Арынка жыве ў бабулі
Арынка жыве ў бабулі
     
Арынка жыла ў бабулі. Яна яшчэ не хадзіла ў школу, нядаўна ёй споўнілася толькі пяць гадоў. Дзяўчынка не хадзіла і ў дзіцячы садок, таму што садок быў далёка ад іхняй хаты. Да таго ж, сама Арынка не жадала ісці ў садок.      – Бабуля! Мне добра дома з табой. А там мяне могуць крыўдзіць злыя дзеці.
     – Дзе ты бачыла злых дзяцей? – пытала бабуля.
     – Не ведаю, але я іх бачыла па тэлевізары, – адказвала Арынка.
     Бабуля не прымушала ўнучку рабіць тое, што ёй не хочацца. Вёска, у якой яны жылі, стаяла на краю дрымучага лесу, але ўсе яе жыхары былі спакойныя і ветлівыя. Ніхто не баяўся дзікіх звяроў, таму што ў іх лесе такія звяры не вадзіліся.
     Да бабулі часта заходзілі ў госці яе старэнькія сяброўкі-суседкі.
     "Дрэнна, што па ўзросце для тваёй унучкі ў нас у вёсцы нікога няма. Шкада яе, сумна ёй тут", – казалі яны.
     – Нічога і не сумна, – адказвала дзяўчынка. – Самы лепшы мой сябар – бабуля.
     – Праз год яна будзе ездзіць у школу, там і пасябруе з кім-небудзь, – уступала ў гутарку бабуля.
     Прычынай таму, што Арынка засталася на ўсім белым свеце толькі са сваёй бабуляй, было гора, якое звалілася на іх два гады назад. Тады ў аўтамабільнай катастрофе загінулі бацькі дзяўчынкі. Арынка амаль зусім не памятала іх, і цяпер галоўнай у яе жыцці была родная бабуля.
     Партрэт таты і мамы вісеў над яе ложкам, і яна часта глядзела на яго. Дзяўчынцы падабаліся блакітныя вочы мамы. Яны былі вельмі добрыя і прыгожыя. А ў яе, у Арынкі, валасы – як у таты, светлыя і хвалістыя.
     – Ты падобная на свайго тату, – казала бабуля.
     Арынка падыходзіла да люстэрка, гладзіла сябе па валасах, а яны ўпартыя разляталіся па баках. Па вечарах, надзеўшы акуляры, бабуля чытала ёй казку з тоўстай кніжкі. Гэту кніжку Арынцы калісьці даўно купіла мама. У кніжцы былі каляровыя малюначкі, якія часта разглядала дзяўчынка. Яна акуратна гартала старонкі, баючыся парваць, бо гэта кніжка – добры ўспамін пра маму.
     Часам бабуля жалілася на болі ў сэрцы ці ў жываце, і тады Арынка ўкладвала яе на канапу і прыносіла лекі.
     – Што мне зрабіць, я хачу дапамагчы табе? – пытала яна.
     – Нічога не трэба, – адказвала бабуля, – я зараз устану, мне ўжо лягчэй.
     Арынка не была гультайкай. Яна імкнулася дапамагаць бабулі. У яе абавязкі ўваходзіла засціланне свайго ложка па раніцах, навядзенне парадку ў пакоі, паліванне хатніх кветак, праціранне пылу. Яшчэ Арынка карміла хатнюю котку Мурку, а сабаку Пушку, які жыў у двары, часта прыносіла да будкі ежу. У падзяку Пушок віляў хвастом і даваў сябе пагладзіць. Мурка таксама была вельмі ласкавай. Яна любіла бегаць за Арынкай па пакоі, высока падняўшы хвост, і церціся аб яе ногі. А калі дзяўчынка брала яе на рукі, котка лізала ёй твар.
     Бабуля часта на кухні варыла ежу.
     – Глядзі, як я пяку блін, – паказвала яна.
     – Дай мне, я таксама спяку, – прасіла ўнучка і вельмі ганарылася, калі яе блін атрымліваўся такі ж прыгожы і смачны, як у бабулі. Разам яны ляпілі пяльмені, варылі клёцкі.
     – Ты – мая памочніца, – казала бабулька, а Арынка ўсміхалася ў адказ.
     
      Гэта казка на рускай мове
     
     працяг
20.01.26
Каталог TUT.BY Rambler's Top100