Марскія зорачкі
Марскія зорачкі
У велізарным сусветным акіяне (гэта ўсе пяць акіянаў: Ціхі, Атлантычны, Індыйскі, Паўночны Ледавіты, Паўднёвы) жывуць розныя, часам вельмі незвычайныя марскія жывёлы. На вялікай глыбіні акіяна цёмна, нібы бязмесячнай ноччу, таму некаторыя рыбы навучыліся свяціцца ў цемры, нібы маленькія ліхтарыкі. Якіх толькі марскіх жывёл не сустрэнеш у сусветным акіяне! Гэта велізарны падводны свет.      Навукоўцы вывучаюць паводзіны жыхароў акіяна, і калі-нікалі ў яго водах здараюцца вельмі цікавыя, проста казачныя гісторыі.
     Аднойчы нарадзіліся ў сусветным акіяне дзве чароўныя зорачкі. Такія зорачкі вельмі добра вядомыя людзям, адпачывальнікам ля берагоў акіяна. Марскія зорачкі часта выплываюць з глыбіні акіяна бліжэй да берага, каб пагрэцца на сонейку ў цёплай вадзіцы. Іх цельцы вельмі маленькія і далікатныя. Людзям не дазваляюць чапаць марскія зоркі, таму што яны могуць балюча ўкалоць сваімі іголкамі.
     Але дзве чароўныя зорачкі былі зусім не такія. Яны нікога не чапалі, нікому не заміналі купацца. Яны жылі толькі сваімі марамі пра вандраванні і бесперапынку глядзелі ў неба.
     – Вось калі б нам з табой, сяброўка, паляцець туды і зіхацець, як тыя далёкія нябесныя зоркі. На іх любуецца ўвесь белы свет, а нас ніхто не заўважае, хоць і завуць зоркамі, – разважыла першая Зорачка.
     – Гэта так, – пагадзілася другая Зорачка.
     Кожную ноч чароўныя зорачкі ўзіраліся ў неба і шукалі там нябесныя зорачкі, падобныя на іх саміх. Але ўсё дарма.
     – Відаць, не паляцець нам у неба ніколі, – журыліся сяброўкі. – Усе тыя далёкія зоркі жывуць у небе, а мы – у акіяне.
     І тады вырашылі яны распытаць Месяц пра тое, ці ёсць на яго паверхні моры і акіяны.
     – Ёсць, вядома ж, ёсць, – адказаў Месяц. – Я нават магу запрасіць вас да мяне ў госці, вы самі пераканаецеся ў гэтым.
     – Як жа нам даляцець да цябе, Месяц? – спыталі марскія зорачкі.
     – Вельмі проста, – адказаў Месяц. – Я спушчу да вас сваю серабрыстую светлавую дарожку, і вы па ёй спакойна даберацеся да мяне.
     Вось так дзве сяброўкі, чароўныя марскія зорачкі, і "даляцелі" да Месяца, каб папаплаваць у Месяцовым акіяне. Але, усё-такі, у гасцях добра, а дома лепш.
     Пагасцяваўшы некалькі дзён у Месяца, чароўныя зорачкі вярнуліся дахаты, у родны сусветны акіян. З тых часоў яны спакойна жывуць у яго вадзе ля самага берага і нават не падумваюць паляцець на неба. Чаму? Мабыць, Месяцовы акіян зусім не такі ўтульны, як ім хацелася.
     – Там вельмі холадна, – тлумачаць зорачкі. – Хай лепш далёкія зоркі прылятаюць да нас у госці, мы пазнаёмім іх з нашым велізарным цёплым акіянам і яго насельнікамі.
     
      Гэта казка на рускай мове
7.04.26
Каталог TUT.BY Rambler's Top100