2 ЧАСТКА КНІГІ. Казачная аповесць “Аўтамабіль Пеця і яго сябры” Казка 1 - Першая вандроўка дзіцячага аўтамабіля з матуляй у вёску - - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
2 ЧАСТКА КНІГІ. Казачная аповесць “Аўтамабіль Пеця і яго сябры” Казка 1 - Першая вандроўка дзіцячага аўтамабіля з матуляй у вёску -
2 ЧАСТКА КНІГІ. Казачная аповесць “Аўтамабіль Пеця і яго сябры” Казка 1 - Першая вандроўка дзіцячага аўтамабіля з матуляй у вёску -
     Прадмова.
     У нашым жыцці гэта гісторыя пра "самастойны" беспілотны аўтамабіль падобная на казку. Аднак, такі аўтамабіль ужо створаны, яго выпрабоўваюць і ўдасканальваюць. Вельмі хутка "разумныя" беспілотныя аўтамабілі будуць ездзіць па дарогах Зямлі. Яны стануць рэальнасцю ў жыцці сучаснага падрастаючага пакалення.
     
У адным вялікім горадзе малады мужчына па імені Андрэй вырашыў купіць сабе аўтамабіль. У краме, дзе прадавалася шмат самых розных аўтамабіляў, яму спадабалася легкавая аўтамашына блакітнага колеру. Яе ён і вырашыў купіць. Аднак прадавец сказаў, што гэтая машына адна не прадаецца. Дадаткова з ёй прадаецца дзіцячы аўтамабіль. Паглядзеўшы на невялікі аўтамабіль чырвонага колеру, Андрэй здагадаўся, што гэта сынок блакітнай машыны. "Вядома, іх разлучаць нельга", – падумаў ён і купіў абодва аўтамабілі.      Спадарыня Тараторкіна – так малады гаспадар адразу пачаў зваць сваю блакітную аўтамашыну. Чаму Тараторкіна? Напэўна таму, што як толькі Андрэй яе завёў, яна тут жа пачала паціху трашчаць: "Тор-тор-тор-тор!"
     Маленькага сыночка блакітнай аўтамашыны малады чалавек паклаў у яе багажнік. "Як тут няўтульна", – падумаў малы, апынуўшыся ў багажніку сваёй мамы. Цяпер для яго пачыналася новае жыццё. Перад гэтым яны з мамай доўга стаялі ў аўтамабільным салоне. Іх ніхто не купляў, бо каштавалі аўтамабілі даволі дорага. Нарэшце, усё змянілася. У аўтамабіляў з'явіўся малады гаспадар. Ён забраў іх з крамы і прывёз у свой гарадскі гараж.
     Андрэй адчыніў багажнік спадарыні Тараторкінай, дастаў з яго чырвоненькі аўтамабіль і паставіў на падлогу. Раптам маленькаму аўтамабілю здалося, што хтосьці халодны крануў яго кола. Верагодна, гэта была звычайная мыш, але ад страху дзіцячы аўтамабіль гучна закрычаў!
     Андрэй пачуў гук сірэны і, усміхаючыся, прамовіў:
     – Эх, ты, Пеця-Пеўнік! Не крычы так гучна. Ты што, мышей не бачыў?
     З таго самага моманту малады гаспадар стаў зваць свой чырвоны аўтамабіль не іначай як Пецем.
     
     Кожны дзень раніцай Андрэй з’язджаў на блакітнай аўтамашыне ў сваю працоўную фірму, размешчаную за горадам. А Пеця заставаўся адзін у гаражы да самага вечара. Яму было вельмі сумна і тужліва. Увечары, калі яго мама вярталася ў гараж, яна распавядала пра тое, як прайшоў яе дзень. Блакітная аўтамашына паведамляла сыночку, дзе яна пабывала, ці хутка ехала, перад колькімі святлафорамі спынялася, па якіх вуліцах праязджала і дзе бачыла міліцыянера.
     
