Горныя пералёты птушыных чарод - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Горныя пералёты птушыных чарод
Горныя пералёты птушыных чарод
     
     Прысвячаю моцным і вельмі адважным птушкам – горным гусям.
     
Высока ў небе над гарамі Цянь-Шаня ўзыходзіла Сонца. Унізе на горным плато згубілася ў ільдах невялікае возера. Вясновае Сонца дакраналася да паверхні ледзяных глыб, сведак доўгай і марознай зімы. Ад дакранання гарачых сонечных прамянёў лёд раставаў на вачах, ператвараючыся ў шпаркія ручайкі, якія сцякалі ў горнае возера. Аднак вада ў ім была яшчэ вельмі халодная. То тут, то там па зіхатлівай паверхні возера плылі кавалачкі лёду.      Мясцовыя чайкі ніколькі не баяліся вясновых халадоў. Яны перажылі галодны час лютай зімы і цяпер з задавальненнем ныралі ў ваду, адшукваючы сабе ежу. Дзве старыя чайкі, карэнныя жыхаркі горнага возера, адпачывалі на пустэльным востраве і вялі гутарку пра сваё жыццё:
     – Вясновае Сонейка прыпякае! Хутка з зімоўкі прыляцяць нашы суседзі, гусі і жураўлі. Будуць распавядаць, як ім жылося ў далёкай цёплай краіне, размешчанай за высокімі гарамі, – старая Чайка махнула сваім крылом у бок поўдня, адкуль заўсёды вярталіся пералётныя птушкі. У тым баку, па чутках, былі размешчаны вяршыні найвысокіх горных хрыбтоў Зямлі, Гімалайскіх гор.
     – Так, так! Гусі і жураўлі шмат чаго ўбачаць у Індыі. І я не сумняваюся, што яны раскажуць нам пра гэта, – пацвердзіла яе сяброўка.
     
     І сапраўды, неўзабаве з паўднёвых краёў вярнуліся пералётныя птушкі. Адна за адной прыляцелі чароды горных гусей і шэрых жураўлёў. Яны знайшлі леташнія гнёзды і абнавілі іх. Птушкі спяшаліся. У іх назапасілася шмат спраў. А галоўнае – да восеньскіх халадоў ім трэба было паспець выгадаваць птушанят. У цёплыя накрытыя пухам гнёзды на востраве горнага возера самкі птушак адклалі яйкі і пачалі чакаць з'яўлення на свет новага патомства. Клапатлівыя гускі і жураўліхі цэлы месяц выседжвалі будучых птушанят, старанна засцерагаючы іх ад непагадзі – халодных вятроў і снегу, які нават вясновай парой выпадаў у гарах.
     У пералётных птушак зусім не было часу на гутаркі. Аднак яны вельмі даражылі сяброўствам з чайкамі, якія круглы год жылі на берагах горнага возера. Мабыць, таму жураўлі і гусі заўсёды адказвалі на незлічоныя пытанні цікаўных птушак. Пералётныя птушкі распавядалі чайкам пра цёплыя краіны, пра тое, якая там расце трава, якія там кусты і дрэвы, якія птушкі гняздуюцца на балотах і ўздоўж берагоў рэк. Але, вядома ж, самым цікавым быў аповед пра пералёт над хрыбтамі найвысокіх гор Зямлі.
     – Мы ляцім высока ў небе, а вакол нас такая прыгажосць! – з захапленнем казаў Гусак, важак гусінай чарады. – Глядзім уніз і бачым вострыя горныя вяршыні, пакрытыя бліскучымі шапкамі леднікоў. Аблокі праплываюць над вяршынямі і нават ніжэй, паміж гор. Мы ж ляцім вышэй чым аблокі, каля самага Сонца! Вы не паверыце – нават самыя высокія Гімалайскія горы зайздросцяць нам!
     – Так, так! – пацвердзіла маладая Гуска, жонка Гусака. – Гэта вельмі прыгожае відовішча! Я радая, што мы можам узлятаць так высока, аж у завоблачнае неба. Хутка ў нас народзяцца дзеці. Яны падрастуць, а ўвосень мы павядзём іх у гэткае далёкае, але вельмі цікавае вандраванне ў Індыю.
     Прайшоў некаторы час. І ў гняздзе маладой Гускі з'явіліся на свет трое маленькіх жоўтаротых птушанят. Бацькі выходжвалі і гадавалі іх з вялікай любоўю. Яны кармілі малых сцёбламі сакавітай травы, якія раслі ўздоўж берага возера, і малюскамі з азёрнай вады. Гусяняты хутка раслі. Да восені трое шэранькіх несамавітых птушанят ператварыліся ў вялікіх прыгожых птушак! Яны адужэлі і навучыліся лётаць. З аповедаў бацькі, важака гусінай чарады, і матулі Гускі яны даведаліся, у якое вялікае вандраванне неўзабаве адправяцца. Маладыя гусяняты з нецярпеннем чакалі дня пачатку пералёту...
     
