Ліпеньскі світанак на дачы (аповед)
Ліпеньскі світанак на дачы (аповед)
Вы калі-небудзь назіралі як на досвітку на неба ўзыходзіць сонца? – спытаў стары ў сваіх унукаў, якія з пачатку лета жылі з ім на дачы.      – Учора ўначы, калі ўсе яшчэ спалі, я прачнулася і бачыла, што за акном ужо было светла, – сказала Анютка. – Пэўна, гэта быў світанак.
     – Правільна. А хочаце, я распавяду вам, як прыходзіць світанак у цёмны лес? – спытаў дзядуля.
     Яго ўнукі, нагуляўшыся за доўгі сонечны ліпеньскі дзень, напаўсонныя ляжалі ў ложачках. Але адмовіцца ад дзедавай казкі не маглі.
     – Дык вось, – пачаў распавядаць стары. – Улетку дні вельмі доўгія, а ночы зусім кароткія. Вы самі гэта ведаеце, так?
     – Ведаем, нам пра гэта казаў тата, – адказаў Цімошка.
     – Таму, – працягваў свой аповед дзядуля, – у раслін, у лясных звяроў і птушак застаецца зусім мала часу для начнога адпачынку. А спаць усім так хочацца! Пасля гарачага летняга дня маленькія звераняты і птушаняты моцна спяць у сваіх калысачках датуль, пакуль яркія прамяні ўжо ўзышоўшага на неба сонца не абудзяць іх, паказытаўшы па носе ці па шчочках. Вось так маляняты і прасыпаюць світанак.
     – А хто не прасыпае? – спытаў Цімошка. – Яму стала цікава і нават перахацелася спаць.
     – Не прасыпаюць іх бацькі. Ім трэба прыгатаваць сняданак для дзетак. А гэта цяжкая задача. Калі самыя першыя прамяні сонца толькі вызірнуць з-за гарызонту і пачнуць асвятляць лес, мамы і таты малянят тут жа прачынаюцца. Птушкі вітаюць світанак новага дня звонкімі ранішнімі песнямі і пачынаюць шукаць у лесе ежу, каб прыгатаваць сняданак і накарміць маленькіх птушанят. Тое ж робяць лясныя звяры, яны шукаюць ежу для зверанят.
     – А мне раніцай хочацца ўмыцца і папіць вадзіцы, – прамовіў Цімошка.
     – Малайчына, усё робіш правільна, – пахваліў унука дзядуля. – З самай раніцы ва ўсіх перасыхае горлачка і таму хочацца піць, – стары працягнуў распавядаць больш ціхім голасам, заўважыўшы, што Анютка ўжо заснула. – Нават праспяваць ранішнюю песеньку птушачкам цяжка, пакуль яны не вып'юць некалькі глыткоў вады. Але дзе яе ўзяць у лесе, калі далёка рэчка ці возера? Вось птушачкі і п'юць ранічкаю расу.
     – Расу? – здзівіўся хлопчык.
     – Так, яны злятаюць з дрэў уніз да травы і шукаюць там на пялёстках раслін кропелькі вадзіцы. Гэта вада патроху збіраецца ўначы ў маленькія бліскучыя кропелькі. А калі гарачае летняе сонца выйдзе з-за гарызонту на неба і сагрэе зямлю, кропелькі расы знікаюць і ў выглядзе пары ляцяць у неба. Але на досвітку іх яшчэ можна знайсці на сцяблінках травы і нават на лісці дрэў і кустоў.
     Дзядуля казаў, а Цімошка засынаў пад ціхі голас дзядулі. Хлопчык думаў, што заўтра абавязкова прачнецца раней, каб сустрэць світанак і адшукаць на травінках у садзе кропелькі расы…
     Цемра цёплай ліпеньскай ночы атуліла ўсё дачнае мястэчка. Заснулі ўсе, у цішыні былі чутныя толькі слабыя парыпванні галін дрэў і шум праляталага па небе самалёта. Яркія зоркі і месяц-сярпок разлівалі на небу срэбнае святло. Стары выйшаў на ганак, каб яшчэ трохі нацешыцца прыгажосцю ліпеньскай ночы. У горадзе такога не ўбачыш. Удалечыні, за полем, віднелася чорная паласа лесу. Туды за ягадамі ён абавязкова павінен схадзіць. Можа нават заўтра разам з унукамі. "Пасля сняданку возьмем кошыкі і пойдзем. Я распавяду ім яшчэ якую-небудзь казку пра лес", – вырашыў стары і, злёгку шастаючы па падлозе старымі тэпцікамі, паплёўся ў хату, каб легчы ў пасцелю і адпачыць да світання.
     
      Гэты аповед на рускай мове
14.06.26
Каталог TUT.BY Rambler's Top100