзеннях!"
     І сапраўды. Пасля такіх загадкавых слоў кантралёра адразу выстраіўся цэлы натоўп ахвотнікаў пакатацца на "аўтамабілі-робаце". Вось толькі грошы за гэта задавальненне Пеця ні з каго не браў. Чырвоненькі аўтамабіль ад'ехаў у бок, далей ад кантралёра, як бы паказваючы, што ён самастойна і добраахвотна будзе катаць маленькіх дзяцей.
     Аднак яго таямніца неўзабаве адкрылася. Дзеці ж не такія, як дарослыя. Яны цямяць нашмат хутчэй. Спачатку адно малое, за ім другое, а потым і ўсе астатнія зразумелі, што Пеця не цацка і не робат, калі ўмее гаварыць. Ён жывы!
     Да самага закрыцця парку Пеця катаў дзяцей. Дахаты ён прыехаў вельмі стомленым і адразу заснуў. Назаўтра Пеця зноў паехаў у парк. Толькі ў суботу дзіцячы аўтамабіль застаўся дома. Да яго ў госці прыйшла Кацюша. Яна распавядала пра школу, пра новых сяброў, пра падручнікі і сшыткі, пра настаўніцу. "Я б таксама хацеў вучыцца ў школе, – думаў Пеця. – Але мяне не возьмуць. Як я буду сядзець за партай? Ды і пісаць я не змагу".
     Каця нібы зразумела яго думкі і прапанавала:
     – Хочаш, я навучу цябе чытаць?
     Вынік гэтага "эксперыменту" не прымусіў сябе доўга чакаць. Ужо праз месяц чырвоненькі аўтамабіль добра чытаў не толькі па складах, але і мог прачытаць цэлыя сказы. Апрача гэтага, Пеця навучыўся чытаць па буквару і нават па газеце з дробным шрыфтам. Аказваецца, чырвоненькі аўтамабіль вельмі разумны!
     
     І паездкі ў Дзіцячы парк Пеця не спыніў. Дзеці вельмі палюбілі яго. Нават у навагоднія святы дзіцячы аўтамабіль не забыўся пра малышоў і з задавальненнем катаў іх. Андрэй упрыгожыў яго кузаў святлодыёднымі ўпрыгожваннямі. На такім святочным аўтамабілі стала яшчэ цікавей катацца!
     А бабуля там, у вёсцы, знудзілася па сыне і ўсё настойлівей запрашала яго да сябе ў госці.
     – Прыязджай, хоць на дзень, я табе напяку бліноў і каўбасу сваю хатнюю зраблю. Прыязджай на Каляды, сынок.
     Як тут адмовіш роднай маці! Андрэй, хоць і быў моцна загружаны на працы, угаварыў начальніка і ўзяў адпачынак на тыдзень. Накупляў маці падарункаў і сабраўся ехаць, вядома ж, на сваёй цярплівай памочніцы, спадарыні Тараторкінай.
     – А Пеця паедзе з намі? – спытала яна.
     – Вядома.
     – Не, я не паеду, – запярэчыў Пеця.
     – Чаму? – спытаў Андрэй.
     – У мяне шмат спраў. Дзеці мяне чакаюць у парку кожны дзень. Я ім абяцаў прыязджаць. Цяпер у школьнікаў зімовыя канікулы, ды і малышы прыходзяць з бацькамі ў парк, каб пакатацца на дзіцячых аўтамабілях і іншых атракцыёнах. Навагоднія святы бываюць толькі раз у годзе!
     А яшчэ Пеця не распавёў пра Ёлку. Яна, галоўная навагодняя прынцэса Дзіцячага парку, таксама кожны дзень чакала яго. Ёй падабаўся Пеця. Ёлка нават часам размаўляла з ім на мове, зразумелай аўтамабілю. Прыгажуня! Да Новага года яе ўпрыгожылі яркімі рознакаляровымі шарамі, сняжынкамі, ілюмінацыяй. Вядома ж, гэта была не простая штучная ці нават лясная Ёлка, ссечаная леснікамі і прывезеная ў горад. Яна была сапраўднай, жывой, бо вырасла ў родным Дзіцячым парку. Гэтая самая высокая і стройная Ёлка Дзіцячага парку цяпер упрыгожвала сярэдзіну галоўнай пляцоўкі, дзе яе пасадзілі шмат гадоў назад.
     У той даўні час яна была маленькай ялінкай. Дзеці злёгку краналі яе за іголачкі, але не церабілі, не зрывалі галінкі. Яны бераглі гэты скарб, таму што бацькі казалі кожнаму з іх:
     – Ты падрасцеш, і гэтая ялінка вырасце. Твае дзеці будуць вадзіць вакол яе карагоды.
     Усё так і выйшла. Ёлка вырасла, і выраслі тыя першыя дзеці, якія падыходзілі да яе. Цяпер яны прыводзілі сваіх маленькіх дзяцей палюбавацца на высокую пухнатую навагоднюю Ёлку, упрыгожаную да Новага года ў Дзіцячым парку. Нават Андрэй згадваў гэтую ялінку, якую бачыў шмат разоў калісьці вельмі даўно, у дзяцінстве. Але зараз ён бы не пазнаў яе.
     Аўтамабіль Пеця не раз размаўляў з галоўнай Ёлкай Дзіцячага парку. Ён распавядаў ёй пра лес, якога яна ніколі не бачыла:
     – Лес вельмі густы, высокі і вялікі! – тлумачыў Пеця.
     – Як наш парк? – дапытвалася Ёлка.
     – Не, нашмат гусцей і больш, ён як увесь наш горад!
     Ёлка дзівілася і калыхала пухнатымі зялёнымі галінкамі.
     