     Тым часам на востраве горнага возера падраслі і адужэлі птушаняты ўсіх сем'яў горных гусей і шэрых жураўлёў. Важакі дзвух птушыных чарод абмяркоўвалі будучае вандраванне і рыхтавалі сваіх птушак да пералёту. Досвіткам у прызначаны восеньскі дзень птушыныя кліны, гусіны і жураўліны, адправіліся ў дарогу.
     – Га-га-га! – гучна на ўсё неба пракрычалі гусі.
     – Курлы-курлы-курлы! – пратрубілі жураўлі.
     Так пералётныя птушкі, адлятаючы ў далёкае вандраванне па нябесных шляхах, развітваліся з горным возерам. Чайкі звонка пракрычалі ім наўздагон, жадаючы шчаслівай дарогі. А горнае возера сумна калыхала сінімі хвалямі, разумеючы, што не ўбачыцца з роднымі птушкамі да самай вясны.
     
     Некалькі дзён пералётныя птушкі безперапынна ляцелі ў бок поўдня, накіроўваючыся да найвысокіх горных вяршынь. Толькі ўначы яны маглі адпачыць на зямлі. І вось надышоў час пералёту над Гімалаямі.
     – Мы абляцім гэтыя горы ўздоўж цяснін, – прамовіў Журавель, важак чарады шэрых жураўлёў. – У нас няма сіл падняцца ўвысь, каб праляцець над гарамі.
     – А мы паляцім над самымі высокімі вяршынямі! – ганарліва адказаў Гусак, важак чарады горных гусей. – Нашы дзеці адужэлі, і я ўпэўнены, што яны вытрымаюць такі хоць і складаны, але вельмі цікавы пералёт.
     Назаўтра раніцай, як толькі першыя прамяні Сонца кранулі гарызонт, чароды птушак расталіся. Жураўлі паляцелі ў Індыю ў аблёт – па цяснінах паміж хрыбтамі Гімалаяў, а гусі адправіліся напрасткі – над вяршынямі гор.
     Гусіная чарада паднялася высока над Зямлёй, пераляцела аблокі і вылецела на чысты нябесны абшар. Уверсе над птушкамі свяціла яркае Сонца, а ўнізе плылі белыя аблокі, і зіхацелі ледзяныя вяршыні блакітных гор. Маладыя гусяняты з цікаўнасцю разглядалі ўсё вакол сябе. Яны любаваліся выдатным краявідам, разумеючы, што ніхто з птушак не ўзлятаў у неба вышэй чым яны! Нарэшце, вяршыні Гімалайскіх гор засталіся ззаду. Стомленыя, але задаволеныя тым, што ўбачылі столькі цікавага, птушкі спыніліся на адпачынак. А назаўтра птушыная чарада гусей зноў адправілася ў дарогу.
     Неўзабаве маладыя птушкі разам з бацькамі даляцелі да ўрадлівай зямлі Індыі. У гэтых мясцінах пералётным птушкам трэба будзе пражыць некалькі месяцаў, каб дачакацца прыходу вясны на горным возеры. І тады яны зноў адправяцца ў вандраванне, цяпер ужо да сваёй Радзімы. Тут жа, у багністых мясцінах, жураўлі і гусі пабудуюць сабе новыя гнёзды, паспрабуюць яшчэ больш адужэць, пасталець. Маладыя птушкі, вядома ж, даведаюцца шмат добрага і цікавага пра гэты пакуль яшчэ незнаёмы ім куточак Зямлі.
     
      Гэтая казка на рускай мове
26.12.16
Каталог TUT.BY Rambler's Top100