Казка 3 - Самастойнае вандраванне з горада ў вёску - - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Казка 3 - Самастойнае вандраванне з горада ў вёску -
Казка 3 - Самастойнае вандраванне з горада ў вёску -
Усю восень і зіму аўтамабіль Пеця ездзіў на заняткі па ваджэнні ў аўтамабільную школу. Ён вельмі стараўся і, урэшце, вывучыў "назубок" усе правілы дарожнага руху, таму і экзамены здаваў на "выдатна".      – Малайчына! – хваліў яго Андрэй. – Хутка ты атрымаеш правы і тады можаш самастойна адпраўляцца ў займальныя вандравоўкі. Але для гэтага табе яшчэ трэба вывучыць карту аўтамабільных дарог.
     – Гэта цяжка? – спытаў аўтамабіль.
     – Калі ты ўважліва будзеш яе разглядаць, то хутка запомніш усё, што на ёй намалявана, – адказаў Андрэй.
     – І тады мне можна будзе з'ездзіць у госці да бабулі ў вёску?
     – Вядома.
     – Ура! – гучна загудзеў сірэнай чырвоненькі аўтамабіль. – Я хутка сустрэнуся са сваімі сябрамі!
     Увесь час, пакуль аўтамабіль Пеця жыў у горадзе, ён не забываў сваіх сяброў: Тузіка, Вожыка, Вавёрку, Зайчыка. Летась у бабулінай вёсцы Пецю вельмі спадабалася! Яму было добра і весела разам з сябрамі. І вось, калі зноў прыйшла самая лепшая пара года - лета, ён пачаў збірацца ў дарогу.
     – Адвязеш бабулі гасцінцы, – папрасіў яго Андрэй. – На жаль, я так заняты на працы, што ніяк не змагу паехаць у вёску разам з табой. Ды і маму тваю я адпусціць не змагу. Яна дапамагае мне тут, у горадзе. Без яе я быццам без рук. З ёй жа я эканомлю свой час, хутка дабіраючыся да працы.
     Пецю заўсёды вельмі хацелася дапамагаць гаспадару, вазіць яго на працу. Але маленькі аўтамабіль разумеў, што ў яго не можа сесці вялікі дарослы чалавек. Крыўдна...
     "Вядома, – разважаў Пеця, – што да працы гаспадара вельмі далёка. Апрача таго, туды не ходзіць гарадскі транспарт, а пешшу трэба ісці цэлы дзень. Вось толькі мне шкада маму, бо ёй вельмі цяжка працаваць шмат дзён без адпачынку". Маленькі аўтамабіль разумеў, што яго мама стамлялася ад паездак, і што ёй таксама патрэбен адпачынак.
     Андрэй быццам адгадаў Пеціны думкі:
     – А мы з тваёй мамай прыедзем у вёску праз месяц, калі мне на працы дадуць водпуск, – сказаў ён.
     "Як добра! У вёсцы я буду цэлымі днямі гуляць з сябрамі!" – цешыўся Пеця і хітра прыжмурваў свае пярэднія фары.
     – Аднак ты будзь разумным. Слухай бабулю і нікуды не з’язджай без яе дазволу, – строга сказаў гаспадар. – Ты мне гэта абяцаеш?
     – Абяцаю, – ціха сказаў Пеця. Толькі яму, вядома ж, хацелася зусім іншага...
     
     Нарэшце, аўтамабіль Пеця пачаў самастойнае жыццё. Ён адправіўся ў вандраванне адзін без мамы і без Андрэя! У яго "бардачку" ляжалі новенькія правы. З імі цяпер ён не баяўся ніякага міліцыянера. Усю дарогу Пеця акуратна выконваў усе правілы дарожнага руху. За ўвесь час паездкі ён ні на каго не наехаў, нічога не збіў, не сапсаваў свой кузаў, ды і колы не сцёр аб асфальт. Усе яго ўнутраныя органы, дэталі, працавалі спраўна. Руль круціўся, матор гудзеў, тармазы тармазілі.
     Да поўдня Пеця дабраўся да канчатковага пункта прызначэння – бабулінай вёскі. І, урэшце рэшт, ён заехаў праз вароты ў двор бабулінай хаты.
     
     Малюнак мастачкі Эльгі Паповай
     
      Працяг казкі
     
      Гэтая казка на рускай мове
11.06.17
Каталог TUT.BY Rambler's Top100