Арынкіны сябры заўсёды побач
Па просьбе бабулі да іх часам заходзіў суседскі хлопчык. Ён быў старэйшы за Арынкі на цэлых пяць гадоў і вучыўся ў пятым класе. Гэты хлопчык, а яго звалі Сашам, прыносіў свае кніжкі і рыхтаваў Арынку да школы, таму што бабуля папрасіла яго аб гэтым. – На будучы год ты будзеш разам са мной ездзіць у школу, – неяк сказаў ён Арынцы.
Справа ў тым, што ў іх вёсцы сваёй школы не было, усіх вясковых дзяцей у школу вазіў школьны аўтобус.
Дзяўчынцы было цікава з гэтым хлопчыкам, яна лічыла яго сваім старэйшым братам. У Сашы быў ровар, часам ён катаў яе на ім. А яшчэ ў яго быў сотавы тэлефон, з экрана якога можна было паглядзець цікавыя відэа пра птушак ці звяроў.
Арынка даўно заўважыла, што на даху адной з вясковых хат у вялікім гняздзе ўлетку жывуць буслы. Яны прылятаюць увесну, улетку гадуюць сыночка-бусляняці, а ўвосень усе разам ляцяць зімаваць на поўдзень. Дзяўчынка любіла назіраць за птушкамі. Гэтаму яе навучыла бабуля. Ад яе яна даведалася, што ўсю зіму ў вёсцы жывуць галкі і вароны, галубы і сарокі, вераб'і і сінічкі. А вось вясковыя ластаўкі, беражанкі, чорныя свіргулі, шпакі і гракі, дразды і сітаўкі, салаўі, азёрныя качкі і лебедзі, чаплі і жураўлі, а таксама іншыя пералётныя птушкі ўвосень ляцяць зімаваць на поўдзень. Чаму яны гэта робяць? Дык таму, што ўзімку ім не хапае корму, да таго ж, вельмі маленькія птушачкі ў вялікі мароз могуць змерзнуць і памерці.
"Калі б у мяне было ваўчанё ці рысяня, я б яго прыручыў", – аднойчы сказаў Саша. А Арынка падумала, што ёй зусім не трэба нікога прыручаць. У яе ж ёсць котка Мурка і сабака Пушок. Яны такія прыручаныя, што нікуды не ўцякаюць са свайго двара. Дзяўчынка любіла Мурку і Пушка, увесь час клапацілася аб іх, карміла, гуляла з імі і ніколі не крыўдзіла.
Да таго ж, яна ўжо навучылася нядрэнна чытаць, сама магла прачытаць кароткую казку з матулінай кнігі. А яшчэ дзяўчынка любіла маляваць.
Часам у волкае восеньскае надвор'е Арынцы не хацелася ісці на вуліцу, і яна сядзела ля акна з Муркай на руках. Котка сагравала яе. А за акном ліў дождж, вецер зрываў з дрэў мокрае лісце, выносіў кудысьці ці прыляпляў да падаконніка акна. Такія далікатна-зялёныя ўвесну, цяпер яны былі збляклыя брудныя і зусім не цікавыя. Дзяўчынка хмурылася. Гэтыя шэрыя дажджлівыя дні без сонца і цяпла прымушалі яе забыцца аб тым, што ў яе ёсць Сонечны сябар.
Часам неба ледзь-ледзь распагоджвалася, і Арынка, шпацыруючы ў двары, бачыла, як па небе ляцяць доўгія чароды птушак: гусей, качак, жураўлёў. Птушкі крычалі, гагаталі, курлыкалі, развітваючыся з роднымі месцамі да новай вясны.
Гэта казка на рускай мове
працяг
20.01.26
