Казка 2 - Пеця знаёміцца з гарадскімі вуліцамі - - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Казка 2 - Пеця знаёміцца з гарадскімі вуліцамі -
Казка 2 - Пеця знаёміцца з гарадскімі вуліцамі -
Нарэшце, аўтамабіль Пеця вярнуўся ў вялікі горад. Маленькі аўтамабіль быў рады свайму вяртанню, бо Андрэй абяцаў, што навучыць яго правілам дарожнага руху. Прайшоў першы дзень, потым другі, затым трэці, а гаспадар нават не падыходзіў да Пеці. Раніцай ён садзіўся ў сваю блакітную спадарыню Тараторкіну і ехаў на працу. Увечары, стаміўшыся на працы, хлопец выходзіў з машыны і, нічога не кажучы Пецю, ішоў у хату. А сумны чырвоненькі аўтамабіль усё стаяў і стаяў у гаражы без усякай справы. Толькі мама па вечарах распавядала сыну пра дарогі, пра чырвоныя, жоўтыя і зялёныя святлафоры, пра скрыжаванні і пра міліцыянераў. Аднак нельга зразумець тое, што ніколі не бачыў. Цікаўнасць з'ядала Пецю.      І вось аднойчы, калі мама з гаспадаром зранку паехалі на працу, дзіцячы аўтамабіль ціхенька адчыніў дзверы гаража і выехаў на вуліцу. Куды ехаць і навошта, Пеця не ведаў, але вырашыў ехаць, чаго б гэта ні каштавала. Ён агледзеўся. Наперадзе была дарога, па ёй адзін за адным ехалі аўтамабілі: адны – у адзін бок, другія – у другі. Пеця наўздагад звярнуў направа за белай машынай і … паехаў!
     Яму было зусім ня страшна, бо ехаць ён умеў. Калі ж белая машына раптам пачала тармазіць, Пеця ледзь паспеў націснуць на свае тармазы і спыніцца побач. "Што з ёй такое? – падумаў ён. – Яна зламалася?" Паглядзеўшы наперад, Пеця ўбачыў на прыдарожным слупе вялікую скрынку з трыма шклянымі вачамі. Адзін з іх, чырвоны, гарэў, але раптам патух. Затым загарэлася спачатку жоўтае, затым зялёнае вока. "Гэта ж святлафор!" – успомніў Пеця аповед мамы. Ён ужо ведаў, што на чырвонае і жоўтае святло ехаць нельга, толькі на зялёнае можна. І сапраўды. Як толькі загарэлася зялёнае вока святлафора, белая машына кранулася, Пеця – услед за ёй.
     Цяпер ён разумеў, які ён, святлафор, і каля наступнага святлафора затармазіў сам. Чырвоны аўтамабіль убачыў наперадзе паласатую дарожку праз вуліцу і людзей, якія пераходзілі па ёй з аднаго боку вуліцы на другі. Пеця заўважыў, што калі для машын гарыць чырвонае святло аднаго святлафора, то на другім святлафоры для людзей загараецца зялёнае святло. "Зразумела! Людзі глядзяць на свой святлафор", – здагадаўся аўтамабіль.
     Калі малы разабраўся са святлафорамі, яму яшчэ больш захацелася зразумець, што ж ён сустрэне далей у гэтым незвычайным горадзе. Аднак белая машына раптам звярнула направа на скрыжаванні дарог. Пеця ж не паспеў звярнуць услед за ёй і па інерцыі паехаў далей. Толькі кудысьці ехаць аднаму, без старонняй дапамогі, яму раптам стала страшнавата. “Трэба вяртацца дамоў”, – вырашыў аўтамабіль і азірнуўся назад. За ім ехаў вялікі аўтобус. У такі небяспечны момант Пеця пабаяўся разварочвацца, каб не сутыкнуцца з аўтобусам. У разгубленасці малы выехаў на абочыну дарогі і спыніўся.
     Аднекуль да яго падышоў міліцыянер. Зазірнуўшы ўнутр аўтамабіля і не ўбачыўшы вадзіцеля, міліцыянер вельмі здзівіўся. Пеця растлумачыў, што ён сам ўмее ездзіць, аднак вінаваты ў тым, што паехаў у горад без дазволу старэйшых.
     – У вас і правоў няма! – здагадаўся міліцыянер. – Гэта ўжо зусім недапушчальна. Як можна ездзіць па гарадскіх дарогах без правоў? – абурыўся ён. – Зараз жа ездзьце за маёй машынай! Я павязу вас дахаты.
     Не пашанцавала Пецю. Яго, нібы на буксіры, прывезлі дахаты. А тут яшчэ мама пасароміла. Андрэй спачатку маўчаў, а потым прызнаў сваю памылку:
     – Я абяцаў, што займуся тваім навучаннем. Але ў мяне зусім няма часу. Аднак я ўжо запісаў цябе ў школу па ваджэнні. З заўтрашняга дня ты паедзеш туды і вывучыш усе правілы дарожнага руху.
     Вось так у дзіцячага аўтамабіля пачалося новае жыццё ў горадзе па правілах. Цяпер ён разумеў, што ў вялікім горадзе інакш жыць нельга.
     
     Малюнак мастачкі Эльгі Паповай
     
      Працяг казкі
     
      Гэтая казка на рускай мове
8.06.17
Каталог TUT.BY Rambler's Top100