     Вось у такіх штодзённых клопатах прайшла восень, зіма, вясна і надышло лета. Пеціна мама ўвесь час працавала, а ён стаяў і стаяў у гаражы без справы. Пра тое, што на вуліцы вельмі цёпла, Пеця таксама дазнаўся ад мамы. Ад яе ён даведаўся яшчэ і пра тое, што іх гаспадар вырашыў узяць адпачынак на працы, каб з'ездзіць у вёску да сваёй старэнькай маці.
     – Мы паедзем туды ўсе разам, – паведаміла блакітная аўтамашына свайму сыночку. – Андрэй зноў пакладзе цябе ў мой багажнік. Ён мне пра гэта казаў.
     Вядома, маленькаму аўтамабілю вельмі хацелася куды-небудзь з'ездзіць. Яму так надакучыла стаяць у гаражы!
     Нарэшце, надышоў дзень, калі яны паехалі адпачываць у вёску. Вялікую частку дарогі малы праспаў у багажніку. А калі прачнуўся, то ўбачыў, што знаходзіцца ў незнаёмым месцы. Яркае сонечнае святло асляпіла Пецю. Ён прыжмурыўся і паціху агледзеўся. У невялікім двары стаяла драўляная хата з дахам і трубой, і раслі высокія дрэвы. Сваю блакітную аўтамашыну Андрэй адразу паставіў у гараж, які быў тут жа, у двары, а Пецю гаспадар дазволіў трохі пагуляць на свежым паветры.
     Дзіцячы аўтамабіль вельмі ўзрадаваўся. Ніколі яшчэ ён не гуляў у вясковым двары. Першага, каго ён заўважыў, быў прыгожы Певень, які накіраваў на Пецю свой ганарлівы погляд. Певень падышоў да чырвонага аўтамабіля і спытаў:
     – Ты хто такі?
     – Я? Пеця.
     – Які Пеця? – здзівіўся Певень. – Пеця – гэта я. Ты што, таксама пеўнік?
     – Не, я не пеўнік. Я – аўтамабіль, – адказаў яму Пеця. – Проста мяне так завуць.
     – Ах! Вы цёзкі, цёзкі! – засакаталі куры, якія пазбіраліся вакол і чулі ўсю гутарку.
     Ад радасці, што яму належыць такая незвычайна цікавая першая ў жыцці вандроўка, маленькі аўтамабіль бліснуў вачамі-фарамі і выехаў з двара на вясковую вуліцу. Але тут на яго накінуліся Гусі. Яны злосна шыпелі, сыкалі. Што іх так клічуць, малы даведаўся ўжо потым. А ў той час Пеця моцна спалохаўся і ад нечаканасці стаў гучна гудзець на ўсю вуліцу. Цяпер ужо Гусі спалохаліся і адышлі ў бок. Потым аднекуль да Пеці падбег даўгавухі сабака з добрымі вачамі. Прыязна памахаўшы хвосцікам, ён прамовіў:
     – Прывітанне! Мяне клічуць Тузікам. Пакатай мяне, калі ласка!
     – Добра, – адказаў Пеця. – Сядай!
     Тузік усеўся на маленькае сядзенне, пакруціў рулём, і яны пакацілі па дарозе. Пакуль сябры ехалі, Тузік шмат чаго растлумачыў Пецю. Сабака расказаў, што ў іх вёсцы заўсёды ціха і спакойна. Вось толькі Гусі могуць пакрычаць. Ды і яны хутка адстануць ад аўтамабіля, таму што ім гэта надакучыць. Яшчэ далей, за вёскай, расце вялікі лес. У ім жывуць птушкі, зайцы, вавёркі, вожыкі і іншыя звяры. Там, у гушчары лесу, схавалася вельмі прыгожае блакітнае возера.
     Пеця ніколі не бачыў ні лесу, ні ляснога возера. Яму так захацелася на іх паглядзець!
     – Давай з'ездзім у лес, – прапанаваў Тузік.
     – Давай! Толькі мяне, напэўна, за гэта будзе адчытваць мама.
     – Не будзе! Мы хутка вернемся назад, – паабяцаў сабака.
     І яны паехалі па дарозе да лесу. А калі заехалі ў лес, то на яркую аўтамашыну адразу накінуліся мільёны матылькоў, стракоз і мурашак. Яны вырашылі, што гэта вельмі вялікая кветка, і абляпілі машыну з усіх бакоў. Цяпер дзіцячы аўтамабіль быў падобны на рознакаляровы пухнаты дыван. Але тут Тузік не вытрымаў і гучна забрахаў, ад чаго ўсе мошкі і матылькі разляцеліся ў розныя бакі!
     Пачуўшы голас Тузіка, насустрач да аўтамабіля з лесу выбеглі звяры – Заяц, Вавёрка і Вожык.
     – Які прыгожы маленькі аўтамабіль! – крычалі яны наперабой. – Пакатай нас, калі ласка!
     – Сядайце, – пагадзіўся Пеця. І толькі калі ўсе ўселіся, ён паехаў далей, да блакітнага возера.
     Возера сустрэла дзіцячы аўтамабіль вельмі спакойна. Вада нават не скалыхнулася. Пеця ўбачыў у ёй сваё адлюстраванне. "Які я непрыгожы", – збянтэжыўся ён. Аднак новыя сябры, Тузік, Вавёрка, Заяц і Вожык, былі ад яго ў захапленні. Ім вельмі спадабалася сядзець на маленькіх мяккіх сядзеннях бліскучага чырвоненькага аўтамабіля!
     Калі пачало змяркацца, Пеця прамовіў:
     – Бадай, мне ўжо трэба вяртацца дахаты. Мама будзе хвалявацца.
     – Добра, – пагадзіліся звяры. – Толькі ты паабяцай, што прыедзеш да нас у госці зноў.
     – Абавязкова прыеду! – паабяцаў маленькі аўтамабіль.
     Развітаўшыся з сябрамі, ён развярнуўся і разам з Тузікам паехаў дахаты. Уважлівы Пеця добра запомніў лясную дарогу і таму па ёй жа паспяхова дабраўся да вёскі.
     
     Усё лета аўтамабіль Пеця правёў у вёсцы. Яго пакінуў там Андрэй, параіўшы ва ўсім слухацца бабулю. Сам жа малады чалавек пасля заканчэння свайго працоўнага адпачынку паехаў у горад на блакітнай аўтамашыне. Яму ўжо трэба было ісці на працу. За лета маленькі дзіцячы аўтамабіль добра адпачыў і адужэў. А калі ўвосень Андрэй прыехаў у вёску, то ён нават не адразу зразумеў, што гэта яго аўтамабіль Пеця.
     – Цябе не пазнаць! Ты быццам пасталеў, – сказаў гаспадар. – Я думаю, што надышоў час навучыць цябе правілам дарожнага руху. Тады ты можаш сам без мамы і нават без мяне ездзіць па вуліцах нашага горада.
     Пачуўшы гэта, Пеця закрычаў ад радасці:
     – Ура! Хутка я буду самастойным!
     А Андрэй весела ўсміхнуўся, пачуўшы звонкі голас Пецінай аўтамабільнай сірэны.
     
     Малюнак мастачкі Эльгі Паповай
     
      Працяг казкі
     
      Гэтая казка на рускай мове
6.06.17
Каталог TUT.BY Rambler's Top100