     Пад вечар у пятніцу Андрэй спакаваў усе рэчы і перад сном вырашыў наведацца да спадарыні Тараторкінай і Пеці.
     – Ты не паедзеш з намі? Гэта так? – яшчэ раз спытаў ён у свайго малога.
     –Не, – рашуча адказаў той.
     – Вось толькі што ты будзеш рабіць тут адзін без нас цэлы тыдзень? – расхвалявалася мама, блакітная аўтамашына.
     – Як што? Ездзіць на працу ў парк.
     – Тады глядзі, будзь асцярожны на дарогах, доўга не затрымлівайся ў парку і да ночы вяртайся дахаты. Андрэй будзе тэлефанаваць да цябе, даведвацца ці дома ты, і ці ўсё ў цябе ў парадку. Ён мне абяцаў.
     – Абавязкова, – пацвердзіў Андрэй і прымацаваў да Пецінага кузава спецыяльны аўтамабільны сотавы тэлефон, які мог працаваць без электрычнай падзарадкі.
     – Мамачка, не хвалюйся, усё будзе добра, – паабяцаў Пеця. – Прывітанне перадай бабулі і Тузіку. Я знудзіўся па іх. Можа быць, Тузік прыедзе разам з вамі да мяне ў госці? Я быў бы вельмі рады!
     – Магчыма, прыедзе, – разважыў Андрэй. – Чаму б яму не пабываць у нас у гасцях? Цяпер у вёсцы няма чаго рабіць, а тут ён бы пазнаёміўся з горадам, ты б яго звазіў у Дзіцячы парк. Я абавязкова спытаю сабаку пра гэта.
     
     Раніцай шостага студзеня Андрэй з мамай Пеці паехалі ў вёску. Аўтамабіль праводзіў іх і паехаў у парк. "Заўтра – Каляды, а сёння – Куцця, – згадаў ён. – Кажуць, у ноч перад Калядамі дзяўчаты варожаць на нарачонага".
     У парку было досыць народу. Малышы з бацькамі вадзілі карагод вакол Ёлкі, на залітым каля агароджы катку дзеці каталіся на каньках. Паблізу Ёлкі стаяў Дзядуля Мароз і па чарзе размаўляў з малышамі. Яны чыталі яму вершы і спявалі песенькі, а ён даставаў з вялікай чырвонай торбы навагоднія падарункі і ўручаў іх юным артыстам. Што было ў гэтых падарункавых скрынках, Пеця не бачыў, але разумеў, што Дзядуля Мароз нікога не змог бы пакрыўдзіць. Ён выконваў самыя запаветныя жаданні малышоў.
     Увесь тыдзень аўтамабіль Пеця ездзіў у Дзіцячы парк, як на працу, а ўвечар размаўляў па тэлефоне з Андрэем і мамай. Бабуля і Тузік перадавалі яму прывітанне. Тузік жа вельмі ўзрадаваўся запрашэнню наведаць горад і пачаў збірацца. "Ён пачысціў сваю поўсць, памыў мыску, лапы і адразу папрыгажэў", – так казала бабуля. Яна таксама не вельмі жадала адпускаць свайго сабаку ў няпростую вандроўку, але ён яе ўгаварыў.
     Перад самым ад'ездам з вёскі ў горад лясная Сава, знаёмая Тузіка, прынесла яму свой сотавы тэлефон.
     – Вось, вазьмі, спатрэбіцца. Калі што-небудзь з табой здарыцца – раптам заблудзішся ў незнаёмым горадзе адзін – патэлефануеш сябрам, яны цябе абавязкова выратуюць.
     Праз некалькі дзён Тузік прыехаў у горад і паказаў Пецю гэты тэлефон. Яго сябар быў здзіўлены:
     – Адкуль у лясной птушкі апынуўся сучасны сотавы тэлефон?
     Але дзіцячы аўтамабіль тады яшчэ не ведаў пра незвычайную прыгоду Савы. А гэта цэлая гісторыя…
     
     Малюнак мастачкі Эльгі Паповай
     
      Працяг казкі
     
      Гэтая казка на рускай мове
2.07.17
Каталог TUT.BY Rambler's Top100