Казка 6 - Лясная згуба - - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Казка 6 -  Лясная згуба -
Казка 6 - Лясная згуба -
Назаўтра, не паспелі сябры прачнуцца, да іх у двор прыбегла Каця, тая самая дзяўчынка, якую яны ўчора выратавалі.      – Пеця, Тузік! – плакала яна, выціраючы хустачкай вочы і носік ад слёз. – Я ўчора забылася ў лесе бабулін любімы кошык ды і сваю шпільку для валасоў з самацветамі дзесьці страціла. Бабуля знервавалася, і я таксама. Як мне не шанцуе, я такая нешчаслівая!
     – Што ты, Кацюша! Гэтая бяда не бяда, мы абавязкова адшукаем тваю згубу, – паспяшаўся яе супакоіць Тузік. – Зараз я вазьму след. Толькі дай мне панюхаць які-небудзь твой прадмет, напрыклад, вось гэтую хустачку. Я адразу пабягу ў лес і знайду твае рэчы! – абяцаў сабака.
     – Зараз! Возьмеш след! – спыніў сябра аўтамабіль Пеця. – Ты, мабыць, забыўся, што вы з Кацяй усю зваротную дарогу сядзелі на маіх мяккіх сядзеннях, а па грыбной сцяжынцы ехаў я.
     – Сапраўды, – успомніў Тузік.
     – Апрач таго, усю ноч ішоў дождж, я чуў, як ён стукаў па даху гаража. Дождж, вядома ж, змыў усе Каціны сляды ў лесе, – дадаў Пеця. – У лес паедзем разам! Сядайце! – бадзёра прасігналіў чырвоненькі аўтамабіль.
     І вось дружная дваровая каманда зноў у дарозе. Пецю не трэба было весці па следзе. Нават Варона, пасланая Кацінай бабуляй сябрам на падмогу, усю дарогу ляцела побач з аўтамабілем, але не турбавала нікога сваімі парадамі.
     Аўтамабіль Пеця выдатна памятаў лясную дарогу да таго месца, дзе яны ўчора сустрэлі Кацюшу. Ён упэўнена руліў па лясной сцяжынцы міма маладых бяроз, старога дуба, замшэлага пня. Нарэшце, чырвоненькі аўтамабіль пад'ехаў да патрэбнага месца і спыніўся якраз насупраць той самай елкі, адкуль выбегла дзяўчынка.
     Кацюша тут жа выскачыла з аўтамабіля і пабегла шукаць бабулін кошык. Дзяўчынка абышла ўсю палянку, зазірнула пад елку, але запаветнага кошыка нідзе не было. А вось шпілька Кацюшы з бліскучымі каменьчыкамі хутка знайшлася. Яна ўчапілася за яловую лапку і павісла на ёй.
     – Ура! Першая згуба знайшлася, – весела гаўкнуў Тузік. – А дзе ж другая?
     – Не ведаю, – Каця засмучана ўздыхнула.
     – Калі сюды ніхто пасля нас не прыходзіў, то кошык павінен быць тут, пад гэтай елкай. Ты ж сядзела на зямлі, калі мы пад'ехалі? – спытаў Пеця.
     – Ага, – безуважліва прамармытала дзяўчынка. – Але я сапраўды не памятаю, дзе пакінула кошык.
     – Тады будзем шукаць, – вырашыў Тузік і, панюхаўшы Каціну хустачку, уцёк на пошукі.
     – Малайчына! Твой чулы нос выратаваў бабулін кошык, – пахваліў яго Пеця, калі праз дзесяць хвілін Тузік прымчаўся да іх з кошыкам у зубах. – Дзе ты яго знайшоў?
     – Там, ля ручайка. Але я знайшоў яго не па следу, яго аддала мне незнаёмая Вавёрка. Яна мяне ўбачыла, спытала, што я шукаю, і прынесла кошык. Ён поўны грыбоў. Вавёрка знайшла кошык з грыбамі і прыхавала ў сваім дупле.
     – Успомніла. Я збірала грыбы, а потым піла ваду з ручайка, – усміхнулася Каця. – Мне захацелася піць. Пабягу, выкажу падзяку Вавёрачцы! – крыкнула дзяўчынка і пабегла да ручайка.
     Неўзабаве яна вярнулася з новай радасцю. Ветлівая гаспадыня Вавёрка падарыла ёй цэлы мяшочак лясных арэхаў.
     – Вось бачыш, якія добрыя лясныя жыхары! Яны не толькі дапамогуць, але яшчэ і пачастуюць, – прамовіў Пеця.
     – А ты, Кацюша, у наступны раз будзь уважлівай і не хадзі ў лес адна, – параіў Тузік.
     Варона ўвесь час сядзела побач з імі на галінцы хвоі і ўважліва назірала за пошукамі кошыка. Як толькі згуба знайшлася, хітруга пырхнула і адляцела. Яна спяшалася ў вёску, каб першай пра ўсё распавесці Кацінай бабулі. Варона ведала: бабуля ўзрадуецца і пачастуе яе, хітругу, смачным сырным блінцом.
     Малюнак мастачкі Эльгі Паповай
     
      Працяг казкі
     
      Гэтая казка на рускай мове
1.07.17
Каталог TUT.BY Rambler's Top100