Казка 7 - Вясковыя сябры выпраўляюць Пецю ў горад - - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Казка 7 - Вясковыя сябры выпраўляюць Пецю ў горад -
Казка 7 - Вясковыя сябры выпраўляюць Пецю ў горад -
На наступны дзень Тузік не захацеў нікуды ехаць. Ён круціўся каля бабулі і спрабаваў зазірнуць у хлеў. Там пасяліўся вельмі цудоўны парася.      – Як ты яго назвала? – спытаў сабака ў гаспадыні.
     – Проста Хрушай.
     – Хруша – нядрэннае імя. Парасяты, як і іх бацькі, свінні, рохкаюць, – сказаў Тузік.
     – Ох, і ўмеюць яны гэта рабіць! Ку-ка-рэ-ку! – пацвердзіў Певень. – Сапраўдныя хрукаўкі!
     А тым часам Хруша сядзеў на мяккай саломцы і не разумеў, што яго так нядобра абмяркоўваюць у двары. Ды і рохкаў ён зусім па-дзіцячаму, ледзь-ледзь.
     – Пеўнік! Не крыўдзі майго парася! – паўшчувала Пеўня бабуля. Яна панесла ў хлеў місачку нейкай смачнай ежы для Хрушы.
     Тузік не ўтрымаўся і прашмыгнуў у расчыненыя дзверы хлява ўслед за бабуляй. А калі ён вярнуўся ў двор, то доўга распавядаў сябру пра гэткі маленькі цуд з ружовымі лычыкам і вушамі.
     – Хруша хутка падрасце, і тады я буду з ім гуляць, – абвясціў сабака.
     
     Неяк ужо вельмі хутка праляталі апошнія тыдні цёплага бестурботнага лета. Пеця патэлефанаваў дахаты, у горад. Яго мама, спадарыня Тараторкіна, шкадавала пра тое, што не можа прыехаць у вёску разам з Андрэем.
     – Ён вельмі заняты, – распавяла яна сыну. – На працы яго не адпускаюць нават у кароткі адпачынак. Вядома, і я, і ён вельмі стаміліся. Але мы ўсё ж такі ў адзін з выхадных дзён з'ездзілі адпачыць за горад. Было цікава. Андрэй добра правёў час са сваімі сябрамі на беразе ракі. А я пазнаёмілася з сінім Фордам і серабрыстай Джэтай.
     – Вельмі шкада, што ты не прыедзеш у вёску. Я вельмі знудзіўся без цябе! – хныкаў Пеця.
     – Вяртайся дахаты, сынок, – параіла яму мама. – Ты ж можаш дабрацца ў горад самастойна?
     – Вядома, змагу! – пацвердзіў Пеця. – Ведаеш, мама, я паспрабую выехаць з вёскі ў добрае надвор'е, таму што лепей ехаць па сухой, чым па мокрай дарозе.
     – Ты маеш рацыю. Прыязджай, я чакаю цябе. Да сустрэчы! – сказала спадарыня Тараторкіна. На тым іх гутарка скончылася.
     А тым часам у вёсцы пачасціліся дажджы, з дрэў пачалі аблятаць першыя пажоўклыя лісточкі. За Кацюшай прыехаў тата, каб адвезці яе ў горад. Дзяўчынцы трэба было падрыхтавацца да школы – купіць усё школьнае прыладдзе і форму.
     Перад ад'ездам Каця сказала Пецю:
     – Прыязджай да мяне ў госці, калі вернешся ў горад.
     У горадзе Кацін тата працаваў машыністам метрапалітэна. Ён распавёў аўтамабілю пра тое, як сам водзіць па рэйках, пракладзеных у доўгіх падземных тунэлях, сапраўдны вялікі электрацягнік.
     – Мне трэба быць вельмі ўважлівым і сачыць за тым, каб ніхто з пасажыраў не выпаў з вагона, не зваліўся на рэйкі. Я езджу строга па раскладзе, сачу за сігналамі семафораў, інакш можна сутыкнуцца з іншым электрацягніком. У канцы працоўнай змены я адводжу электрацягнік у дэпо. Гэта такі вялікі будынак, дзе працоўныя старанна правяраюць рухавік, вагоны і колы цягніка. Калі трэба, яны рамантуюць яго, затым чысцяць, мыюць і зноў адпраўляюць на працу пад зямлю.
     – І вы не баіцеся працаваць пад зямлёй, там жа так цёмна і страшна! – спытаў Пеця.
     – Наперадзе ў электрацягніка размешчаны вельмі магутны пражэктар. Ён асвятляе рэйкі на вялікую адлегласць так, каб машыніст мог заўважыць небяспеку і затармазіць. Я стараюся быць уважлівым на працы, ні на што не адцягваюся, таму што мая праца вельмі адказная, – растлумачыў Кацін тата.
     Даведаўшыся пра такую складаную працу, дзіцячы аўтамабіль стаў вельмі паважаць Кацінага тату. Пеця зразумеў, што гэтая праца цяжкая, але яна патрэбная людзям. Пад зямлёй на гарадскім метро людзі могуць хутчэй дабрацца ў розныя куткі вялікага горада, таму што там па рэйках цягнік едзе хутчэй любой машыны, ён не стаіць у заторах на дарогах.
     "А я таксама малайчына, таму што навучыўся ездзіць па шасэйных аўтамагістралях, – ганарыўся сабой дзіцячы аўтамабіль. – У дарозе я заўсёды імкнуся быць ўважлівым і асцярожным". Ад такіх шчаслівых думак нос чырвоненькага аўтамабіля нават трохі падняўся ўгару. Аднак, апамятаўшыся, Пеця зараз жа апусціў яго ўніз і яшчэ больш пачырванеў ад сораму. Яму нельга было задавацца, бо ён ніколі не любіў задавак...
     
