Русалка і Анёлы-захавальнікі  (казка-прытча)
Русалка і Анёлы-захавальнікі (казка-прытча)
     
Ля берага блакітнага мора, якое ўпадае ў велізарны сіні акіян, аднойчы пасялілася Русалка. Яна была вельмі маладая і зусім нявопытная. Але марскія насельнікі з радасцю прынялі добрую і ласкавую прыгажуню Русалку ў сваю водную хату. Неўзабаве ў яе з'явіліся верныя сябры: мудры стары Васьміног, вясёлы малады Кальмар і вялікая зграя прыязных рыб. З іх дапамогай Русалка хутка асвоілася ў моры і нават пачала заплываць на вялікую глыбіню. Яе дзівіла разнастайнасць марскіх насельнікаў, такіх непадобных адно на аднаго па форме цела і яго па яго афарбоўцы. Кожны дзень Русалка сустракала якую-небудзь незвычайную па выглядзе рыбінку і знаёмілася з ёй. На самым дне Русалку чакала незвычайная сустрэча з Камбалай. Гэту хітрую рыбу, якая магла змяняць малюнак скуры і падладжвацца пад колер марскога дна, Русалка адразу нават не заўважыла. Але даведаўшыся пра дзіўныя здольнасці Камбалы, яна пахваліла яе за такое ўменне хавацца ў небяспечны для жыцця момант, калі нападае нечаканы вораг.      Пасяліўшыся недалёка ад пяшчанага берага мора, Русалка часта падплывала бліжэй, каб палюбавацца на яго прыгажосць. Яе захапляла зямная расліннасць: вечназялёныя пальмы, кіпарысы, лістоўніцы, хвоі, самшыт і мноства квітнеючых хмызнякоў. "Якая прыгажосць! – думала Русалка. – Якія шчаслівыя людзі павінны жыць на гэтым ізумрудным беразе мора!"
     Ёй вельмі хацелася хаця б на дзянёк апынуцца там, пахадзіць па блаславёнай зямлі і нацешыцца яе прыгажосцямі. Але Русалака разумела, што ніколі не зможа гэта зрабіць, таму спакойна працягвала жыць там, куды пасяліў яе лёс. Да таго ж, яна ўжо палюбіла прыязнае блакітнае мора і лічыла яго сваёй радзімай.
     Часам, выглядваючы з вады і разглядаючы пяшчаны бераг, Русалка чула звонкія галасы пералётных птушак. Яна пазнаёмілася з марскімі чайкамі, якія не ленаваліся распавядаць ёй усе навіны пра жыццё на беразе. Так Русалка даведалася пра тое, што на прыбярэжных скалах і пяшчаных уцёсах шмат птушыных гнёздаў, дзе самі чайкі, ластаўкі і іншыя пералётныя птушкі гадуюць сваіх птушанят. "Як там добра, ціха і ўтульна, – разважала Русалка, – а вакол шмат зялёнай расліннасці, паветра чыстае і празрыстае. Ніхто не замінае птушкам жыць".
     Аднойчы, узіраючыся ва ўзбярэжжа, Русалка заўважыла, што ўдалечыні, побач з горадам, па зямлі "плывуць" караваны вялікіх машын. Яны спяшаліся кудысьці, рассякаючы паветра жалезнымі целамі і паднімаючы ўгару клубы пылу і пяску. Русалка нават учула незразумелыя шумы і гул матораў, якія даносіліся здалёку. Вярнуўшыся ў глыбіні марской вады, яна распавяла аб усім сваім сябрам, але ніхто так і не зразумеў, што адбываецца на беразе мора.
     А потым у адзін вельмі нешчаслівы дзень здарылася бяда. Па берагу мора пачалі расцякацца велізарныя пунсовыя языкі полымя. Моцны пажар і дым захіліў неба ўздоўж усяго ўзбярэжжа, а грукат і шум сталі неверагодна моцнымі.
     – Гэта вайна! – паведамілі спалоханыя чайкі. – Трэба пакінуць гэта страшнае месца. Мы, птушкі, спяшаемся паляцець адгэтуль і панесці з сабой сваіх птушанят. Інакш тут нам гібелі не абмінуць.
     Даведаўшыся пра такое гора, Русалка моцна спалохалася. Схаваўшыся пад вадой, яна не ведала, што ёй рабіць далей. Тут жа сплысці, пакінуць гэты ізумрудны бераг мора, які стаў для яе родным, Русалка не вырашалася. Некалькі разоў, набраўшыся адвагі,яна выплывала наверх, каб прасачыць за тымі гаротнымі падзеямі, якія адбываліся на сушы. "Як жа спыніць гэту вайну?" – думала Русалка. Але ні яна і ніхто з марскіх насельнікаў не быў у сілах гэта зрабіць.
     А неба ўздоўж берага працягвала палаць, горкі з'едлівы дым пажару далятаў да мора. Ён садзіўся на яго хвалі і нават афарбоўваў іх у страшныя фарбы вайны. Бачачы ўсё, што адбывалася, Русалка не магла стрымліваць слёзы. Яны цяклі раўчукамі па яе ўсхваляваным тварыку, сэрцайка Русалкі моцна білася. Яна перажывала за тое, што згіне вечназялёная расліннасць гэтага казачнага краю, а яшчэ за птушак, якія пакінулі яго, за тых, хто там, на беразе, ваяваў. Бедная Русалка не магла зразумець, навошта людзям гэтая трагедыя…
     Прайшло шмат гаротных дзён. Не толькі Русалка, але і ўсе яе сябры перажывалі вялікае гора, якое звалілася на іх. Яны маліліся і прасілі чароўнае неба аб дапамозе, каб, як мага хутчэй, скончылася гэта жудасная вайна. І неба пачула іх. Яно паслала да палаючага берага мора велізарныя чорныя хмары з дажджавой вадой. Удар нябеснай навальніцы быў такім моцным, што змог заліць ачышчальнай ад зла святой вадой усе пажары на сушы.
     Паступова смяротны дым пажарышчаў рассеяўся. А калі спалоханая Русалка зноў вызірнула з вады, то ўбачыла цудоўную карціну. На небе, якое ачысцілася ад зла, ззяла вясёлка. Яна разлівала сваё чароўнае святло міру і шчаслівага вызвалення ад злых крыважэрных сіл уздоўж усяго ўзбярэжжа. А яшчэ вышэй, над нябеснай вясёлкай, парылі белакрылыя Анёлы. Яны ўсміхаліся, гледзячы на Русалку і марскіх насельнікаў.
     – Дзякуй Вам, добрыя Анёлы! – крыкнула Русалка і яе падтрымалі сябры. – Вы выратавалі бераг мора і нас, падарылі нам мірнае жыццё.
     – Мы заўсёды побач з вамі, ахоўваем вас, ратуем ад бяды, – праспявалі ў адказ Анёлы. – няхай у вашым мірным жыцці будзе шмат святла, кахання і радасці!
     
      Гэта казка на рускай мове
7.05.26
Каталог TUT.BY Rambler's Top100