Добрае чараўніцтва Сонечнага матылька
Але ў канцы зімы здарылася бяда. Бабуля захварэла. – У мяне разбалеўся жывот, – сказала яна ўнучцы. – Але ты не хвалюйся. Я хутка папраўлюся, буду піць адвары зёлак.
На шчасце, у бабулі яшчэ засталіся гаючыя траўкі, якія яна насушыла ўлетку.
Нарэшце, за акном пацяплела, сышоў мароз, і пачаў раставаць снег. З вясковых дахаў сталі спаўзаць пласты мокрага цяжкага снегу, усюды віселі доўгія ледзякі, а па зямлі пацяклі ручайкі з талай вады. Арынцы падабалася глядзець на зіхатлівыя ледзякі. А бабуля, баючыся, каб унучка не паранілася, збівала іх, ніколькі не шкадуючы.
Здавалася, хутка заквітнеюць і зазелянеюць лес і поле, з'явяцца першацветы. Але дзе там. З поўначы падзьмуў халодны віскуцень, і ўсё ізноў заледзянела.
– Вось і мне зноў стала горш, – пажалілася бабуля.
Як жа было Арынцы не хвалявацца! І яна тут жа ўзялася дапамагаць бабулі па гаспадарцы. Прыйшлося дзяўчынцы і ежу нейкую варыць, і ў краму бегаць за прадуктамі. Цяжка было ўнучцы, хаця, бабуля трымалася і імкнулася не маркоціцца.
На шчасце, Арынцы на дапамогу прыйшоў яе сябар, Сонечны матылёк. Так, так! Менавіта ён дапамог Арынцы, папрасіў Сонейка хутчэй адагрэць зямлю і абудзіць не толькі першацветы, але і рудыя дзьмухаўцы, гэтыя маленькія вясновыя сонейкі.
Колькі ж іх распусцілася ў двары і за брамкай каля лесу! А яны ж гаючыя! Бабуля ведала іх лячэбныя ўласцівасці. Арынка тут жа пайшла збіраць дзьмухаўцы дзеля таго, каб бабуля магла прыгатаваць з іх сабе настойку ці адвар.
– Лекі з дзьмухаўцоў вылечаць мяне, – цешылася бабуля, гледзячы на ўнучку.
Усё так і выйшла. Першыя вясновыя дзьмухаўцы вылечылі бабулю.
– Дзякуй твайму сябру, Сонечнаму матыльку, – сказала бабулька. – Ты і ён выратавалі мяне. А можа твой сябар – наш Анёл-выратавальнік?
– Так бабуля! Ён – наш Анёл-выратавальнік, ён ратуе мяне і цябе ад бяды, ён дапамагае нам! – усклікнула Арынка ад радасці, што зразумела, хто насамрэч яе Сонечны матылёк, і з пяшчотай абняла сваю дарагую бабулю…
Вось такая гісторыя здарылася ў жыцці Арынкі. Прайшло шмат гадоў. Арынка падрасла. Яна вучыцца ў школе і жыве са сваёй старэнькай бабуляй у любові, згодзе і ва ўзаемадапамозе. А мы з вамі, мае дарагія чытачы, пажадаем ім здароўя, радасці і шчасця. І няхай чароўны Сонечны матылёк, які, як Анёл-выратавальнік і сапраўдны сябар, у цяжкі час аказаў ім дапамогу, заўсёды будзе побач з імі, таму што ён – сама дабрыня, любоў і шчасце іх жыцця.
Гэта казка на рускай мове
20.01.26