     Жыццё ў бабулінай вёсцы працягвалася. Хруша падрос і часта шпацыраваў у двары ля хаты. Бабуля выпускала яго з хлява. Тузік насіўся вакол парасяці, а той круціў хвосцікам і тапырыў ружовыя вушкі.
     Пеця смяяўся, гледзячы на іх. Як добра і прыемна было жыць у асяроддзі вясёлых і добрых сяброў! Але ўсё часцей і часцей дзіцячы аўтамабіль задумваўся пра тое, што яму трэба ехаць дахаты, адпраўляцца ў вялікае вандраванне па аўтамабільных дарогах. Бабуля сабрала яму гасцінцаў дзеля Андрэя. Вось толькі Тузік крыўдзіўся на сябра за тое, што ён так спяшаецца з'ехаць з вёскі.
     – Я знудзіўся, хачу да мамы! На будучы год улетку абавязкова зноў прыеду сюды, і мы з табой будзем гуляць, – апраўдваўся аўтамабіль.
     
     І вось у пагодлівы дзянёк на пачатку восені Пеця адправіўся ў горад. У яго бардачку ляжалі новенькія вадзіцельскія правы. Усё роўна, дзіцячаму аўтамабілю трэба было ехаць вельмі асцярожна. Увесь час ён уважліва сачыў за дарогай, па якой праязджаў, за дарожнымі знакамі і паслухмяна выконваў усе ўказанні і папярэджанні, якія былі там намаляваны. Пеця аб'язджаў калдобіны і агароджы, імкнуўся не сутыкнуцца з іншымі аўтамабілямі.
     Іншы раз чырвоненькі аўтамабіль спыняўся, каб перадыхнуць і палюбавацца прыгажосцю навакольнай прыроды. Бярозавыя і асінавыя гаі шамацелі жоўклымі кронамі, у высокую траву ападалі лісточкі, якія адрываліся ад галінак дрэў. Елкі і хвоі скідалі на зямлю саспелыя шышкі, а дубы – жалуды. Часам высока па небе праляталі вялікія і малыя чароды пералётных птушак – ластаўкі, дразды, шпакі, гракі. "Калі стане яшчэ халадней, на поўдзень адправяцца жураўлі, качкі і гусі", – падумаў Пеця. Ён пільна ўзіраўся ў неба. На душы ў яго было сумна ад таго, што лета сышло, і надыходзіць восень. Увосень рэдка спяваюць птушкі, таму што сотні, нават тысячы птушак ляцяць зімаваць у далёкія паўднёвыя краіны, туды, дзе не бывае снегу і марозу.
     Нягледзячы на восеньскі смутак, Пеця не жадаў маркоціцца. Ён падбадзёрыўся, успамінаючы штосьці: "Памятаю, мне казала бабуля, што ў горадзе няма лесу, затое ёсць шмат сквераў і паркаў, куды ходзяць адпачываць людзі. Я даведаюся, дзе ў нашым горадзе знаходзіцца Дзіцячы парк, і паеду туды катаць дзетак", – вырашыў дзіцячы аўтамабіль.
     
     Малюнак мастачкі Эльгі Паповай
     
      Працяг казкі
     
      Гэтая казка на рускай мове
2.07.17
Каталог TUT.BY Rambler's Top100