Новы год і Каляды
Новы год і Каляды
     
Новы год яны з бабуляй сустрэлі вельмі добра – прыбралі чароўную Ёлачку, купілі шакаладных цукерак і мандарын, павесілі на яе галінкі. А пад Ёлачкай бабуля паставіла свайго старога глінянага Дзеда Мароза і ляльку Снягурку. Саша прынёс гірлянды і ўпрыгожыў імі Ёлачку. Яна адразу ажыла і заззяла, як навагодняя прынцэса. Уначы пад Ёлачкай Арынка знайшла падарунак – новую прыгожую ляльку. Вось толькі калі яе прынёс сапраўдны Дзядуля Мароз, яна так і не даведалася. Сама Арынка не забылася павіншаваць з Новым годам Пушка і Мурку. Мурцы дзяўчынка сшыла банцік, а Пушку заслала ў будку новы цёплы кілімок. Ды і птушкі былі радыя Арынкіным пачастункам, якія яна не забывала насыпаць у кармушку.      На Каляды бабуля напякла бліноў і згатавала смачны кекс з разынкамі. А яшчэ да Нараджэння Хрыстова бабуля падарыла Арынцы скрынку шакаладных цукерак. Дзяўчынка тут жа падзялілася цукеркамі з Сашам, бо ён ёй, як брат, а з братамі заўсёды трэба пароўну дзяліцца пачастункамі. Па вёсцы ва ўсе святочныя дні хадзілі калядоўшчыкі. Яны і да Арынкі з бабуляй зайшлі ў госці. Бабуля пачаставала іх смачнымі блінцамі. Усе смяяліся, весяліліся, віншавалі адно аднаго са святамі, жадалі здароўя і дабрабыту.
     Арынцы спадабаліся навагоднія святы. Да таго ж, яны з Сашам накаталіся з горкі на санках і цюбінгу. Усе вясковыя дзеці збіраліся там, бо ў школьнікаў у гэтыя навагоднія дзянькі былі канікулы.
     Але самую вялікую радасць, як лічыла Арынка, ім з бабуляй дарыла Сонейка. Яно размалёўвала белы снег у перламутравыя колеры, а на вокнах зіхацелі мудрагелістыя ўзоры, якія малявалі люты мароз і завіруха.
     – Якая прыгожая сёлета зіма! – неяк у ясны сонечны марозны дзень сказала бабулі Арынка. – У нас у двары так чароўна!
     – Так намалюй гэту зіму, ты ж умееш, – параіла бабуля.
     – Зараз намалюю, – пагадзілася дзяўчынка.
     Увечары яна паказала бабулі свой малюнак.
     – Як добра ты намалявала! Навагодняя Ёлачка, сінічка каля кармушкі, перламутравыя сняжынкі, а гэта што? – спытала бабуля, гледзячы на яркую залацістую плямку, падобную на птушачку ці матылька.
     – Гэта мой Сонечны матылёк! – радасна ўсміхаючыся, адказала Арынка. – Ён прылятае да мяне ў госці разам з Сонейкам.
     Сапраўды, так і было. У адзін з зімовых вечароў, калі сонца ўжо хілілася да гарызонту, а на небе ззяў яго памяранцавы захад, на акно Арынкі сеў Сонечны матылёк. Ён зіхацеў, пераліваўся і махаў яркімі залатымі крылцамі.
     – Прывітанне! – узрадавалася Арынка.
     А прамяністы госць працягваў зіхацець датуль, пакуль не сцямнела.
     – Учора ўвечары да мяне прылятаў Сонечны матылёк, – раніцой пра гэты цуд Арынка распавядала бабулі.
     Тая ж усміхалася і гладзіла ўнучку па светлай кучаравай галоўцы:
     – Ты ў мяне сама, як Сонечны матылёк, – казала бабуля. – Нам яшчэ далёка да вясны, але мы з табой усё вытрымаем, і снег, і мароз, мы дужыя.
     Арынка ж радавалася, што ў іх усё добра, бабуля здаровая, не хварэе.
     
      Гэта казка на рускай мове
     
     працяг
20.01.26
Каталог TUT.BY Rambler's Top100